Конкурс у маштабе краіны

№ 9 (929) 27.02.2010 - 05.03.2010 г

На небасхіле конкурсу маладых талентаў “Зорка ўзышла над Беларуссю” становіцца па-сапраўднаму горача!

 27 лютага і 3 сакавіка канкурсантаў і рэспубліканскае журы спаборніцтва прымаюць Дзяржынск і Віцебск. І пакуль усхваляваныя таленты з Міншчыны і Віцебшчыны праходзяць, хто ведае, можа, галоўныя ў сваім творчым жыцці выпрабаванні, прэс-цэнтр конкурсу прапануе чытачам “К” паглыбіцца ў найцікавейшую атмасферу адборачных тураў у сталіцы і Магілёве.

 

Спаборніцтва або шоу?

 

Гэтае немудрагелістае, але, як высветлілася, прынцыповае пытанне даводзіцца вырашаць усім арганізатарам абласных тураў “Зоркі…”. Вядома, што паняцце конкурсу само па сабе азначае наяўнасць спаборніцтва, суддзяў і гледачоў, а таксама пераможцаў і, як прыкра гэта для кагосьці ні прагучыць, пераможаных. Творчыя конкурсы — не выключэнне, але, у адрозненне ад спартыўных гульняў, даюць куды больш магчымасцей для эксперыментаў з формай. Што да рэгіянальных тураў рэспубліканскага конкурсу маладых талентаў, то ў кожнага з іх арганізатараў — свой падыход, свае ідэя і бачанне.

— Конкурс “Зорка ўзышла над Беларуссю” стаў для нас добрай нагодай праверыць свае сілы як арганізатараў, — адзначыў нашым карэспандэнтам начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Уладзімір Карачэўскі. — У нейкім сэнсе для нас, работнікаў сферы культуры, такое мерапрыемства не менш карыснае, чым для саміх маладых творцаў. Ужо сёння добра відаць, якому напрамку трэба будзе надаць большую ўвагу. Але першае, што будзе зроблена, — усе, хто годна паказаў сябе яшчэ на ўзроўні адборачных этапаў, будуць занесены ў банк даных таленавітай моладзі. На жаль, тэрміны правядзення першага адборачнага этапа былі вельмі сціслыя, таму сказаць, што ў Мінску знойдзены абсалютна ўсе маладыя таленты, нельга. Трэба адзначыць, што ў сталіцы куды больш магчымасцей для самавыяўлення моладзі. Каб такі конкурс наступным разам быў больш эфектыўным, інфармацыйную кампанію трэба распачынаць за некалькі месяцаў, і лепш не планаваць яго адборачны этап на час калядных святаў.

Мінскі этап быў разбіты на тры дні  — з 19 па 21 лютага — і праходзіў у працоўнай атмасферы. Тое зразумела: галоўныя падзеі чакаюць сталіцу толькі ў красавіку, калі адбудзецца заключны этап конкурсу. Пакуль жа ўдзельнікі (а іх, салістаў і калектываў, было ў сталіцы 166) дэманстравалі свае лепшыя бакі, разбіўшыся па намінацыях, і выступленні на сцэне, прынамсі, нагадвалі не звычайныя канцэрты, а спецыяльныя прагляды. Журы па намінацыях працавала асобна, змяняючы адно аднаго за столікамі ў глядзельнай зале сталічнага Палаца культуры чыгуначнікаў. І ўпершыню мелі права (і магчымасць) перапыняць выступленні, калі з узроўнем выканаўцы было, на іх думку, “усё зразумела”. Трэба адзначыць, што карысталіся суддзі, строгія і прынцыповыя прафесіяналы, гэтым правам у Мінску не часта і, хутчэй, у тых выпадках, калі нумар яўна выходзіў за рамкі абмежавання па часе. Але права перапыняць выступоўцаў, падкрэсліваюць самі суддзі, дастаткова важнае, і журы павінна мець такую магчымасць.  

Дарэчы, калі выступленні праходзяць у форме гала-шоу, у журы проста няма магчымасці спыніць выступоўцаў. Затое форма вялікага святочнага канцэрта, кшталту таго, які адбыўся 24 лютага ў Магілёўскім Палацы культуры “Хімвалакно”, мае свае відавочныя перавагі. Дарэчы, атмасферай свята быў прасякнуты ўвесь абласны тур, што было адчувальна для членаў журы і прадстаўнікоў арганізатараў яшчэ на ўездзе ў Магілёў: заслужаны артыст краіны, член журы ў намінацыі “Размоўны жанр” Уладзімір Радзівілаў прыняў традыцыйныя хлеб-соль проста ў аўтобусе!

