“Машына часу” ў артэфактах і фактах

№ 8 (928) 20.02.2010 - 26.02.2010 г

Абрысы Музея гісторыі Мінска ўжо вымалёўваюцца. Хай сабе і пункцірам

Шпацыруючы па шырокіх сучасных вуліцах, і турыст, і карэнны мінчанін маюць аднолькавае жаданне: убачыць схаваны пад роўнай пліткай  “культурны слой” глыбінёй амаль у тысячагоддзе. Мінск не проста заслужыў музей сваёй багатай даўніны — “ментальная архітэктоніка” горада літаральна яго патрабуе. Не дзіва, што памкненні ліквідаваць “белую пляму” на мінскай карце літаральна луналі ў паветры. Але  доўгі час гэта былі толькі памкненні. Сёння ж ужо можна казаць пра канкрэтны праект, які спакваля ўвасабляецца ў жыццё.

У 2003 годзе, згодна з даручэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, пры гарадскім упраўленні культуры была створана рабочая група па арганізацыі Музея гісторыі Мінска. Яе ўзначаліла Галіна Ладзісава. Сёння група аб’ядноўвае ўсяго некалькі спецыялістаў і месціцца ў невялічкім кабінеце аднаго з будынкаў гарвыканкама. Але, як запэўніў карэспандэнта “К” начальнік упраўлення культуры Уладзімір Карачэўскі, ужо ўвесну музей стане юрыдычнай асобай — са сваім памяшканнем і структурай.  

— Праца рабочай групы дасягнула належнага плёну, і таму наспела неабходнасць пераходзіць на новы этап, — кажа ён.

 На пачатку года рашэннем Мінгарвыканкама для дырэкцыі будучага музея была перададзена толькі што адрэстаўраваная старадаўняя камяніца на вуліцы Рэвалюцыйнай. Неўзабаве “нованароджаная” ўстанова атрымае фінансаванне і штатныя расклады.  

Паводле канцэпцыі, распрацаванай рабочай групай, музей будзе складацца з чатырох вялікіх аб’ектаў: Мінскага замчышча, экспазіцыі ў Верхнім горадзе, Лошыцкай сядзібы і галерэі народнага мастака СССР Міхаіла Савіцкага. Пагадзіцеся, маштабы ўражваюць!  

 

Тэхналогіі  пагружэння ў даўніну

Архітэктурная канцэпцыя музейнага комплексу “Мінскае замчышча” яшчэ толькі ў стадыі распрацоўкі. Але палеміка сярод прафесіяналаў ужо пачалася (гл. “К” №4 за 2010 г.). Зразумела, што не апошняе слова ў гэтай дыскусіі належыць установе, якой наканавана выкарыстоўваць плён працы архітэктараў. Ці ўлічваюць яны меркаванне музейшчыкаў?  

— Планавае заданне на праектаванне комплексу мы распрацоўвалі сумесна з архітэктарам Сяргеем Багласавым, — кажа Галіна Ладзісава. — Стварэнне такога складанага аб’екта — гэта даследчы, тэхнічны і, разам з тым, творчы працэс, які патрабуе супольных намаганняў прадстаўнікоў самых розных прафесій: архітэктараў, гісторыкаў, музейшчыкаў, дызайнераў, музейных педагогаў...  Таму мы працуем у цеснай звязцы.  

На думку Галіны Ладзісавай, комплекс павінен увасабляць як мінскую даўніну, так і сучасныя  тэхналогіі музейнай справы: не толькі плазменныя экраны, галаграмы ды іншыя тэхнічныя навінкі, але таксама і новыя формы камунікацыі з наведвальнікам.  Менавіта музейныя атракцыёны і праявы інфраструктуры сталі прадметам згаданых дыскусій. Ці не парушыць гульнёвы фармат “ауру” гэтага месца?

— Мы мусім усведамляць: наш музей разлічаны не толькі на прафесійных гісторыкаў, але і на звычайных людзей, якія прыйдуць сюды, каб адпачыць у выхадны дзень, — кажа Галіна Ладзісава. — Іх патрабаванні таксама трэба браць пад увагу. Таму музейны комплекс павінен змяшчаць і зоны сервісу, рэкрэацыі.  

Зразумела, што сервіс у дадзеным выпадку павінен быць ненавязлівым. Будаўніцтва на гістарычным месцы сучаснага “фастфуду” спецыялістамі нават не абмяркоўваецца.  

— Я згодная з думкай, якую выказаў на старонках “К” начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры краіны Ігар Чарняўскі: поруч з класічнымі спосабамі падачы матэрыялу, у Музеі гісторыі Мінска павінны выкарыстоўвацца таксама і інавацыйныя падыходы, — кажа Галіна Ладзісава. — Зрэшты, не такія яны і новыя: інтэрактыўнасць заўсёды была ўласціва музейнай дзейнасці. А сёння без яе ніяк. Музею даводзіцца канкурыраваць з тэлебачаннем і кіно, якія валодаюць вельмі пераканаўчым арсеналам выразных сродкаў.  

