Ён першым сярод беларускіх творцаў пачаў запісваць узоры ткацтва з нацыянальнай арнаментыкай, складаючы і сістэматызуючы асаблівасці народнага строю Гродзеншчыны, Віцебшчыны. Міншчыны, Мазыршчыны, Брэстчыны. Работа метадыстам у абласным Доме народнай творчасці ў Гродне спрыяла яго цеснаму супрацоўніцтву з народнымі ансамблямі песні і танца. Спадчыну яго творчай дзейнасці складаюць касцюмы для Гродзенскага ансамбля песні і танца “Нёман”, Смаргонскага ансамбля песні і танца імя М.К. Агінскага, Навагрудскага ансамбля песні і танца “Свіцязь”. Вынікам плённай працы мастака з’яўляецца стварэнне беларускага сцэнічнага касцюма з каларытнымі рэгіянальнымі асаблівасцямі арнаментаў з мудрагелістых перапляценняў геаметрычных і раслінных матываў.
У 1958— 1960 гг. Л.Баразной былі падрыхтаваны альбомы “Беларуская народная вопратка”, “Беларускі народны арнамент Палесся”, “Тканіны Гродзеншчыны”. Сапраўднай падзеяй у гісторыі савецкага скарыназнаўства другой паловы ХХ стагоддзя з’яўляецца ягоны альбом “Гравюры Францыска Скарыны”, выдадзены ў 1972 г. і перавыдадзены ў 1990-м.
Узор рэканструкцыі народнага строю.
Нястрыманая душа творцы заклікала яго да новых падарожжаў, да вырашэння розных, часам складаных, праблем. Па сваёй патрыятычнай, пазнаваўчай, творчай дзейнасці ён ува многім быў падобны да папярэдніка — Язэпа Драздовіча.
Выстаўка, прысвечаная 80-годдзю з дня нараджэння Леаніда Баразны, сведчыць аб шырокім прызнанні мастака — першапраходца і даследчыка. Дарэчы, у пастаяннай экспазіцыі музея знаходзіцца яго эскіз вітража “Беларуская казка”, у фондах музея — серыі графічных замалёвак з натуры і пейзажы.
Людміла НАЛІВАЙКА,
кандыдат мастацтвазнаўства