Адзін дзень, які здзівіў Брэст

№ 8 (928) 20.02.2010 - 26.02.2010 г

Рэспубліканскі прэс-цэнтр конкурсу маладых талентаў “Зорка ўзышла над Беларуссю” цягам бліжэйшага месяца вандруе пакраіне разам з членамі журы творчага спаборніцтва. 19 — 21 лютага адборачны тур другога этапа праходзіць у сталіцы, 24-га цэнтрам конкурсных падзей стане Магілёў. А распачаўся этап 12 лютага ў Брэсце. Карэспандэнты “К” наведалі горад над Бугам і ўпэўніліся ў тым, што патэнцыйных зорак мастацтва ў Беларусі заўжды багата.

Алімпіяда мастацтваў

Вельмі прыгожы пад зімовым покрывам, Брэст вітаў удзельнікаў з усіх куткоў вобласці. Галоўнае адрозненне другога этапа ад першага— распачалася праца рэспубліканскага журы. У сваім поўным складзе— звыш 60 чалавек,— зразумела, выязджаць на рэгіянальныя этапы нязручна. Таму было вырашана, што на кожны абласны тур выправяцца не менш чым тры суддзі па кожнай намінацыі. Поўны спіс членаў журы брэсцкага тура можна знайсці на нашым сайце: www.kimpress.by.

Калі “зорная” каманда, што арганізавана выправілася з Мінска на досвітку, апынулася ва ўтульным фае Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра, ён патанаў у звонкім шчабятанні шматлікіх юных талентаў. Трэба аддаць належнае арганізатарам з упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама: ім удалося стварыць адначасова святочную і працоўную атмасферу. Вялікая колькасць удзельнікаў і гасцей не павінна была бянтэжыць: вядома, абласны тур конкурсу маладых талентаў— не Алімпійскія гульні, але ясная і дакладная арганізацыя, безумоўна, у такога маштабнага мерапрыемства павінна быць на  высокім узроўні. Ці ж гэта жарты: амаль 400 удзельнікаў! І ўсе яны “разведзены” па сваіх творчых напрамках, кожнаму выдадзены адпаведны бэдж, у фае Г рамадска-культурнага цэнтра размешчаны столікі для рэгістрацыі з каляровымі ўказальнікамі з назвамі намінацый. Што да візуальных сімвалаў “Зоркі...”, то на тумбах у цэнтры Брэста яны былі ў выглядзе афіш, а на кожнай з пляцовак эмблема ўпрыгожвала вялікія палотнішчы.

Шматлікасць намінацый не дазволіла размясціць усіх удзельнікаў у адным будынку. Спаборніцтвы ў размоўным жанры і аўтарскай песні адбываліся ў гарадскім Доме культуры, а прыхільнікі народных спеваў дэманстравалі сваё ўменне ў актавай зале Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Р.Шырмы. У самім жа грамадска-культурным цэнтры творчая моладзь размеркавалася па трох паверхах. Для канкурсантаў у намінацыях “Жывапіс”, “Графіка”, “Скульптура”, “Дызайн” творчая “алімпіяда” пачалася яшчэ да прыезду журы, бо ствараць патэнцыйныя шэдэўры мастакі былі абавязаны на вачах арганізатараў. Афіцыйны старт абласнога тура быў дадзены ў вялікай глядзельнай зале начальнікам упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Рыгорам Бысюком. І вось, нарэшце, на сцэну выйшлі першыя канкурсанты. Дарэчы, у той дзень аб’яднанае журы па намінацыях “Эстрадныя спевы” і “Сучасная харэаграфія” паглядзела ажно 102 нумары...

 

Да чаго ляжыць сэрца

Пакуль свята песні і танца толькі пачынаецца, падымаемся на паверх вышэй, дзе ўсталяваны мальберты. Вылучаюцца работы некалькіх маладых людзей. (Забягаючы наперад, адзначым, што менавіта яны і прайшлі ў наступны этап.) “Я скончыў Мінскае мастацкае вучылішча,— апавядае выкладчык Рэчыцкай школы мастацтваў, што на Століншчыне, Сяргей Місюн.— Вырашыў прыняць удзел у конкурсе, бо не хачу спыняцца на дасягнутым. Дадзены конкурс для мяне— не толькі магчымасць прадставіць свае карціны, але і абмяняцца інфармацыяй з калегамі. Гэтую магчымасць лічу галоўным здабыткам “Зоркі…”. Да ўдзелу ў конкурсе, адчуваецца, Сяргей паставіўся сур’ёзна, як і належыць маладому прафесіяналу: падрыхтаваў спецыяльны буклет з рэпрадукцыямі сваіх імпрэсіяністычных карцін. І такі сур’ёзны падыход да рэспубліканскага спаборніцтва не адзінкавы. Па словах жа ўраджэнкі Баранавічаў Аксаны Сцякольнікавай, яна нават звольнілася з працы, каб мець час для падрыхтоўкі. Месца дызайнера ў салоне штор яе не задавальняла: “Я спадзяюся, што ўдзел у конкурсе дапаможа мне атрымаць новыя веды, а з імі— і новую, больш цікавую і творчую, працу”,— спадзяецца Аксана.

Ганна Радзько з брэсцкага Цэнтра пазашкольнай работы шчыравала над сваім творчым заданнем у суседняй бібліятэчнай зале. А яно ў нешматлікіх удзельнікаў па намінацыі “Дызайн” няпростае: ім трэба стварыць праект аздаблення выстаўкі... матылькоў. Паказальна, што некалькі маладых дызайнераў абыходзіліся без традыцыйных фарбаў або алоўкаў: іх замяніла больш сучаснае абсталяванне— камп’ютэры-ноўтбукі. “Я доўга не раздумвала, ці ісці на конкурс, бо стараюся прымаць удзел у максімальнай колькасці творчых спаборніцтваў”,— распавяла карэспандэнтам “К” Г анна.  Дарэчы, у суседняй зале над малюнкам працавала вельмі падобная на Г анну дзяўчына, якая аказалася яе роднай сястрой Марыяй. 