  Сучасны музей — гэта не толькі размешчаныя пад шклом экспанаты, — дадае Уладзімір Карачэўскі. — Наша задача — зрабіць “Мінскае замчышча” цікавым для самага шырокага кола наведвальнікаў рознага ўзросту, асабліва для моладзі. Безумоўна, выкарыстанне сучасных тэхналогій — гэта не самамэта. Яны патрэбны толькі для таго, каб узмацніць эфект пагружэння ў даўніну.

 Але ж аднымі мультымедыйнымі тэхналогіямі і інтэрактыўнымі атракцыёнамі музею не абысціся. Патрэбны арыгіналы. Вырашыць гэтую праблему “нованароджанай” установе вельмі няпроста: для фарміравання фондаў патрэбны дзесяцігоддзі карпатлівай працы.  

Будучы Музей гісторыі Мінска ўжо мае ўласныя калекцыі  — пераважна, гэта плён нядаўніх раскопак у гістарычным цэнтры сталіцы. Але, вядома, іх недастаткова. І таму ўстанова разлічвае на дапамогу старэйшага калегі — Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі: у яго фонды траплялі самыя каштоўныя археалагічныя знаходкі на тэрыторыі Мінскага замчышча. Нямала матэрыялаў раскопак таксама належаць Інстытуту гісторыі НАН Беларусі.  

Перад стварэннем экспазіцыі музею давядзецца вырашыць яшчэ адну немалаважную праблему.  Многія вырабы з керамікі, кафлі, металу, скуры  патрабуюць рэстаўрацыі. Рабочая група ўжо наладзіла супрацоўніцтва з кафедрай народнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, дзе рыхтуюць мастакоў-рэстаўратараў. Вынікі пераўзышлі ўсе чаканні. Безумоўна, да гэтай карпатлівай працы з часам далучацца  і прафесійныя рэстаўратары з вядучых музеяў краіны. А ў адміністрацыйным блоку музейнага комплексу з’явяцца адкрытыя рэстаўрацыйныя майстэрні. Галіна Ладзісава ахвотна пагаджаецца з тым, што інавацыі ў плане формы не павінны адмоўна паўплываць на змест. У аснове фарміравання экспазіцыі мусяць быць прынцыпы гістарычнай дакладнасці. Але, на яе думку,  часам музейшчыкі могуць дазволіць сабе… і стварэнне міфаў — тактоўнае і далікатнае. — Гісторыя і міф увогуле вельмі блізкія, — лічыць кіраўнік рабочай групы.  

 

Адчуць рытм сядзібы

Перайшоўшы праз тлумную магістраль і апынуўшыся ў Верхнім горадзе, турыст здолее прадоўжыць знаёмства з гісторыяй сталіцы. Два будынкі з комплексу былога бернардзінскага кляштара аддадзены пад музейныя экспазіцыі: адну з іх мяркуецца прысвяціць уласна Верхняму гораду, тэма другой— рух. Не толькі ў часе, але і ў гарадской прасторы.

Экспанаванне машыны часу ў яе рам ках не плануецца. Затое будзе прадстаўлены транспарт мінулых стагоддзяў— ад брычкі да першых мадэлей веласіпеда. Наведвальнікі са здзіўленнем даведаюцца пра тое, што Свіслач некалі мела гандлёвае значэнне: за некалькі соцень метраў ад музейнага будынка размяшчалася прыстань, куды ў завозны дзень паступалі тавары.  

Каб дабрацца да наступнага музейнага адраса, давядзецца прадоўжыць знаёмства з гарадскім транспартам. Сумёты  ў Лошыцкім парку сёння дасягаюць ці не метровай вышыні. Сюрпрызы надвор’я, вядома, паўплывалі на інтэнсіўнасць работ па яго добраўпарадкаванні, але снег—  з’ява сезонная. І неўзабаве драўляная частка сядзібнага дома, якую ўлетку давялося разабраць з прычыны яе аварыйнага стану, адновіцца ў першапачатковым выглядзе.

 — Мы папрасілі рабочых, якія працавалі на гэтым аб’екце, каб яны вельмі ўважліва ставіліся да выпадковых знаходак,— распавядае Галіна Ладзісава.— І сюрпрызы не прымусілі сябе чакаць: нашу калекцыю папоўнілі манеты часоў Кацярыны ІІ, старыя квіткі, керамічныя вырабы. Але самая цікавая знаходка— ліст да Яўстафія Любанскага, датаваны 1900 годам: ён патрапіў у шчыліну паміж бярвенняў і праляжаў там цэлае стагоддзе! Для нас гэты дакумент вельмі каштоўны, бо артэфактаў, звязаных з уласнікамі сядзібы, зусім вобмаль.  

