Свая “гліна” для кадравай палітыкі рэгіёна

№ 8 (928) 20.02.2010 - 26.02.2010 г

Як падтрымаць работнікаў за кошт пазабюджэтных сродкаў? Адраджэнне і развіццё сяла: самадастатковасць аддзела культуры

/i/content/pi/cult/251/3686/10--.gif
СДК аграгарадка "Крыўск". 
Напярэдадні маёй камандзіроўкі ў Буда-Кашалёўскі раён у рэдакцыю патэлефанаваў дырэктар аднаго з СДК.  З якога ён раёна і хто па прозвішчы, так і не паведаміў. Зазначыў толькі, што з Гомельшчыны,  а іншая “дэталізацыя”, маўляў, — толькі на шкоду ягонай кар’еры. Сутнасць ананімнай “споведзі” зводзілася да аднаго: цяжка “ідзе” план па аказанні платных паслуг, на сённяшнія платныя канцэрты, якія яшчэ ўчора былі бясплатнымі, вяскоўцы ісці не жадаюць. Натуральна, не мог не запытацца ў суразмоўцы: “Чаму ж раней не схамянуліся ды не зацікавілі спажыўцоў культуры якасцю мерапрыемстваў? Мо не вучаць  вас гэтаму ў раёне?” — “Ды не, іншым разам і па два разы  на месяц збіраюць, а зрухаў — амаль ніякіх… Вы пра гэта напішыце”. Гэта і раблю, бо сітуацыя ў шэрагу рэгіёнаў, на мой погляд, — даволі няпростая. На апошнім годзе рэалізацыі Дзяржпраграмы па адраджэнні і развіцці сяла на балючую кадравую праблему накладаюцца хібы матэрыяльнай базы і, адпаведна, — якасці культасветных мерапрыемстваў. Усё гэта, у той ці іншай меры, датычыцца, па словах начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Дзмітрыя Чумакова, і сферы культуры Буда-Кашалёўскага раёна. РДК у райцэнтры знаходзіцца ў аварыйным стане, цягам некалькіх гадоў вядзецца рэканструкцыя будынка пад краязнаўчы музей. Яшчэ колькі гадоў таму 11 устаноў культуры рэгіёна ўзімку не ацяпляліся. На сённяшні дзень такім застаецца толькі Бацуньскі СДК, дзе завяршаецца ўзвядзенне кацельні. У чатырох установах з 67  — пячное ацяпленне. У адпаведнасці з названай дзяржаўнай праграмай здадзена 8 аграгарадкоў. У двух з іх —  “Камунар”(2005-га года), “Уваравічы” (2007-га) —  і па сёння рамантуюцца дамы культуры. Сёлета аграгарадкамі стануць яшчэ чатыры вёскі. Усё гэта, неаспрэчна, вымагае напружанай працы аддзела культуры. Балазе шэраг устаноў культуры на сяле знаходзяцца на балансе сельскагаспадарчых арганізацый, сям-там ужо зроблены бягучы рамонт. Але рамонт, па справядлівай заўвазе старшыні мясцовага райвыканкама Аляксандра Грыгарэнкі, —  працэс няспынны. Як, дарэчы, і прафарыентацыя, вучоба кадраў. Пытанне таксама больш чым надзённае, бо са 145 творчых работнікаў сферы 35 з’яўляюцца “практыкамі” без спецыяльнай адукацыі. Ва ўстановах культуры працуюць паштальёны, ветэрынары, асемянатары. Хіба ж дзіва, што з 67 арганізацый культуры ў 12-ці не справіліся з выкананнем леташняга плана па аказанні платных паслуг? Словам, праблем сацыякультурнага кшталту ў раёне — больш чым дастаткова.

