Чацвёрты сезон

№ 9 (929) 27.02.2010 - 05.03.2010 г

Студыя мультыплікацыйных фільмаў кінастудыі “Беларусьфільм” пачала вытворчасць новай часткі анімацыйнага цыкла “Аповесць мінулых гадоў”.

Гэта ўжо чацвёртая частка цыкла фільмаў, якая распавядае пра ўзнікненне гербаў старажытных беларускіх гарадоў. Нагадаем, што “Аповесць мінулых гадоў. Частка ІІІ” атрымала Гранпры Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў “Анімаёўка-2009”, які прайшоў у Магілёве.

Як распавёў “К” аўтар ідэі, мастацкі кіраўнік і адзін з рэжысёраў фільма Ігар Волчак, у новай анімацыйнай карціне стваральнікі раскажуць пра гербы Браслава, Брагіна, Быхава, Карэлічаў, Косава і Лагішына. Галоўная мэта стужак — у ненавязлівай форме данесці да гледачоў цікавыя факты беларускай гісторыі, паспрыяць выхаванню падрастаючага пакалення.  

Праца над стужкай будзе доўжыцца цягам 2010 года. Цяпер вядуцца здымкі адной з шасці мікраметражных частак “Аповесці…” — пра герб Браслава, над якой працуе рэжысёр-мультыплікатар Аляксандр Ленкін.