Паводле Мележа...

№ 8 (928) 20.02.2010 - 26.02.2010 г

12 лютага ў актавай зале Хойніцкага райвыканкама прайшло першае пасяджэнне Нацыянальнага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства.

Пасяджэнне прайшло пад старшынствам намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Патупчыка. Таксама ў ім бралі ўдзел міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі, старшыня Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Якабсон, намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Вольга Антоненка і іншыя.

 “К” пісала ўжо, што сёлетні Дзень беларускага пісьменства, які пройдзе ў Хойніках 5 верасня, будзе розніцца ад папярэдніх аналагічных святаў адмысловым духоўным зместам. Як падкрэсліў на пасяджэнні Аргкамітэта Уладзімір Патупчык, варта прадэманстраваць унікальныя мясцовыя традыцыі, апетыя Іванам Мележам. Таму адкрые свята тэатралізаванае прадстаўленне паводле твораў аўтара “Палескай хронікі”. Горад актыўна рыхтуецца да свята. Як паведаміла “К” кансультант упраўлення друкаваных СМІ і знешніх сувязей Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Галіна Гусакова, ля Цэнтра культуры і спорту размесціцца неўзабаве гандлёвы кніжны павільён. Па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы Хойніцкага райвыканкама Жанны Чарняўскай, на рамонт і рэканструкцыю аб’ектаў культуры трэба асвоіць больш за 9 мільярдаў рублёў. Распачаты работы на былым маёнтку Аўрамава, дзе размесціцца Хойніцкі краязнаўчы музей. Працягваецца рамонт РДК.

Цэнтрам свята стануць галоўная плошча Хойнікаў і гарадскі парк. Тут будуць выступаць прафесійныя і аматарскія мастацкія калектывы Гомельшчыны ды Хойніцкага раёна. Адбудзецца і канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі. Пройдзе, натуральна,  цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” і Рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор прозы, паэзіі, драматургіі, літаратурнай крытыкі і дзіцячай літаратуры. Цягам фестывалю прэсы мяркуецца прэзентацыя рэспубліканскіх і рэгіянальных друкаваных СМІ.

У Глінішчы, на радзіме Івана Мележа, адбудзецца навукова-практычная канферэнцыя, пасяджэнне “круглага стала” з удзелам пісьменнікаў з Расіі, Славакіі, Казахстана, Сербіі, Чарнагорыі, Літвы, Балгарыі, Польшчы…

Наступнае пасяджэнне Аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства ў Хойніках запланавана на май.

А.С.