Гэта ўжо чацвёртая частка цыкла фільмаў, якая распавядае пра ўзнікненне гербаў старажытных беларускіх гарадоў. Нагадаем, што “Аповесць мінулых гадоў. Частка ІІІ” атрымала Гранпры Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў “Анімаёўка-2009”, які прайшоў у Магілёве.
Як распавёў “К” аўтар ідэі, мастацкі кіраўнік і адзін з рэжысёраў фільма Ігар Волчак, у новай анімацыйнай карціне стваральнікі раскажуць пра гербы Браслава, Брагіна, Быхава, Карэлічаў, Косава і Лагішына. Галоўная мэта стужак — у ненавязлівай форме данесці да гледачоў цікавыя факты беларускай гісторыі, паспрыяць выхаванню падрастаючага пакалення.
Праца над стужкай будзе доўжыцца цягам 2010 года. Цяпер вядуцца здымкі адной з шасці мікраметражных частак “Аповесці…” — пра герб Браслава, над якой працуе рэжысёр-мультыплікатар Аляксандр Ленкін.