У Культурнай сталіцы

№ 9 (929) 27.02.2010 - 05.03.2010 г

Канцэрты сучаснай і старадаўняй музыкі, выстаўкі, сустрэчы з літаратарамі, тэатральныя прэм’еры чакаюць жыхароў Полацка ў сакавіку. Начальнік аддзела культуры гарвыканкама Іна Шаховіч адзначае, што ў “Культурнай сталіцы-2010” яны будуць даступнымі для кожнага.

 “Вечар старадаўняга раманса” ў Сафійскім саборы збярэ прыхільнікаў класічных спеваў. Для іх выступяць салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета: Мікалай Маісеенка, Алена Бундзелева, Таццяна Цівунова, Крысціна Стасенка ды іншыя. 17 сакавіка адбудзецца свята для аматараў папулярнай музыкі: канцэрт адыграюць “Песняры”. А днём пазней у Сафійскім саборы пачнецца XXIII Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі. Удзел у ім прымуць Музычная капэла “Санорус”, Дзяржаўны сімфанічны аркестр Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.

 Выстаўка жывапісу І.Хруцкага, прымеркаваная да яго 200годдзя, адкрыецца таксама ў сакавіку. Дарэчы, будзе працягвацца экспазіцыя малюнкаў навучэнцаў Дзіцячай мастацкай школы горада, прысвечаная майстру. У Мастацкай галерэі Полацкага нацыянальна-культурнага музея-запаведніка да канца месяца для наведвальнікаў працуе выстаўка сучаснага беларускага і шведскага жывапісу “Ілюзія, фальсіфікацыя, рэальнасць”, якую падрыхтавалі Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, галерэя Мейан Лабе і Каралеўская акадэмія выяўленчага мастацтва і музыкі ў Стакгольме.