“Цягнуць насок!” Паэтычна...

№ 8 (928) 20.02.2010 - 26.02.2010 г

Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны карэспандэнты ”К” пабывалі ў самым “паэтычным” падраздзяленні нашай арміі — роце ганаровай варты Мінскай ваеннай камендатуры Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. 17 лютага яна адзначыла 15 гадоў з дня заснавання. Між іншым, святкаванне гэтае адбывалася ў культурным кантэксце: урачыстасці прайшлі ў мінскім кінатэатры “Цэнтральны”, дзе вайскоўцаў, апроч усяго, чакаў і прагляд кінафільма. А ўвечары ў частцы адбыўся вялікі канцэрт.

Ды не  толькі даце прысвечаны выезд нашых карэспандэнтаў у знакамітае падраздзяленне Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Сёння бадай ніводнае буйнамаштабнае дзяржаўнае мерапрыемства немагчыма ўявіць без выступлення роты ганаровай варты. Ды не проста выступлення — сапраўднай феерыі зладжаных рухаў, дакладнай вывучкі і высокага майстэрства. Ці не гэтымі ж словамі мы апісваем і факт мастацтва? І калі мільёны людзей ля тэлеэкранаў ды тысячы на месцы той ці іншай падзеі — прынамсі, на мерапрыемствах з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ваенным парадзе, урачыстасцях у Палацы Рэспублікі, на сустрэчы высокіх гасцей краіны — назіраюць за гэтымі прафесіяналамі, дык вызначэнне іх працы, мабыць, толькі адно: дасканаласць.

 

Ужо 15!

 На пачатку — невялікае гістарычнае адступленне. Афіцыйна часам заснавання роты ганаровай варты як самастойнага падраздзялення лічыцца 1995ы, але ж годам знакавым стаў 2003-і: менавіта тады яна атрымала асабістую падзяку Прэзідэнта краіны— за відовішчнасць і прафесіяналізм пры правядзеннні пляц-канцэрта ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. 

 — Першы пляцканцэрт, нягледзячы на тое, што доўжыўся ўсяго 10 хвілін, скарыў усіх,— расказвае  камандзір роты ганаровай варты, капітан Дзмітрый Карповіч.— Пэўныя напрацоўкі былі, але іх трэба было “склеіць” у шоу. І гэта атрымалася: ніхто такога не чакаў...  Ужо на наступны год рота ажыццявіла больш маштабнае выступленне, запрасіўшы  да ўдзелу ў пляц-канцэрце 3 ліпеня  падраздзяленні пагранічных войскаў і войскаў МУС.   

 Пасля гэтага пляц-канцэрта ў 2004 годзе указам Кіраўніка дзяржавы была створана зводная рота ганаровай варты, у якую ўвайшлі пазаштатныя падраздзяленні пагранічных і ўнутраных войскаў і штатная рота ганаровай варты. Апошняя за час свайго існавання атрымала вялікую папулярнасць, ператварыўшыся з падраздзялення “ўнутранага карыстання” ў нацыянальны брэнд і гонар. Сведчаннем чаму — удзел у больш чым тысячы ўрачыстасцей, цырымоній за 15 гадоў службы.

— Сёння мерапрыемстваў, дзе прымае ўдзел рота ганаровай варты, становіцца ўсё больш,— кажа Дзмітрый Карповіч,— і гэта— вялікі гонар. Мяркую, калі сёння спытаць людзей нават на вуліцы пра нас, дзевяць з дзесяці адкажуць, што ведаюць нашу роту.   

 

Цяжкасці навучання

Але ж перш чым прыйшла слава, былі дні цяжкай працы.  

Хто ж сёння трапляе ў элітнае падраздзяленне і ці змяніліся за гэты час умовы прыёму?  

Як высветлілася, планка заўсёды трымалася на  высокім узроўні. Ваеннаслужачыя роты ганаровай варты мусяць быць высокага росту — ад 184 см, з правільнымі рысамі твару, статнымі, разумнымі, мець высокія маральныя якасці... Усе гэтыя патрабаванні дзейнічаюць і сёння.  

Каб стаць сапраўдным “паэтам службы”,  салдатам трэба прайсці, скажам, праз шматразовае шліфаванне тэхнікі. Аднак вынік заўжды апраўдвае сябе.  