Старшыня Буда-Кашалёўскага райвыканкама Аляксандр Грыгарэнка без прамаруджванняў пагадзіўся абмеркаваць усе гэтыя праблемныя нюансы, што тармозяць сацыякультурнае развіццё рэгіёна. Колькі слоў пра кіраўніка раёна, які заступіў на гэтую пасаду ў 2008-м. Малады (няма і сарака), лічбамі і фактамі, што тычацца сферы мясцовай культуры, аперыруе вольна, прафесійна і крытычна. Аграрый, па-добраму амбіцыйны і артыстычны: на абласным конкурсе кіруючых работнікаў органаў выканаўчай улады дыпломам І ступені ў намінацыі “Вакальна-інструментальны ансамбль” быў ушанаваны гурт “Прагнозны паказчык”, лідэрам якога стаў… Аляксандр Грыгарэнка, а ягоныя намеснікі з гэткай жа віртуознасцю падпявалі ды падыгрывалі ў літаральным сэнсе слова. Як падаецца, характарыстыка для старшыні новай генерацыі досыць паказальная…

Натуральна, у “лятучцы”, якую  чарговы раз зыніцыявала “К”, прыняла ўдзел начальнік аддзела культуры Буда-Кашалёўскага райвыканкама Таццяна Бурнышава, што займае гэтую пасаду з 2006-га.

Яўген РАГІН:

— Аляксандр Віктаравіч, начальнік абласнога ўпраўлення культуры Дзмітрый Чумакоў не прыхаваў, што Буда-Кашалёўскі раён у плане развіцця культуры ў “сярэдняках” ходзіць, а па стане матэрыяльна-тэхнічнай базы — ці не апошні ў рэспубліцы. Маўляў, вырашэнне пэўных стратэгічных пытанняў пакідала жадаць лепшага яшчэ гадоў дваццаць таму. Цяжкая спадчына дасталася?

Аляксандр ГРЫГАРЭНКА:

— Калі прыйшоў на гэтую пасаду, адразу ж запытаў у кожнага з намеснікаў: “Ці ёсць у нас на сёння галіна, якой можна пахваліцца?” Практычна нічога станоўчага ад іх тады не дачакаўся. Аб’ехаў усё сам, пераканаўся, што работы —  цераз край. Не хачу сцвярджаць, што не вялася яна, але не хапала, як думаецца, планавасці. Калі казаць пра матэрыяльную базу сельскай культуры, дык асноўную стаўку зрабілі, натуральна, на цэнтральныя сядзібы, на тыя вёскі, дзе насельніцтва засталося.  

Таццяна БУРНЫШАВА:

— Мы сёння ў Губічах пра гэта размаўлялі. Быццам і вялікая вёска —  800 жыхароў, а на дыскатэках моладзі —  не больш за два дзесяткі. Прэтэнзій  жа да мясцовых работнікаў культуры —  аніякіх: планы выконваюць, аўтарытэтам карыстаюцца.

Яўген РАГІН:

— Давайце прааналізуем ход выканання Дзяржпраграмы па адраджэнні і развіцці сяла. Сацыякультурных агрэхаў не застанецца?

Аляксандр ГРЫГАРЭНКА:

— Самым плённым  быў мінулы год. На пяці аб’ектах распачалі актыўнае будаўніцтва. На давядзенне да ладу ГДК у аграгарадку “Уваравічы” спатрэбіцца, праўда, яшчэ 600 мільёнаў, але справа гэтая — рэальная.

Таццяна БУРНЫШАВА:

— Словам, установы культуры ў самых праблемных нашых аграгарадках “Уваравічы”, “Камунар” будуць сёлета прыведзены ва ўзорны парадак.

Яўген РАГІН:

— А колькі грошай трэба на тое, каб вёскі Негаўка, Глазаўка, Мікалаеўка і Рагінь набылі ў культурным плане статус аграгарадкоў?

Аляксандр ГРЫГАРЭНКА:

— Выдаткавалі мільярд. Падобраму, дык на кожны з гэтых культурных аб’ектаў патрэбна такая сума. Але жаданні з магчымасцямі не заўжды супадаюць.

Яўген РАГІН:

— Як выкручвацца будзеце?

