“…І жыццё кіпіць, і ўсё ідзе сваім парадкам”

№ 7 (927) 13.02.2010 - 19.02.2010 г

Іван Пушкоў. З франтавога дзённіка мастака.

У гады Вялікай Айчыннай вайны ў Чырвонай Арміі, партызанскіх лясах і падполлі са зброяй у руках змагаліся больш за 130 мастакоў, членаў беларускага прафесійнага творчага Саюза. Амаль усе яны ўзнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі. Сярод іх — Герой Савецкага Саюза лётчык-знішчальнік Міхаіл Зялёнкін (пра яго мы раскажам пазней), шмат кавалераў самых высокіх баявых  ордэнаў і медалёў.

Сёння ў жывых сярод членаў Беларускага саюза мастакоў засталіся каля 20 удзельнікаў мінулай вайны, але тых, хто не дажыў да 65-годдзя Вялікай Перамогі, мы не  забываем, бо яны ўнеслі вялікі ўклад у наша сучаснае мірнае жыццё.  Адным з тых, хто пакінуў пасля сябе добрую памяць як салдат, мастак, чалавек, грамадзянін, з’яўляецца Іван Васільевіч  Пушкоў. Ён — вядомы беларускі пейзажыст, заслужаны работнік  культуры Беларусі (чвэрць стагоддзя кіраваў Гродзенскай абласной арганізацыяй Саюза мастакоў). Кавалер ордэна Баявога Чырвонага Сцяга, чатырох ордэнаў Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў, многіх баявых медалёў. У 1944-м Пушкоў быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза, але ў апошні момант замест Зоркі героя атрымаў ордэн Баявога Чырвонага Сцяга.  24 гады яго няма з намі (ён пайшоў з жыцця ў 1986-м, ва ўзросце 68 гадоў), але засталіся яго пранікнёныя лірычныя пейзажы і светлая памяць тых, хто яго ведаў, хто з ім сябраваў і працаваў. Дарэчы, у канцы 2006 года на будынку Гродзенскай выставачнай залы была ўстаноўлена мемарыяльная дошка Івану Пушкову.

 
/i/content/pi/cult/250/3670/7kultura15.gif

Пасля аперацыі "Баграціён" (ліпень 1944 г.)
І.Пушкоў стаіць першы злева. 

Артылерыст і разведчык, ён з 22 ліпеня 1941га да пераможнай вясны 1945га знаходзіўся ў дзеючай арміі, на перадавой. Спачатку было адступленне ад пагранічнай рэчкі Прут, цяжкія  баі за Крым, дзе ён карэкціраваў артылерыйскі агонь. Затым Пушкоў — удзельнік легендарнай Керчанска-Эльцігонскай дэсантнай аперацыі і баёў на Малой Зямлі. У складзе 18-й арміі ён змагаўся за Новарасійск, Керч, Туапсэ. Наступныя старонкі ягонай франтавой біяграфіі — вызваленне Беларусі, аперацыя “Баграціён”, баі ў Прыбалтыцы, Усходняй Прусіі, Польшчы, штурм Берліна. Скончыў вайну Іван Пушкоў у Празе. Незадоўга да смерці Іван Васільевіч перадаў мне свій архіў: папку з  франтавымі малюнкамі і тры свае дзённікі ваенных гадоў (1942 — 1945). Уласна, гэта не столькі дзённікі ў іх вузкім разуменні, колькі роздумы аб жыцці: аб прыродзе, паэзіі, жывапісе, філасофіі, гісторыі. Ва ўсе гэтыя “аўтарскія адступленні” арганічна ўведзены падрабязныя апісанні баёў і ваеннага побыту, непасрэдна звязаных з асобай аўтара.

У гэтым і далейшых нумарах “К” я прывяду фрагменты з дзённікаў (для аднаго з іх, дарэчы, Іван Пушкоў выкарыстаў трафейны нямецкі штодзённік 1939 года), якія характарызуюць яго не толькі як салдата, але і як паэта-лірыка. Ён у кароткіх перапынках паміж баямі скрупулёзна запісваў сваім вельмі дробным почыркам (ручкай ці алоўкам) уражанні і развагі: пра тое, што адбывалася побач, пра баявых сяброў-таварышаў, пра  абпаленую вайной прыроду і ўвогуле пра жыццё, якое будзе пасля Перамогі. А ў яе, Перамогу, Іван Васільевіч верыў, пачынаючы з першага дня вайны…

Барыс КРЭПАК

 

 9 лютага 1942 г. Садкі.

 Не ведаю, чаму, але іншым разам у жыцці бываюць такія хвіліны, калі вельмі хочацца штосьці рабіць: пісаць, маляваць, піць, весяліцца або моцнамоцна прытуліць любімую дзяўчыну. Мабыць, гэта не зусім нармальныя пачуцці, якія ўласцівы здароваму чалавеку? Тым не менш, ува мне жывуць падобнага роду заганы.