— Калі бачыш, як усё ў выніку атрымліваецца— гэта захоплівае!— гаворыць з імпэтам Дзмітрый Карповіч.—  Я, прызнаюся шчыра,  фанат сваёй роты, і надалей буду імкнуцца зрабіць усё, каб павялічыць яе славу.  

Служыць у нашай роце нялёгка,— дадае намеснік камандзіра роты па ідэалагічнай працы, капітан Дар’юш Астасевіч (ён — буйным планам на здымку першай паласы),— але тыя ж выпраўка, цярпенне і мужнасць суправаджаюць ваеннаслужачых не толькі пад час парадных выхадаў, але  і ў  звычайным жыцці.

 

Усё мусіць быць  дасканала

Заняткі па страявой падрыхтоўцы — 6 гадзін на дзень, бясконцыя “Раз, два, тры, чатыры!..”, “Цягнуць насок!” — гэта, так бы мовіць, азы той паэтычнай азбукі, якую праходзіць салдат у роце. А ёсць жа яшчэ і дэталі. У спецыяльным пакоі камандзір каменданцкага батальёна Ваеннай  камендатуры Узброеных Сіл падпалкоўнік Мікалай Кураш распавядае пра асаблівыя правілы ўрачыстага выхаду.  

— Перад парадным выхадам за прасаваннем формы кожны салдат праводзіць не менш за гадзіну,— кажа ён.— Прасуюць штаны, кашулі, кіцелі, пальчаткі, нават зімовыя шынялі— каб не было ніводнай складачкі. Усё мусіць быць дасканала.

Ды і само адзенне ў салдат— не звычайная армейская форма. Кожны камплект  шыецца індывідуальна, каб “сядзела” ідэальна.   

— Шыюцца “на заказ”  не толькі штаны, кіцелі,  кашулі,— удакладняе Мікалай Кураш.— У мінскім Доме ваеннага адзення  навабранцам роты ганаровай варты па замерах робяць  і галаўныя ўборы,  і боты, і пальчаткі

.— А колькі пар белых пальчатак у ваеннаслужачых?

— Дзве пары летніх і адна— зімовая,— адказвае камандзір каменданцкага батальёна,— але  цяпер плануецца замяніць дзве летнія з тканіны на адну пару са скуры, бо тканіна хутка выціраецца пад час працы з карабінам.  

З той жа прычыны церпяць не толькі пальчаткі. Самазапальныя карабіны Сіманава, з якімі і выконваюцца страявыя прыёмы,  пакутуюць ад імпэту іх гаспадароў  не менш: гадзіннае адпрацоўванне элементаў—  і драўляныя ложы зброі трэскаюцца.  

— Вось з гэтым, — паказвае мне сапсаваны карабін Мікалай Кураш,— працавалі максімум тры тыдні. У дні падрыхтоўкі да параду з 112 карабінаў у 30— 40 адзінках даводзіцца замяняць ложа.

А што салдаты? Можна толькі ўявіць сабе, колькі патрабуецца цярпення, стойкасці, мужнасці, каб прастаяць адну-дзве-тры гадзіны ў спёку ці ў маразы навыцяжку з амаль чатырохкілаграмовымі карабінамі ў руках у  чаканні высокага госця!  Колькі самаадданасці і сканцэнтраванасці трэба кожнаму з іх пад час пляц-канцэрта!  Колькі трэба ўкласці ў дакладны паварот галавы!  Ці ж не вартыя яны называцца паэтамі духу?  

  Мы пачалі ўжо расчышчаць пляцоўку для трэніровак,— кажа мне камендант Мінскай ваеннай камендатуры, палкоўнік Анатоль Г рыцаў.—  З 1 сакавіка пачынаем падрыхтоўку да свята 9 мая.  

— А хто з’яўляецца аўтарам тых неверагодных прыёмаў, элементаў, якія рота дэманструе  на пляц-канцэрце?— цікаўлюся напрыканцы.