Аляксандр ГРЫГАРЭНКА:

— Вайна манёўр пакажа. Асвоілі мільярд — будзем вышукваць магчымасці для далейшага руху наперад. Натуральна, год гэты лёгкім ні для кога з нас не будзе. Не забывайце, што для завяршэння  рамонту ўстаноў культуры ў аграгарадках  папярэдніх гадоў здачы нам патрэбна, як мінімум яшчэ два мільярды рублёў. З улікам набыцця новых клубных крэслаў і “адзення” сцэн.

Таццяна БУРНЫШАВА:

  Мы зробім усё для таго, каб не падмануць давер людзей. А абласное ўпраўленне культуры заўжды нас у гэтым падтрымлівала і падтрымлівае.

Аляксандр ГРЫГАРЭНКА:

— Ва Уваравічах, скажам, у школе — 300 дзяцей, амаль 200 з іх — выхаванцы мясцовага Дома дзіцячай творчасці, займаюцца харэаграфіяй, вывучаюць народныя рамёствы. Яны ж — і патэнцыйныя наведвальнікі СДК, які цяпер рамантуецца. Тое ж самае магу  сказаць і пра іншыя ўзроставыя катэгорыі нашых сельскіх спажыўцоў культуры. Так што, здача Дома культуры ў кожным з аграгарадкоў —падзея знакавая. І крызіс тут — не перашкода.

Таццяна БУРНЫШАВА:

— Культура, зрэшты, іміджаўтваральная для кожнага з рэгіёнаў.

Аляксандр ГРЫГАРЭНКА:

— Іміджаўтваральнай для раёна і жывёлагадоўля можа быць, калі ёсць чым пахваліцца, канешне. Ды, пагаджаюся, культура — лёсаўтваральная. Быў, да прыкладу, летась на атэстацыі ў аблвыканкаме. Думаў, шчыра кажучы, што ўся гаворка пра эканоміку пойдзе, пра сельгасвытворчасць, будаўнічую галіну. Так, гэтыя пытанні былі грунтоўна абмеркаваны. Але вялікі адрэзак часу заняла гутарка з губернатарам пра нашу культуру: “А чаму ў вас так мала народных самадзейных калектываў? Чаму няма ніводнага ўзорнага дзіцячага? А кадравы склад у сферы культуры з якой прычыны такі кепскі?” Цалкам згодны з такой пастаноўкай праблем, таму і патрабаванні да аддзела культуры падвоіў.

Яўген РАГІН:

— А колькі ў вас, дарэчы, народных калектываў?

Таццяна БУРНЫШАВА:

 — Сем фальклорных, што займаюцца захаваннем нашых абрадаў і песенных традыцый. Неўзабаве народным стане і восьмы.

Аляксандр ГРЫГАРЭНКА:

— А насельніцтва ў раёне — аж 37 тысяч. Мала, на мой погляд, знакавых яркіх самадзейных ансамбляў, якія сталі б  творчымі візітоўкамі рэгіёна.

Яўген РАГІН:

— Функцыю такой візітоўкі,напэўна, выконвае пакуль  мастацкая галерэя ў вашым райцэнтры, якая, без перабольшання, сапраўды яркая…

Аляксандр ГРЫГАРЭНКА:

— Краязнаўчы музей вось будуем.

Таццяна БУРНЫШАВА:

— Гатова і праектна-каштарысная дакументацыя на капітальны рамонт РДК.

Яўген РАГІН:

 — Культурную палітыку сялу горад, неаспрэчна, павінен дыктаваць. Але і ў горадзе, як бачна, клубок праблем…

Аляксандр ГРЫГАРЭНКА:

— Музей, як калісьці і мастацкую галерэю, узводзім метадам народнай будоўлі… Тут вось на чым хачу спыніцца. Матэрыяльная база (парадаксальная рэч!) заўжды будзе крыху слабаватай. Час — несупынны, патрабаванні на вачах мяняюцца, так што база заўжды будзе патрабаваць удасканалення. Але не ўсё адразу.  На жаль, не можам пакуль адначасова і рамонты весці, і набываць апаратуру, абсталяванне для клубаў. Буда-Кашалёўшчына на 70 працэнтаў датуецца дзяржавай… Але не толькі пра сцены варта дбаць, але і пра душы людскія. І тут аддзел культуры, натуральна, у першых шэрагах павінен быць.

