Дадзеная экспазіцыя складзена з замалёвак, накідаў, эцюдаў, зробленых Леанідам Дзмітрыевічам у падарожжах розных гадоў, у асноўным — 1960-х — 70-х гг. Маляваны дзённік вандровак мастака — класіка жанру, а наш творца заўсёды быў аматарам падарожжаў. На выстаўцы “пазначаны”, у тым ліку, “палярныя” кропкі геаграфіі ягоных маршрутаў: ад Крайняй Поўначы да Сярэдняй Азіі. Другая палова 1960-х — падарожжы па неабсяжных прасторах тагачаснага Савецкага Саюза, а ў 1970-х — і за мяжу.
Прыгодамі, сустрэчамі, далёкімі вятрамі — паўночнымі і паўднёвымі, заходнімі і ўсходнімі— вее ад гэтых лістоў, што калісьці адпраўляліся ў Мінск пасылкамі з паштовых аддзяленняў, да якіх даводзілася дабірацца на аленях ці вярблюдах. Для ўдумлівага гледача гэтая выстаўка — яшчэ і падарожжа ў часе. Рамантычны перыяд канкрэтнай біяграфіі супаў з агульным духам 1960-х, калі на вяршыню рэйтынгу трапілі прафесіі касманаўт, геолаг, падводнік, альпініст, фізік… Туды, смялей, за ўсе магчымыя далягляды! — гэты настрой цяпер кранае сэрца асцярожнага і недаверлівага жыхара ХХІ стагоддзя змяшаным настальжы-кактэйлем.
Л.Шчамялёў. Будапешт.
Дарожныя замалёўкі яшчэ цікавыя і тым, што гэта — кухня мастака, яго творчая лабараторыя. Тут бачны імгненныя, спантанныя ўражанні, самы першы, непасрэдны погляд на свет, які яшчэ не зведаў суровай фільтрацыі, пошуку, пераробак, характэрных для работы над вялікай карцінай. Раннія малюнкі і накіды Л.Шчамялёва пашыраюць уяўленне аб пошуках ім свайго стылю і творчай манеры. Уласна кажучы, выстаўка і адлюстроўвае час, калі ён цалкам авалодаў уласным “голасам” у выяўленчым мастацтве.
Таццяна БЕМБЕЛЬ,
дырэктар Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Шчамялёва