 — Ды ўся рота,— адказвае палкоўнік.— У перыяд падрыхтоўкі да пляц-парада ўлічваюцца ўсе меркаванні— ад салдата да афіцэра. У кожнай прапанове шукаецца рацыянальнае звяно. А потым абмяркоўваецца, дэманструецца і  дапрацоўваецца, нават малюецца на паперы ў клетачку схема: хто колькі крокаў будзе рабіць. Гэта творчы працэс ўсёй роты, у тым ліку і  нашага аркестра ганаровай варты Ваеннай камендатуры Узброеных Сіл. Гэта— праца ўсяго калектыву.

 Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

 

Ёмістая тэма Армія і мастацтва…

 Паразважаць на гэтую тэму напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь “К” прапанавала намесніку старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ, заслужанаму артысту Беларусі Генадзю Давыдзьку і заслужанаму дзеячу мастацтваў краіны Мікалаю Апіёку. Сустрэча адбылася ў Студыі ваенных мастакоў, якой кіруе Мікалай Апанасавіч. Яна знаходзіцца ў сталічным Доме афіцэраў…

Шмат хто са сваякоў Генадзя Давыдзькі служыў, абараняў Бацькаўшчыну, змагаўся за яе незалежнасць на франтах Вялікай Айчыннай. Многія стрыечныя браты — кадравыя афіцэры.

— Сам у свой час служыў у Савецкай арміі, — распавёў Генадзь Браніслававіч.— Быў артылерыстам, і вельмі гэтым ганаруся. Армія— школа жыцця. А любы мужчына— ваяр, якія абавязаны абараняць сям’ю і дом, народ і Радзіму… Магутнасць дзяржавы вызначаецца магутнасцю арміі. Мы заўжды былі магутнымі. Беларускаму ваярству ёсць чым  ганарыцца!

 Генадзь Давыдзька перакананы: мастацтва наша— у вялікім даўгу  перад арміяй. Слаўная гісторыя яе годна апета ў драматургіі Аляксея Дударава, мастацкіх стужках Віктара Турава і Міхаіла Пташука. А пра сучасныя Узброеныя Сілы Беларусі сказана значна менш...  

Узгадаў Генадзь Давыдзька і пра два здымачныя дні, якія ён правёў у Брэсцкай крэпасці, працуючы над роллю салдата з аднайменнага мастацкага фільма:

— Здымкі былі настолькі рэалістычныя, што літаральна адчуваў подых вайны. З-за выбухаў высунуцца вонкі было страшна. А як жа было цяжка сапраўдным абаронцам крэпасці?!

Мікалай Апіёк— малодшы лейтэнант запасу. Кіруе ён Студыяй ваенных мастакоў, што была створана ў 2003-м.

— Вельмі падтрымаў нас у гэтай справе  колішні міністр абароны краіны, сённяшні дзяржсакратар Савета бяспекі, генерал-палкоўнік Леанід Мальцаў, — распавядае мастак.

Цяпер, па словах Мікалая Апанасавіча, у студыі — 12 творцаў. Сярод іх — народны мастак СССР  Міхаіл Савіцкі, народныя мастакі Беларусі Георгій  Паплаўскі і Іван Міско,заслужаны дзеяч мастацтваў Уладзімір Уродніч і іншыя выбітныя творцы.

Сувязь  з нашымі Узброенымі Сіламі ў майстроў пэндзля— надзвычай цесная. Яны ладзяць рэгулярныя выезды ў вайсковыя часці, гарнізоны, клубы, на манёўры і вучэнні, адсочваюць усе нюансы службы сённяшніх абаронцаў Айчыны. Усё  гэта, натуральна, становіцца грунтам для новых мастацкіх твораў. Выстаўкі студыйцы арганізоўваюць па ўсёй Беларусі. І кожная з работ з’яўляецца дакладнай і яркай ілюстрацыяй таго, што армія і народ—  паняцці непадзельныя.

 

***

Нагадаем, што 22 лютага ў Палацы Рэспублікі адбудуцца ўрачысты  сход і святочны канцэрт, прысвечаныя Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Як паведаміў “К” рэжысёр свята Аляксандр Вавілаў, цягам канцэрта выступяць лепшыя мастацкія сілы краіны.

 Прагучыць шмат прэм’ерных песень у выкананні Аляксандра Ціхановіча і Ядвігі Паплаўскай, Анатоля Ярмоленкі, Аляксандры Гайдук. Апрача эстрадных зорак перад гледачамі выступяць і спартсмены.

А.С.

 Фота Юрыя ІВАНОВА