 

Экран нам танчыць, спяваць дапамагае!

 

Вялікі гала-канцэрт магілёўскіх эстрадных талентаў доўжыўся ажно пяць гадзін, але, трэба адзначыць, зрэжысіраваны быў так умела, што гэтыя гадзіны прабеглі, як пяць хвілін. Арганізатары з абласнога ўпраўлення культуры аб’ядналі ўсе сцэнічныя намінацыі. Аднак журы і гледачам, што запоўнілі вялікую залу, не выпадала сумаваць: пастаўленае прафесійнымі рэжысёрамі, шоу магілёўскіх талентаў выглядала не горш за гала-канцэрты вялікіх эстрадных фестываляў! Арганізатары правялі дадатковую “селекцыю”: на сцэну былі дапушчаны лепшыя з лепшых. І калі ўдзельнікаў у намінацыі “Эстрадныя спевы” было 16, то “народнікаў” — 9, танцораў — 6, прыхільнікаў аўтарскай песні і размоўнага жанру толькі па 4. Тым самым перавага аддадзена якасці, а не колькасці.

Магілёўскія ўдзельнікі мелі магчымасць выканаць па некалькі нумароў, прадэманстраваўшы ўсе бакі свайго таленту. Канцэрт быў пабудаваны такім чынам, што спевакі і танцоры маглі пераапрануцца і з’явіцца перад залай у новым, адпаведным песні, вобразе. Рэпертуар канцэрта ў Магілёве аказаўся вельмі рознабаковым: ад добра вядомых беларускаму слухачу твораў з рэпертуару “Песняроў” да песень, якія мы прызвычаіліся чуць у выкананні замежных артыстаў, толькі на рускай або беларускай мовах.  

— Магілёўскі канцэрт прайшоў на вельмі высокім узроўні, — падзяліўся думкамі пасля шоу член журы ў намінацыі “Эстрадныя спевы”, народны артыст Беларусі, кампазітар Эдуард Зарыцкі. — Гук, святло, праца пастаноўшчыкаў выдавалі сур’ёзны падыход да яго арганізацыі. Прыемна ўразіла нечаканае “ноў-хаў” — вялізны экран на сцэне, на які ў рэжыме рэальнага часу ішла праекцыя выступленняў. З яго дапамогай журы магло ўбачыць патрэбныя нюансы, выраз твару, ацаніць акцёрскае майстэрства спевакоў.

Найноўшую тэхніку выкарыстоўвалі і ў Мінску, прычым пад час выступленняў артыстаў размоўнага жанру. Адна з удзельніц чытала свой аўтарскі маналог пад суправаджэнне “жывых” цымбалаў і відэашэрагу. Сярод прыемных сюрпрызаў, якімі здзівілі арганізатары канцэрта ў Магілёве, былі яркія інфармацыйныя застаўкі з імёнамі ўдзельнікаў, што праецыраваліся на экран у пачатку кожнага нумара. Вельмі прафесійна дзейнічаў спецыяльны аператар у зале, вока камеры якога давала магчымасць убачыць не толькі ўдзельнікаў, але і рэакцыю членаў журы. Бадай што адзіны “мінус” відэашэрагу — часам ён быў цікавейшы за выступоўцаў...

Што да эмблемы “Зоркі…”, то яна не проста прысутнічала на сцэне ў Магілёве, а была арганічнай часткай дэкарацый і, зразумела, упрыгожвала выдадзеныя ў выглядзе кніжачак праграмкі абласнога тура. Іх было адразу дзве: агульная, з пералікам усіх удзельнікаў, і канцэртная, з падрабязнымі звесткамі пра нумары гала-канцэрта.