Агульная плошча адноўленага сядзібнага дома — 1130 метраў. Яе палову зойме пастаянная экспазіцыя, што налічвае ажно 15 залаў, сярод якіх — кабінетбібліятэка, гасцёўні, сталовая... Цяжка нават уявіць, колькі музейных прадметаў спатрэбіцца, каб напоўніць гэтую прастору і рэалізаваць складаную задуму аўтараў канцэпцыі: аднаўленне своеасаблівага “мікракосмасу” сядзібы беларускай шляхты. Тым больш, аднаўляць інтэр’еры жылых памяшканняў давядзецца з нуля.

Праект роспісаў на ўзор тых, што калісьці ўпрыгожвалі сцены палаца, ужо падрыхтаваны мастацкай групай. З артэфактамі значна цяжэй. Ад “бюджэтнага варыянту” — вырабу муляжоў — аўтары канцэпцыі вырашылі адмовіцца. Дух сядзібы будуць ствараць аўтэнтычныя крэслы, начынне, кнігі, якія датуюцца ХІХ стагоддзем і з’яўляюцца “блізкімі сваякамі” тых рэчаў, што папраўдзе знаходзіліся ў пакоях палаца. Прынцып аналогіі ў сусветнай практыцы выкарыстоўваецца вельмі шырока.  

— Адшукаць на антыкварным рынку цікавыя для нас прадметы сёння куды прасцей, чым у былыя часы, — кажа Галіна Ладзісава. — Вядома, сродкаў і высілкаў спатрэбіцца багата, але... Хто шукае, той знойдзе. Мы плануем звярнуцца да жыхароў Мінска і спадзяёмся на іх патрыятызм. Звернемся таксама і да нашчадкаў колішніх уладальнікаў сядзібы — Прушынскіх, якія цяпер жывуць у Польшчы.

 “Звышзадача” музейнага аб’екта ў Лошыцы будзе рэалізоўвацца не толькі экспазіцыйнымі сродкамі. Новаствораную прастору напоўняць звыклыя праявы жыцця шляхты: балі, музычныя вечары, літаратурныя салоны. 

 — Спадзяюся, наш наведвальнік атрымае унікальную магчымасць на нейкі час вырвацца з сучаснага мітуслівага жыцця, адчуць іншы лад і іншы рытм — павольны і размераны,  пафіласофстваваць на верандзе за кубкам гарбаты, — дзеліцца задумамі Галіна Ладзісава. 

Складовай часткай лошыцкага комплексу стане кавярня — не проста аб’ект інфраструктуры, але важнае дапаўненне да агульнага антуражу. Увогуле, гастранамічны аспект жыцця шляхецкай сядзібы таксама не застаўся  без увагі музейшчыкаў: яны актыўна прапрацоўваюць варыянты яго ўвасаблення.   

— Людзі стаміліся ад так званых фастфудаў і супермаркетаў — ім хочацца пакаштаваць хатніх страў, — кажа Галіна Ладзісава.  

 

Нерв часу 

18 лютага народны мастак СССР, Герой Беларусі Міхаіл Савіцкі перадаў у муніцыпальную ўласнасць свой знакаміты цыкл “Чорная быль”. Гэта быў чарговы крок па стварэнні персанальнай галерэі мэтра беларускага жывапісу.  Палотны на чарнобыльскую тэматыку, а таксама многія іншыя знакамітыя творы Міхаіла Савіцкага можна будзе ўбачыць у сценах будынка на вуліцы Рэвалюцыйнай. Адкрыццё гэтай экспазіцыі прымеркавана да Дня Перамогі. Па сутнасці, яна стане першым праектам Музея гісторыі Мінска.  

 Тым часам, сёння ўжо рыхтуецца праект рэстаўрацыі будынка на плошчы Свабоды, які, паводле рашэння Кіраўніка дзяржавы, аддадзены пад персанальную  галерэю майстра. А да канца наступнага года ўсе работы павінны быць завершаны.  

Да старой камяніцы, якая мае сваю цікавую гісторыю, запланавана прыбудова з вялікімі выставачнымі заламі. Галерэя, чыя агульная плошча перавысіць 3600  кв. м., будзе забяспечана самым сучасным тэхнічным абсталяваннем. Але ж свайго гістарычнага аблічча яе сцены не страцяць: ляпніна і насценныя роспісы канца XVIII ст. будуць захаваны і ўведзены ў экспазіцыйную прастору.

Творам Ганаровага грамадзяніна Мінска Міхаіла Савіцкага ўласцівы  глыбокі аўтарскі погляд на той перыяд гісторыі Беларусі, сведкам і ўдзельнікам якога давялося стаць Майстру. Магчыма, галоўная яго заслуга — ва ўменні адчуць “нерв” свайго часу. Таму знаёмства з галерэяй — лагічнае завяршэнне наведвання музея горада, што стане паўнавартаснай экскурсіяй па беларускай сталіцы — старадаўняй і сучаснай адначасова.

— Гарадскія ўлады ставяцца да гэтага праекта з асаблівай увагай, — адзначае Уладзімір Карачэўскі. — Бо Музей гісторыі Мінска мае выключна важную місію: ён фарміруе аблічча нашага горада.

 Ілля СВІРЫН