Колькасць  маладых прафесіяналаў, што прымаюць удзел у “мастакоўскіх” намінацыях “Зоркі…” і з’яўляюцца выкладчыкамі або студэнтамі творчых устаноў, на Брэстчыне даволі вялікая. Гэта падымае творчую планку конкурсу на высокі ўзровень. І калі яны спрабуюць спадабацца журы найперш ведамі і ўжо напрацаваным вопытам, то ў зусім маладых удзельнікаў выйсце адно: здзіўляць энергіяй, запалам і арыгінальнымі ідэямі. Менавіта так лічыць удзельніца ў намінацыі “Фатаграфія” Юлія Паліцук з Брэста. Канкурэнцыі яна не баіцца: у другі этап прайшла з работай, выкананай пры дапамозе... мабільнага тэлефона.

Удзельніца (і пераможца абласнога этапу)у намінацыі “Народныя спевы” Эльвіра Стэльмашук з Драгічына ўразіла і голасам, і артыстызмам. А яшчэ— прыхільнасцю да свайго віду мастацтва. “Сэрца ў мяне ляжыць менавіта да народнай музыкі”,— прызнаецца Эльвіра. А яе  маці Алена Мікалаеўна, культработнік з вялікім стажам, дадае: “Дзякуй “Зорцы…”! Бо сярод іншых творчых спаборніцтваў яна вылучаецца самым вялікім розгаласам у СМІ.” Галоўнае — ідэя “Галоўнае — не дасканаласць тэхнікі, але арыгінальнасць ідэі” — гэтую думку давялося пачуць у кулуарах конкурсу неаднойчы. Кожны з удзельнікаў спрабаваў выдзеліцца сваім спосабам. Атрымлівалася не ва ўсіх: шмат хто з удзельнікаў эстраднай праграмы яўна капіраваў убачанае па тэлебачанні. А вось за нешматлікімі “размоўнікамі” і “бардамі” назіраць было куды цікавей: адчувалася, што амаль за кожным падрыхтаваным нумарам стаіць цалкам сфарміраваная асоба са сваім поглядам на свет і сістэмай каштоўнасцей. І класічную бардаўскую кампазіцыю пад гітару, і выступленне рок-гурта журы “Аўтарскай песні” слухала з цікавасцю і, у большасці выпадкаў, з відавочным задавальненнем. Стракаты рэпертуар “размоўнікаў” не дазваляў сумаваць. Крышку складаней даводзілася аб’яднанаму журы “эстраднікаў”: і спевы, і танцы на адной сцэне доўжыліся амаль да сёмай гадзіны вечара. Дарэчы, прыхільнікаў сучаснай харэаграфіі было куды менш, чым спевакоў, і журы выказвала ў кулуарах пажаданне арганізатарам наступных абласных тураў, каб яны абавязкова падзялялі пляцоўкі, на  якіх спаборнічаюць спевакі і танцоры.

Будучыя зоркі эстрады спрабавалі здзівіць журы сваімі галасамі. Крыху складанейшае становішча — з рэпертуарам. Канкурсанты павінны былі выканаць дзве кампазіцыі— беларускі і сусветны шлягеры. Відавочна, што для вопытных членаў журы і адной песні было дастаткова, каб адразу зразумець патэнцыял кожнага з удзельнікаў. Асноўнае— талент, а не колькасць бліскавак на сукенках, якія змянялі некаторыя маладыя спявачкі ў перапынку паміж   выхадамі на сцэну. А вось чаго шмат якім выступоўцам відавочна бракавала, дык гэта ўмення паводзіць сябе на сцэне, зрабіць свой нумар цікавым з драматургічнага пункта гледжання.  

Старт другога этапа конкурсу выявіў вялікую ролю арганізатараў у агульным поспеху. Нягледзячы на тое, што над пастаноўкай адборшчыкі спецыяльна не працавалі, абмежаваўшыся асобнымі карыснымі парадамі, стварэнне святочнай атмасферы, у якой праходзіла свята, вельмі спрыяла агульнаму настрою і пачуццю поспеху. Вельмі важным фактарам стала і моцная падтрымка публікай “сваіх”канкурсантаў. Удзельнікі па розных намінацыях збіраліся ў зале і падбадзёрвалі землякоў гучнымі крыкамі і апладысментамі. Для тых, хто апынуўся на вялікай сцэне ўпершыню, такая падтрымка магла аказацца вырашальнай.

 

***

У час брэсцкага абласнога тура карэспандэнты “К” яшчэ раз пераканаліся: галоўнае ўсё-такі ўдзел! Большасць мерапрыемстваў конкурсу— наперадзе, але яго самая важная задача ўжо выканана, бо галоўнай мэтай “Зоркі…” з’яўляецца магчымасць прадэманстраваць свае таленты. Сярод удзельнікаў з Брэстчыны было шмат тых, хто ніяк не звязаны з прафесійным мастацтвам, але вельмі хоча займацца ім. І тое, што конкурс дае ім натхненне для далейшай  творчасці, зразумела менавіта ў такія дні. Ну, а з тымі, хто падаўся членам журы здольнымі прадстаўляць вобласць на фінальным этапе, чытачы “К” яшчэ сустрэнуцца ў паведамленнях нашага прэс-цэнтра.

Антон СІДАРЭНКА,

Юрый ІВАНОЎ (фота),

 нашы спецыяльныя карэспандэнты

Мінск —  Брэст —  Мінск