 

Форма — розная,  вынікі — аднолькавыя

 

— Конкурс стаў для нас вельмі важнай і яскравай падзеяй. Ён вельмі неабходны, — упэўнены начальнік абласнога ўпраўлення культуры Магілёўскай вобласці Анатоль Сінкавец. — Па-першае, у “Зорцы…” удзельнічаюць таленты ў шматлікіх відах творчасці. Напрыклад, для маладых мастакоў з Магілёўшчыны гэта наогул самы лепшы шанц павысіць сваё майстэрства і прыцягнуць да сябе ўвагу ў маштабе ўсёй краіны. Па-другое, спаборніцтва — вельмі добрая нагода зрабіць рэвізію таленавітай моладзі ў вобласці. Вынікі гэтага своеасаблівага даследавання ўжо сёння ашаламляльныя. Вось, да прыкладу, такая лічба: з 684 удзельнікаў ажно 144 выставілі свае праекты ў намінацыі “Рэжысура масавых відовішчаў”! Такога мы нават уявіць сабе не маглі! І нават калі са 144 да далейшага спаборніцтва дапушчаны толькі адзін праект, напрамку рэжысуры мы цяпер будзем надаваць больш увагі. А самы нечаканы вынік у тым, што аматараў сярод удзельнікаў — амаль 40%. Па-трэцяе, нам, арганізатарам, “Зорка…” дала вялікі вопыт, напрыклад, у інфармацыйным забеспячэнні такога буйнога мерапрыемства. Раённыя і абласны туры шырока асвятляліся ва ўсіх СМІ Магілёўшчыны. Увагу з боку тэлекампаній і выданняў мела і імправізаваная прэс-канферэнцыя, якую мы зладзілі сёння перад пачаткам канцэрта.

Словы абласнога кіраўніцтва пацвярджае і начальнік аддзела культуры Касцюковіцкага райвыканкама Мікалай Тыманюк:

— Магчымасць для маладых творцаў з раёна паказаць сябе ў вялікім культурным цэнтры, прагучаць на ўсю краіну — бадай галоўнае дасягненне “Зоркі…”. Вы б ведалі, з якой ахвотай ехалі ў Магілёў нашы ўдзельнікі! І як мы за іх перажываем...

Сталічны і магілёўскі туры паказалі, што “Зорка…” — аднолькава запатрабавана па ўсёй краіне. Форма правядзення рэгіянальных адбораў фестывалю адрозніваецца, але вынікі супадаюць: “Зорка ўзышла над Беларуссю” — гэта не толькі добрая магчымасць для моладзі паказаць свае таленты і павысіць прафесійнае майстэрства, але і каштоўны досвед для арганізатараў, своеасаблівае “даследаванне” творчых сіл і мастацкіх прыхільнасцей маладых беларусаў.

 Антон СІДАРЭНКА, Юрый ІВАНОЎ (фота),

 нашы спецыяльныя карэспандэнты

 

Слова — журы

 

Крысціна СТРЫКЕЛЕВА, дэкан факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кандыдат  мастацтвазнаўства, старшыня журы ў намінацыі “Дызайн”:

— Падрыхтоўку па спецыяльнасці “Дызайн” у беларускіх ССНУ пачалі не так  даўно, таму было вельмі прыемна ўбачыць такую колькасць натхнёных гэтай прафесіяй маладых  людзей. Па ўзроўні прадстаўленых работ можна адзначыць, што ў навучальных установах пачынаюць складацца пэўныя школы, самі ўдзельнікі дэманструюць вялікую зацікаўленасць у нашым складаным, сінтэтычным мастацтве.  

Настасся СУХАНАВА, загадчык кафедры кінатэлеаператарства Беларускай  дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, старшыня журы ў намінацыі “Фатаграфія”:

— Калі параўноўваць удзельнікаў са сталіцы і з рэгіёнаў, то трэба адзначыць:  узровень іх падрыхтоўкі на дзіва аднолькавы. Больш за тое: работы некаторых маладых  фатографаў з рэгіёнаў былі цікавейшыя за прадстаўленыя мінчанамі. А што да ўсіх шасці канкурсантаў з Магілёва — іх я ўжо сёння магу дапусціць да ўступных экзаменаў у нашу акадэмію!

Уладзімір ЦЯРЭНЦЬЕЎ, дацэнт кафедры графічнага дызайну Беларускай  дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, член журы ў намінацыі “Фатаграфія”:

— Фатаграфія — тэхнічны від мастацтва, але ўзровень здымачнай тэхнікі амаль не аказвае ўплыў на адносіны журы да канкурсантаў, бо галоўнае тут — цікавыя, арыгінальныя ідэі. У конкурсных фатаграфіях — і гэта тычыцца работ удзельнікаў усіх намі бачаных рэгіёнаў — асабіста мне не хапае пэўнай шчырасці, якая і адрознівае мастацтва ад рамяства.