Ёсць толькі mix між мінулым і будучым?

№ 9 (929) 27.02.2010 - 05.03.2010 г

Беларуская тэатральная грамадскасць адзначала дзень нараджэння класіка сусветнай драматургіі Антона Чэхава… даволі сціпла.

Адрэагаваў на гэтую дату толькі Цэнтр беларускай драматургіі і рэжысуры, сумесна з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў паабяцаўшы загадкавы “тэатральны mix”, які спалучыць у сабе ўсё, што здольная спарадзіць асацыятыўная фантазія маладых, абуджаная спалучэннем графічных знакаў, складзеных у “Чеhow ХХІ”.

 
 
/i/content/pi/cult/252/3709/11.gif
Складанні-камбінаванні мусілі стаць галоўным лейтматывам вечарыны: студэнты спрабавалі заінтрыгаваць глядзельную залу “пластычнымі кампазіцыямі”, выкладваючы на розныя матывы прозвішча класіка з… крэслаў і ўласных целаў. А ў самім Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, дзе і ладзілася імпрэза, камбінаваліся сцэнаграфічныя макеты студэнтаў Акадэміі да чэхаўскіх твораў, драматургічныя вопыты, інспіраваныя п’есамі класіка, кінематаграфічныя, драматычныя, лялечныя і музычныя “эксперыменты над аўтарам”. Галоўная ідэя, што чырвонай ніткай праходзіла праз усю рэкламную прадукцыю (якая, варта адзначыць, была выканана на высокім узроўні), — свежы і новы погляд маладых людзей на творчую спадчыну класіка. Ну што ж можа быць больш зманлівым для сапраўднага тэатрала, чым зазыўнае абяцанне “новых форм”?..

Можна было б шмат славасловіць на тэму таго, што новае — гэта добра забытае і своечасова ўзгаданае старое, ды толькі дадзеная імпрэза правакавала зусім на іншыя разважанні. Адно з якіх — пацверджаная гісторыяй і ўласнымі назіраннямі перакананасць у тым, што ў тэатры эксперымент магчымы толькі там, дзе ёсць трывалае і дакладнае ўяўленне пра тое, чым жа з’яўляецца традыцыя. Ды толькі чую ўжо, як мяне папікаюць у старамоднасці  і непрагрэсіўнасці: сярод сучаснай тэатральнай моладзі надта ўжо модна быць эксперыментатарам і авангардыстам, які рэцэпты на ўсе выпадкі жыцця бачыць у гэтых самых “новых формах”, культывуючы тэорыю так званага “новага бачання”. Нездарма ж маё вока літаральна “зачапілася” за вынесеную на праграмцы ў эпіграф фразу: “Не Шэкспір галоўнае, а заўвагі да яго”. Вось ён, аказваецца, ключ да разумення сучаснага тэатра: галоўныя ў ім — мы! А як жа “Любіце тэатр у сабе, а не сябе ў тэатры”?

Далей мусіць быць прызнанне: майго цярпення так і не хапіла, каб дачакацца канца гэтай імпрэзы, што расцягнулася больш як на чатыры гадзіны. І справа — не ў прэтэнцыёзным стаўленні да творчасці маладых і іхняга права на эксперымент над класікам. Галоўнае пытанне, на якое я так і не знайшла для сябе адказу, — што ўсё ж убачылі ў творах Чэхава тыя  акцёры і рэжысёры, што сугучнага з уласнымі душэўнымі і жыццёвымі перажываннямі адчулі? Ці гэта для іх было ўсяго толькі адно з “практыкаванняў” — па перакройванні класіка “на ўласнае плячо”?  

Т.К.

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Падзяліцца