Сёння, у які раз, мяне паднялі  ў гадзіну ночы для абсталявання НП (Наглядальны пункт. — Б.К.). Хлопцы прапрацавалі да позняга сняданку.  Я, праўда, вызваліўся а чацвёртай гадзіне: мяне змяніў Алі Эрменаў. Ах! Якое цудоўнае гэта мора! Лютая ноч. Навокал цішыня, і шыракагрудая зямля, быццам мёртвая, выцягнула ногі і спіць непрабудным сном пад гурбамі аксамітнага снежнага покрыва. Толькі дзесьці наперадзе чуваць адзіночныя ружэйныя стрэлы, часам пратарахціць кулямёт, альбо з глыбіні сусвету, быццам рэха, данясецца гул артылерыйскай кананады. Зрэдку  з заснежанай вёскі пачуецца лянівае гаўканне ацалелага сабакі. Вось і ўсё, што можна пачуць у гэтай марознай цемры. А над галавой, быццам люстры, зіхацелі смарадамі зоркі. Месяц павольна рухаецца, а сотні асвятляльных ракет, пасля бездарожнай пагоні за адыходзячым месяцам, разбіваюцца аб мёрзлую зямлю…

Зараз ужо пятая гадзіна. Хутка скрозь заслону туману праглянуць першыя праменьчыкі ўзыходзячага сонца.  Вось-вось пачуецца скаваны скрып двухколавага тарантаса з добрым катлом пярловай кашы і ста грамамі  на кожнага з нас чароўнага віна на сняданне. І вось ужо пяць гадзін. Галава мая канчаткова пацяжэла і схіляецца ўніз, хочацца моцна-моцна заснуць… Так, трэба трошкі пакемарыць. Можа, хутка будзе бой — і трэба быць да яго ў  поўным узбраенні…. Як жа я зайздрошчу тым, хто сёння недзе далёка можа спаць спакойна пад мірным небам, і як ненавіджу тых, хто прынёс на нашу зямлю разбой і жах…

 

 5 сакавіка 1942 г.

 Ну вось, нарэшце!  Мы выехалі з Садкоў. Дык ужо і пара: колькі можна стаяць на адным месцы! Нават у прыродзе няма нічога сталага: усё рухаецца, змяняецца. Адыходзіць адно — на зямлю прыходзіць іншае, і жыццё кіпіць, і ўсё ідзе сваім парадкам. 7 сакавіка 1942 г. Іванькі. Ужо два дні, як  мы  ў Іваньках. Абарону занялі на стратэгічна выгадным рубяжы. Як непрыкметна прайшоў час — ужо вясна! У прыродзе адбыліся змены: стала больш прыветлівым і цёплым сонца, а на дварэ, высока падняўшы чырвоныя падбародкі  і выцягнуўшы шыі, пераклікаюцца гордыя пеўні. Па вуліцах і агародах, пераплятаючыся хвастамі, бегаюць раз’юшаныя сабачыя атрады. З палёў даносіцца звонкі спеў жаўранка. Шэравата-бурыя стэпы, якія патанаюць у хістках эфіру, нагадваюць непадзельныя блакітныя марскія прасторы. Хочацца хутчэй скінуць з сябе зімовае  адзенне, адчуць свабоду і моцна ўзяцца за зброю. Толькі што да нас прыйшло нядрэннае папаўненне пяхоты: хлопцы ўсе — арлы — гвардзейцы! Артылерыі тут хопіць для таго, каб гансу  збіць рогі і пахаваць  пад гул арт-кананады. Хутчэй бы адштурхнуцца і рушыць наперад-наперад на Захад!

 

12 сакавіка 1942 г.

Два апошнія дні быў на НП. Назіраў за немцамі. Безупынны рух машын. Ніяк не ўцямлю, альбо адсюль яны што вывозяць, альбо сюды штось прывозяць, але адно зразумела: гансы рыхтуюцца да “вясенняй кампаніі”. Ноччу засёк некалькі батарэй праціўніка. Так, ледзь не забыў: учора назіраў зацьменне Месяца. Бедны месяц, як ён мучыўся — бы дзяўчына пры родах: то акругліцца, то пачырванее, то збялее, то ледзь-ледзь прагляне з-за воблакаў, то зусім знікне, пакінуўшы толькі адзін арэол. Нарэшце, пасля дзвюхгадзінных пакут, ён разарваў  калматыя кучы аблокаў і зноў заззяў…

 

27 сакавіка 1942 г.

