Вялікі ўклад у культуру краіны

№ 8 (928) 20.02.2010 - 26.02.2010 г

Дзейсная ўвага Кіраўніка нашай дзяржавы традыцыйна надаецца творчай працы дзеячаў культуры і мастацтва.

Паводле паведамлення Прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, сваім  Указам Аляксандр Лукашэнка ўганараваў, у прыватнасці,  вядучага майстра сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага, народнага артыста СССР Расціслава Янкоўскага ордэнам Айчыны ІІ ступені. Член Беларускага саюза музычных дзеячаў Іна Зубрыч адзначана ордэнам Францыска Скарыны.

Сярод узнагароджаных медалём “За працоўныя заслугі” і медалём Францыска Скарыны — супрацоўнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, іншых  навучальных устаноў краіны, а таксама прадстаўнікі тэатральных і танцавальных калектываў.

 

Вядучаму майстру сцэны дзяржаўнай установы

“Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы”,

народнаму артысту СССР Аўсяннікаву Г.С.

Шаноўны Генадзь Сцяпанавіч!

 Прыміце сардэчныя віншаванні з 75-годдзем з дня нараджэння.

Вас з поўным правам можна аднесці да зорак беларускай сцэны, творчасць якіх з’яўляецца нацыянальным скарбам, складае гонар і славу нашай культуры.

Самабытны талент, бліскучае акцёрскае майстэрства і нязменная вернасць  жыццёвай праўдзе дазволілі Вам стварыць шэраг яркіх і незабыўных вобразаў сапраўдных народных герояў, якія ўражваюць цэласнасцю характару, шчырасцю пачуццяў, душэўнай сілай і адкрытасцю. Спектаклі і фільмы з Вашым удзелам сталі класікай айчыннага мастацтва.

Няхай жа і ў далейшым на творчым шляху Вас чакаюць шмат новых цікавых роляў і любоў удзячных гледачоў.

Жадаю Вам, паважаны Генадзь Сцяпанавіч, доўгіх і плённых гадоў жыцця,  моцнага здароўя, невычэрпнага натхнення, поспехаў і дабрабыту.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр ЛУКАШЭНКА

19 лютага 2010 года

 

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народнага артыста Беларусі Сяргея Картэса з 75-годдзем. 

“Вас па праве называюць адным з самых яркіх прадстаўнікоў сучаснай  беларускай кампазітарскай школы, якому падуладны самыя розныя музычныя жанры, — адзначаецца, у прыватнасці, у віншаванні Кіраўніка нашай дзяржавы. — Дзякуючы Вашаму таленту, непаўторнай творчай манеры, энергіі і энтузіязму беларуская опера атрымала новае сцэнічнае ўвасабленне і сучасную музычную мову”.

Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што Сяргей Картэс яшчэ доўгія гады будзе гэтак жа плённа працаваць на карысць нацыянальнай культуры, і пажадаў юбіляру здароўя, невычэрпнага натхнення, шчасця і дабрабыту.

Паводле паведамлення Прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь