“Нацыянальны здабытак”— серыял паводле дэтэктыўных раманаў беларускай пісьменніцы Вольгі Тарасевіч. У здымках заняты беларускія акцёры, а таксама расіяне Андрэй Сакалоў і Алена Корыкава. Плануецца, што вытворчасць усіх пяці частак павінна завяршыцца напрыканцы бягучага года.
Нагадаем, што 23 лютага ў святочным эфіры расійскага тэлеканала была паказана стужка “Снайпер. Зброя помсты” беларускага рэжысёра Аляксандра Яфрэмава. Карціна, галоўную ролю ў якой выконвае Дзмітрый Пяўцоў, стала адным з найбольш паспяховых сумесных праектаў Белдзяржтэлерадыёкампаніі і Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Апрача “Снайпера”, у апошнія некалькі гадоў сумеснымі з кінастудыяй праектамі Белдзяржтэлерадыёкампаніі сталі серыялы “Маёр Ветраў” і “Замах”. Апошні толькі чакае выхаду на экраны. Што да “Маёра Ветрава”, то ён зведаў камерцыйны поспех: стужка была закуплена ў Расію, Украіну і нават у Японію.
Аляксандр Зімоўскі лічыць, што вытворчасць тэлекіно — адзін з перспектыўных напрамкаў дзейнасці айчыннага тэлебачання ўвогуле і Белдзяржтэлерадыёкампаніі ў прыватнасці. Па словах яе кіраўніка, у бліжэйшых планах — здымкі шэрагу ўласных стужак.
С.А.