Вясёлы букарт і “ручная” самабытнасць

№ 8 (928) 20.02.2010 - 26.02.2010 г

У галерэі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў працуе выстаўка сучаснай дзіцячай кніжнай ілюстрацыі “Жылі-былі…”. Яе так і хочацца назваць выстаўкай параўнальнай, бо побач з беларускай кніжнай графікай экспануецца графіка краін Захаду і Усходу. Імкненне супаставіць розныя графічныя школы і тэндэнцыі ў галіне кніжнага мастацтва прыходзіць само па сабе.

Усе прадстаўленыя польскія і нямецкія ілюстрацыі даюць выдатнае ўяўленне пра мастацтва кнігі на Захадзе. Імкненне да наіву і мінімалізму, адштурхоўванне ад дзіцячага прымітыўнага малюнка аб’ядноўвае еўрапейскіх графікаў. Акрамя таго, сучасная дзіцячая кніжная ілюстрацыя на Захадзе відавочна ўзгадавана коміксамі, букартам, дызайнам і найноўшымі камп’ютэрнымі тэхналогіямі. Вось Юстына
/i/content/pi/cult/251/3683/7-book.gif
В.Ягоўдзік. З нізкі "Казкі тураўскага лугу".
Марчэўска ў серыі “Што ў жываце бурчыць?” імітуе інтэрфейс камп’ютэрнай праграмы ў якасці фону для сваіх персанажаў. Аляксандра Твардокэнс скарыстоўвае лаканічную комікс-эстэтыку для “Сцэн з жыцця ваяра”. А “Tiger Kite” Катажыны Самборэк— гэта своеасаблівая графічная “лапікавая коўдра”: шматкаляровы вясёлы калаж. Арыгінальныя кампазіцыйныя знаходкі — у “Новым буквары” Вольфа Эрлбруха. Польскія і нямецкія мастакі актыўна выкарыстоўваюць шрыфты, літарацыю і разнастайныя макеты, каб надаць кнігам найбольшую выразнасць і мастацкую прывабнасць. Еўрапейская ілюстрацыя адрозніваецца імкненнем спалучыць непасрэдна кніжную графіку і дызайн, каб атрымаць гэткі сучасны творчы прадукт.

Ірэна Абольскі, мастачка з Ізраіля, працуе ў ручных самабытных тэхніках. Гэта традыцыйна-ўсходняя самабытнасць. Яе графічныя аркушы ўяўляюць з сябе цялячы пергамент, на якім нажом выразаны іерогліфы, арнаменты, прадметы і персанажы. Яе графіка, адначасова імпэтная і дакладная, абуджае нейкія агульначалавечыя архетыпы, што існуюць у кожным з нас.   

Беларуская кніжная ілюстрацыя на гэтым фоне вылучаецца самабытнасцю і аўтэнтычнасцю. У нашых творцаў ёсць свая мастацкая мова: яны развіваюцца паўнавартасна і самастойна. Мікалай Казлоў, Наталля Сустава, Павел Татарнікаў, Валерый Славук, Юрый Алісевіч, Вера Ягоўдзік і Раман Сустаў працуюць выключна ў ручных тэхніках. Яны робяць акцэнт на дэталі, касцюмы, разнастайнасць рухаў і выразаў твару. І хаця ў кожнага — свой аўтарскі почырк, руплівая прамалёўка і дэталізацыя аб’ядноўваюць беларускія ілюстрацыі. “Хрустальны калодзеж” Н.Суставай і М.Казлова прываблівае дынамікай колераў і рухаў, “Чорцікава казка” Р.Сустава здзіўляе рысачкамі-кузурачкамі-плямачкамі, раптоўным выкарыстаннем шрыфтавой графікі, “Чароўны свет” В.Славука ўражвае штрыхамі і маштабнасцю выкананай працы. Такіх розных па стылістыцы мастакоў, як Ю.Алісевіч, П.Татарнікаў і В.Ягоўдзік, аб’ядноўвае дасціпнае “заігрыванне з белым”: уменне рабіць кампазіцыйныя і каларыстычныя акцэнты, часта пакідаючы частку паперы зусім незафарбаванай. Гэта надае ілюстрацыям пэўную свабоду, нейкую цнатлівую выразнасць.

Невялічкая, але змястоўная экспазіцыя “Жылі-былі…” — гэта сапраўды аглядны экскурс у сусветную дзіцячую кніжную графіку.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