Яўген РАГІН:

— І тут на парадку дня паўстае пытанне кадравага  дэфіцыту. Вы ж і сельскіх работнікаў зарабляць вучыце, і семінары адпаведныя ладзіце, і меры матэрыяльнага пакарання ўвялі, а 12 устаноў з планам пазабюджэтнай дзейнасці не справіліся.

Аляксандр ГРЫГАРЭНКА:

 — Вось пра гэта і старшыня аблвыканкама мне казаў на атэстацыі. Ці ж можа чалавек з зоатэхнічнай адукацыяй адказваць на пасадзе дырэктара СДК за якасць сучаснай сельскай культуры? А ў нашай галіне — ледзь не траціна такіх.

Таццяна БУРНЫШАВА:

— Са 145 творчых работнікаў у нас 35 — практыкі, 18 з іх сталі завочнікамі.

Аляксандр ГРЫГАРЭНКА:

    А мэтавікоў колькі?

    Таццяна БУРНЫШАВА:

    Два.

    Аляксандр ГРЫГАРЭНКА:

— Змяняць трэба кадравую палітыку! Шукаць людзей у сябе, распачынаць гэтую работу з малодшых класаў, выхоўваць на  асабістым прыкладзе,  вучыць. Тады і не будуць  спаць у шапку!

Таццяна БУРНЫШАВА:

— Прафарыентацыю вядзём у школах. Але не  заўжды яна эфектыўная, бо, натуральна, уплыў на выбар прафесій дзяцей аказваюць іх бацькі. Маўляў, культасветны хлеб не надта лёгкі і прыбытковы. Хоць інфармацыйны  банк таленавітай моладзі ў нас ёсць.

Аляксандр ГРЫГАРЭНКА:

— З гэтай уласнай, сваёй “гліны” і трэба “ляпіць” творчых асоб… Ёсць у нас у Рагіні такая асоба, што без шыкоўнай матэрыяльнай клубнай базы здолела павесці за сабой вяскоўцаў.

Яўген РАГІН:

 — Тое ж мы  і ў Губічах бачылі, у Чабатовічах.. Але гаворка — пра тых, якія спяць, план не выконваюць, людзей крэатывам не здзіўляюць. Раён, у цэлым, з леташнім планам справіўся. Але больш   за дзесятак устаноў бездапаможным аказаўся. Не паспрыяла нават і сістэма дэпрэміравання, калі скажам,  выконваеш заданне на 60 працэнтаў, а 40 працэнтаў прэміяльных  налічваецца.

Аляксандр ГРЫГАРЭНКА:

— Па выніках леташняга паўгоддзя літаральна ўся сфера культуры раёна на планавы паказчык не выходзіла. Давялося “гайкі” падкруціць. Ды не ў пакараннях справа: ініцыятывы не хапае, творчай перспектыўнай думкі. Сёлета мы ўвядзём новыя клубы, што дасць цудоўную магчымасць для пашырэння пазабюджэтнай дзейнасці. Але ў нас аўтаклуб ёсць, які, на мой погляд, недастаткова эфектыўна выкарыстоўваецца. Шлюбныя абрады на платнай аснове слаба ўводзяцца… Рэзідэнцыя Дзеда Мароза ў вёсцы Смычок — цудоўны прыклад творчай ініцыятывы, рэалізацыя якой дае прыбытак.

Таццяна БУРНЫШАВА:

    Са снежня па студзень чатыры з паловай мільёны зарабілі.