 На фронце ні адзінага выстралу. Усё навокал маўчыць. Толькі пасля ўчарашняга цяжкага бою ў вушах застаяўся нейкі незразумелы звон, падобны на свіст цвыркуна. Неяк незразумела праходзіць вайна. Калі раней вёскі і гарады здаваліся амаль што без бою, дык цяпер на кожную вёску, на кожны бліндаж, акоп кладуцца дзесяткі, сотні снарадаў. З кожным днём усё мацнейшы кулямётны дождж. Некалі ўрадлівыя палі пераўтвараюцца ў могільнікі для фашысцкага звяр’я. Зямля на працягу 2500 кіламетраў — ад Чорнага да Паўночнага мора — скапана гіганцкімі ровамі, мільёнамі акопаў і варонкамі.  Кожны метр зямлі на сваёй паверхні ўтрымлівае да кілаграма сталі. Гэта гаворыць пра тое, што з кожным днём усё мацней і зладжаней становіцца наша армія, і ўсё глыбей і глыбей запаўзаюць у свае бярлогі фашысцкія звяры.  Учарашні дзень — 26  сакавіка — быў адным з самых запамінальных дзён за час вайны. Цягам 46 гадзін перыядычна ішла артпадрыхтоўка з таго і другога бакоў.  Няспынна страчылі кулямёты. Снарады прашывалі ўсё навокал. Гэта было сапраўднае пекла. Дзіўна, але наша хата ў вёсцы Палітаддзельнае  засталася непашкоджанай. Увечары ўсё сціхла. Ноч прайшла спакойна…

 

 1 снежня 1943  г.

Керчанскі паўвостраў. Вельмі доўга не браўся за дзённік.Было не да таго: баі, баі, баі… Сёння першы дзень зімы, трэцяй па ліку, жахлівай кровапралітнай вайны, якая адняла ў мяне, як і ў мільёнаў іншых людзей, столькі сіл і жыцця… Больш за два гады таму зіма сваімі рыхлымі пухнатымі завеямі снегу прыносіла мне столькі радасці і шчасця на тамбоўскай зямлі, маёй радзіме; цяпер на пакутлівай крымскай зямлі — горыч і смутак… Але ж гэта не канец твайго жыцця, Іван, і не канец вайны: не падай духам, не давай  слабінку сваёй волі, бо тваё жыццё, як і тваё шчасце, — наперадзе, а таму ты не павінен атручваць свой настрой сумнай галавой і смуткам тваіх задумлівых вачэй. Няхай памяць твая служыць неад’емным памочнікам тваёй волі  і не займае ў цябе залішніх сіл. Яна возьме на сябе ўсё табой перажытае і напоўніць цябе пачуццём святой помсты да тваіх  крыважэрных ворагаў, якія залілі крывёю тваю радзіму. Дык не будзь жа бездапаможным і бяссільным перад складанасцямі і цяжкасцямі жыцця! Ты шмат прайшоў, але табе яшчэ больш давядзецца прайсці. Там, наперадзе, растуць цудоўныя кветкі твайго шчасця: імі ўзнагародзіць цябе твая краіна, твой народ. І перамога над ворагам увянчае цябе лаўрамі пераможнай славы!.. Трэба, трэба аднаўляць у сабе стан, які надаў бы мне  бадзёрасці, радасці жыцця.

 

 22 снежня 1943 г.

 Шэрая  таманская раніца. Накрапвае дождж. На дварэ —непралазны  бруд. Неба пахмурнае і непрывабнае, спрэс зацягнутае шэра-сінімі хмарамі. Салёны марскі вецер шуміць у таманскіх травах. Мой “каземат” наскрозь змок і мае вельмі жаласны выгляд. Ды і сам я ўвесь у брудзе і змок да ніткі, — у рэшце рэшт, “нармальная” ваенная абстаноўка. Учора ў нас быў мітынг, дзе прысутнічалі член Дзяржаўнага Камітэта абароны К.Я. Варашылаў, прадстаўнік стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання С.К. Цімашэнка і камандуючы Паўночна-Каўказскім фронтам І.Я. Пятроў. Так, заўважна пастарэў Варашылаў у параўнанні з тым, якім я яго бачыў на ўсялякіх фотарэпрадукцыях: я ж маляваў і пісаў яго партрэты ў 1937— 1938 гг., калі заканчваў Пензенскае мастацкае вучылішча. Раней я мог убачыць сівізну толькі на яго скронях, але цяпер срэбрам адсвечвае ўся галава, ды і твар вельмі змяніўся: маршчыны, складкі… Але затое яго стройная фігура, упэўненая паходка па-ранейшаму велічная і прыгожая. Маршал Цімашэнка і генерал-палкоўнік Пятроў уручалі ордэны асобным таварышам, якія не паспелі атрымаць іх яшчэ за першы дэсант. А 15-й гадзіне мітынг скончыўся.  І людзі былі разведзены па сваіх месцах, атрымалі гарэлку і сухі паёк: рыхтаваліся да чарговага дэсанта. Уначы мы павінны пераадолець воды Азоўскага мора і высадзіцца ў раёне вышыні 164,5 і рыбных промыслаў… Праз дзевяць дзён — Новы год. Якім ён будзе для нас, для ўсіх савецкіх людзей? Але думаю, веру, што ў 44-ым  мы зламаем хрыбет фашыстам і дойдзем да самога Берліна…

(Працяг будзе.)