Сэрцам адчуць Радзіму

№ 9 (929) 27.02.2010 - 05.03.2010 г

У грамадска-культурнай акцыі “Беларусь— гэта мы!”— шчыльны графік канцэртаў.

 25 лютага ў Чашніках выступала артгрупа “Беларусы”.  26га ў Докшыцах—  лаўрэат міжнародных конкурсаў Іскуі Абалян. Сёння ў Полацку—  Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р.Шырмы, якую ўзначальвае народная артыстка краіны Людміла Яфімава. Чарговы канцэрт—  2 сакавіка ў Лідзе, дзе сваё майстэрства прадэманструе Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь.

— Наш калектыў,—  сказаў мастацкі кіраўнік Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь Віктар Бабарыкін,— неаднойчы гастраляваў на Гродзеншчыне, бывалі мы і ў Лідзе. Але цяперашняя паездка—  асаблівая. І хаця кожны выхад нашага аркестра—  гэта, можна сказаць, адказнасць “удвая”, выступленне ў межах дадзенага праекта надае нашым музыкантам дадатковага імпэту. Тое ж самае, лічу, адбываецца са слухачамі, завітаўшымі на той ці іншы канцэрт акцыі, бо дзякуючы ёй, кожны пачынае лепей усведамляць сваю непарыўную сувязь з краінай, якая і выяўлена ў лозунгу “Беларусь—  гэта мы!”.  

Такія ж пачуцці — і ў тых удзельнікаў акцыі, што ўжо паспелі правесці ў яе межах свае канцэрты. Сярод іх —  Беларускі дзяржаўны Заслужаны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”, які днямі вярнуўся з Брэстчыны.

— Для “Харошак” кожны праект, звязаны з Беларуссю, — дадала мастацкі кіраўнік калектыву, народная артыстка краіны Валянціна Гаявая, —  гэта наша акцыя. Бо не толькі праграма “Беларусы”, але і кожны нумар, падрыхтаваны ансамблем за больш як 30гадовае існаванне, звязаны з гісторыяй, фальклорам, самой ментальнасцю беларускага народа.

Н.Б.