    Аляксандр ГРЫГАРЭНКА:

— Але далей ісці трэба, думаць, шукаць… Раён наш, да прыкладу, дубровамі калісьці славіўся, унікальныя дрэвы  засталіся, па 400 гадоў узростам…

Яўген РАГІН:

— Нам у Губічах пра Зайцавы дуб расказвалі…

Аляксандр ГРЫГАРЭНКА:

— Дык чаму там ніякіх мерапрыемстваў аддзел культуры не ладзіць? Чаму месца гэтае не стала ў раёне знакавым? А калі правільна прарэкламаваць гэта, дык людзі прыедуць не толькі з раёна. Але пакуль у нас усё— па прынцыпе “ўмела гатаваць, ды не ўмела падаваць”…

Яўген РАГІН:

— Мы сёння  казалі пра не надта салодкі хлеб культработніка. А што трэба зрабіць, каб стаў ён прывабным для нашай моладзі?

Аляксандр ГРЫГАРЭНКА:

— Выйсце тут, бадай, адзінае: калі СДК  заробіць, скажам, 10 мільёнаў у месяц, дык трэба, каб працэнтаў сорак з гэтай сумы пайшло на павелічэнне заробкаў супрацоўнікаў установы. Тады кожны пачне лічыць,  думаць, шукаць, знаходзіць, а не спаць у чаканні вучобы, падказкі, грашовай і метадычнай дапамогі. Іншых стымулаў я не бачу… Да  галерэі нашай вярнуся. Сучасная, утульная, яркая. Але план таксама хранічна не выконвала  за паўгоддзе. А што перашкаджала?

Таццяна БУРНЫШАВА:

— Цяпер у дзяўчат тамтэйшых шмат перспектыўных задум па пашырэнні  пазабюджэтнай дзейнасці.

Аляксандр ГРЫГАРЭНКА:

— Паўтаруся: толькі пазабюджэтныя сродкі дадуць нам магчымасць і маладога спецыяліста на першых парах падтрымаць, і ўласны заробак павялічыць, і новую тэхніку для клуба ці бібліятэкі набыць.

Яўген РАГІН:

— У Чабатовіцкім СДК за тры гады 5 мільёнаў пазабюджэтных рублёў выкарыстана на набыццё новай дыскатэчнай апаратуры…

Аляксандр ГРЫГАРЭНКА:

 — Усё правільна: трэба вучыцца самастойнасці.

Таццяна БУРНЫШАВА:

— Я згодная: пазабюджэтную дзейнасць нам трэба няўхільна пашыраць. Але замінае штодзённы кантроль за будаўнічымі работамі. Як я лічу, не нашы гэта функцыі. Наша справа — развіццё творчасці, творчай думкі, павышэнне якасці культурнага абслугоўвання.

 Аляксандр ГРЫГАРЭНКА:

— А я кажу, што і пра сцены цяпер неабходна дбаць, і пра душы.

Яўген РАГІН, наш спецыяльны карэспандэнт

 Мінск — Буда-Кашалёўскі  раён — Мінск

Фота аўтара 

Народ пытаецца і прапануе

“Няўжо моладзь  мы згубілі?”

 Традыцыйнае апытанне жыхароў раёна правёў у горадзе і ў трох вёсках, у якіх паспеў пабываць за час камандзіроўкі. Як і заўжды, меркаванні наконт сацыякультурнагаразвіцця пачуў разнастайныя — і станоўчыя і адмоўныя, — але неабыякавыя па стаўленні да сённяшняга і заўтрашняга дня рэгіянальнай культуры. І яшчэ раз пераканаўся, што яе спажывец ніколі не памыляецца.

Супрацоўніца аднаго з райвыканкамаўскіх аддзелаў:

— Сорамна, канешне, што і РДК у нас з-за аварыйнасці не працуе (усе мерапрыемствы ў кінатэатры праходзяць), і музея пакуль няма. Зразумела, крызіс фінансавыя ўліванні спыніў… Затое якая шыкоўная ў нас карцінная галерэя! Праўда, і яна, на мой погляд, напоўніцу не выкарыстоўваецца. Толькі нядаўна тут пачалі ладзіць дэфіле мод ды шлюбныя абрады. А галерэя, як думаецца, павінна стаць гарадскім культурным цэнтрам — і шматлюдным, і прыбытковым.

