“Тры плюс два”… і плюс адзін

№ 9 (929) 27.02.2010 - 05.03.2010 г

Рашэннем спецыяльнай фокус-групы, якая была створана Белтэлерадыёкампаніяй для ацэнкі прэтэндэнтаў на ўдзел у Міжнародным конкурсе песні “Еўрабачанне-2010”, быў выбраны калектыў маладых выканаўцаў “Тры плюс два” ў складзе сёстраў Алены і Нінель Карповіч, Юліі Шышко, Арцёма Міхаленкі і Егіязара Фарашана. Яны паедуць у Осла з песняй “Far away” Леаніда Шырына і Юрыя Вашчука. Усе спевакі — удзельнікі праекта “Новыя галасы Беларусі”, які праводзіўся летась.

 

У склад спецыяльнай фокус-групы, як паведамілі карэспандэнту “К” у прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, уваходзілі прадстаўнікі беларускіх тэлеканалаў: Першага, АНТ, ЛАДа і СТБ. Менавіта яны прынялі канчатковае рашэнне, вызначыўшы канкурсанта “Еўрабачання” ад Беларусі.  

Хто ствараў канкурэнцыю маладому калектыву? Усяго на адрас Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, якая з’яўляецца арганізатарам нацыянальнага адбору, паступіла 41 заяўка, і  прыйшлі яны не толькі з Беларусі: Расія, Польшча, Чэхія, Іспанія, Ісландыя, Ірландыя, Аўстралія— геаграфія аўтараў і выканаўцаў, што жадалі паўдзельнічаць у нацыянальным адборы, сапраўды вызначалася шырынёй.

 “Тры плюс два” выступяць на “Еўрабачанні-2010” у Осла ў першым паўфінале 25 мая. У гэты вечар ім давядзецца пазмагацца за выхад у фінал з прадстаўнікамі 16 краін.  

Рэзервовым прадстаўніком Беларусі на конкурсе абраны спявак ALEKS з песняй “How can it be?”.

А пераможцам нацыянальнага адбору Конкурсу маладых музыкантаў “Еўрабачанне-2010”, абышоўшы 8 іншых фіналістаў, стаў віяланчэліст Іван Карызна. Імя пераможцы агучыў старшыня журы, галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча, народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец.  

Іван стане першым прадстаўніком Беларусі на “Eurovision Young Musiciаns”— конкурсе класічнай музыкі, які ладзіць Еўрапейскі вяшчальны саюз раз на два гады. Нагадаем, што сёлета форум святкуе сваё 15-годдзе, і яго фінальны канцэрт стане цырымоніяй адкрыцця Венскага фестывалю мастацтваў.

Д.А.