Пенсіянер з вёскі Губічы, якая летась стала аграгарадком:

— СДК нашым кіруе Пётр Белянок. Сур’ёзны мужчына, бо здолеў справу наладзіць: канцэрты заўжды цікавыя. Шмат карысці, лічу, і ад бібліятэкара Кацярыны Семіход: краязнаўствам з дзецьмі сур’ёзна займаецца. Хто з моладзі, да прыкладу, цяпер ведае, што месцейка над рэчкай Чаромхай называецца “Зайцавы дуб”, бо паўстагоддзя таму старшыня калгаса імя Энгельса Рыгор Заяц добраўпарадкаваў дубовы гай пад адпачынак для калгаснікаў? Дзякуючы бібліятэкарцы, гэтая памяць і па сёння жыве… Увогуле, дзве ўстановы жывуць дружна, адным клопатам, дзеляць будынак з канторай сельскагаспадарчай арганізацыі, нядаўна ў сябе грунтоўна правялі рамонт. Праўда, фасад застаўся неўпарадкаваным, але за яго рамонт гаспадарка адказвае… Ды не гэта хвалюе. На дыскатэкі максімум два дзесяткі маладых людзей збіраецца. А больш у нас і няма! У адзіным нашым народным ансамблі “Губічанка” —  таксама амаль спрэс пенсіянеры. Няўжо моладзь мы згубілі беззваротна?

Старшакласнікі вёскі Чабатовічы:

— Плаціць за дыскатэку паўтары тысячы рублёў ніколькі не шкада, бо танцы ў нас цікава праходзяць, кожны такі вечар —  тэматычны. Заслуга —  дырэктара СДК Алены Шаўчэнка. Яна ў нас і дэпутат райсавета, і клубнік з выдумкай. Абавязкова паглядзіце, які шыкоўны музей яна зрабіла на другім паверсе Дома культуры! Ужо 15 гадоў як платныя паслугі ўвяла і народ прывучыла, што якасць мерапрыемства трэба абавязкова аплачваць. Дый кожны з нас пераканаўся, што гэта і вяскоўцам выгадна: за апошнія тры гады Алена Паўлаўна дзесьці пяць мільёнаў пазабюджэтных даходаў выкарыстала на абнаўленне музычнай апаратуры. Таму і якасць танцаў — класная… Канешне, фасад СДК абнаўляць трэба неадкладна. Але, урэшце, не форма для нас галоўная, а — змест.

Настаўніца агульнаадукацыйнай школы пасёлка Уваравічы, які ў 2007 годзе стаў аграгарадком:

— Наш СДК пачалі рамантаваць у 2007 годзе, бо вёску тады планавалі пераўтварыць у аграгарадок. Пераўтварылі. Але грошай, наколькі ведаю, хапіла толькі на рамонт даху. Цяпер вядзецца другі этап работ унутры будынка. Асвоена на гэта будзе —  я пыталася — аж паўмільярда рублёў. Памяшканне атрымліваецца суперсучасным, але занадта ўжо доўгім рамонт аказаўся. Клубнікі, безумоўна, без справы не сядзяць: усе свае мерапрыемствы ў нашай школе ладзяць. Але ці пасуе гэта аграгарадоцкаму статусу?

 

Дэталь да агульнай карціны

 Ці стане выгадным Зайцавы дуб?

 Бібліятэкар з аграгарадка “Губічы” Кацярына Семіход распавяла пра згаданую ўжо знакамітую дуброву, дзе аддзел культуры мяркуе зрабіць зону адпачынку з прадастаўленнем шырокага спектру культурных платных паслуг.

Кацярына Семіход збіраецца прыняць у рэалізацыі гэтага праекта самы чынны ўдзел. План платных паслуг заўжды выконвае, лічыць гэта справай выгаднай, бо заўжды мае вольныя грошы на ўзорнае ўтрыманне “кніжнай” гаспадаркі. А краязнаўчыя здабыткі мясцовага аб’яднання “Губічы” прапагандуе сярод мясцовай дзятвы з дапамогай знакамітай ужо ва ўсёй вёсцы гульні “Поле цудаў”.