Авангард, асіміляваны класікай

№ 21 (787) 26.05.2007 - 01.06.2007 г

Разважаючы пра сучаснае тэатральнае жыццё, даводзіцца з сумам канстатаваць, што глядач ужо даўно не ходзіць у тэатр “на асобу”. Часцей за ўсё нагодай для паходу на той ці іншы спектакль з’яўляецца яго актыўная рэклама ў СМІ. Але ж у любым правіле бываюць выключэнні, і сярод іх — спектаклі рэжысёра Віталя Баркоўскага, які ў свой час зрабіў сабе імя на эксперыментальных, авангардных пастаноўках. Сёння ж вось ужо дзесяць гадоў, як Баркоўскі ў якасці мастацкага кіраўніка ўзначальвае Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. І гэты факт, побач з нядаўнімі гастролямі тэатра на сталічнай Купалаўскай сцэне, стаў нагодай для творчага абмеркавання вядучымі тэатральнымі крытыкамі рэжысёрскай “спадчыны” Баркоўскага, а менавіта яго спектакляў “І нас пацалуе світанак” В.Острава, “Чорная нявеста” А.Дударава, “Дакрануцца вуснамі да нябёсаў” Т.Уільямса, “Тузы” У.Відмера, “Бацька” А.Стрындберга, “І смех, і слёзы, і Любоў” У.Набокава, “Сон на кургане” Я.Купалы.

Таццяна АРЛОВА:

— Мне заўсёды здавалася, што Баркоўскі не “ўпішацца” ў Коласаўскі тэатр. А ён не толькі “ўпісаўся”, а і зрабіў свой тэатр. Калі чалавек 10 гадоў “распрацоўвае” адно і тое ж, то гэта ўжо стыль, які прыжыўся ў тэатры. Годнасць рэжысёра Баркоўскага — у нацыянальнай самасвядомасці. Ён востра выказваецца пра час і пра сябе, не баючыся папрокаў і асуджэнняў.

“Чартаўшчына” ёсць у кожным спектаклі Баркоўскага, але перамагае дабро. “Світанак”, “Тузы” — спектаклі, пастаўленыя сучаснай мовай. Бадай, ніхто так смела ў нас пра сучасныя праблемы не гаварыў. Тэма дабра і зла праводзіцца і ў спектаклі “Чорная нявеста” Дударава — праз увядзенне ў структуру спектакля Дзяўчынкі (Анёла) і Пачвары (Д’ябла).

 /i/content/pi/cult/117/367/Avangard.jpg
Сцэна са спектакля "І смех, і слёзы, і Любоў".

“І смех, і слёзы, і Любоў” з усіх спектакляў спадабаўся мне найбольш. Пазнаю почырк Баркоўскага. Набокаў набліжаны тут да Гогаля. Знойдзены адметны гратэскны стыль, цікавыя акцёрскія работы, сярод якіх нават цяжка вылучыць кагосьці аднаго.

Вячаслаў ГРЫБАЙЛА:

— Насычаным дзеяннем і трапнымі метафарамі вырашаецца ў спектаклях Баркоўскага маральная праблематыка. Вельмі ўразіў спектакль “Бацька”. Цяпер ён глядзіцца зусім па-новаму, чым на прэм’еры. І гэтаму спрыяе выдатная акцёрская работа Святланы Акружной і Валянціна Салаўёва.
Хачу адзначыць многія акцёрскія работы, асабліва Тамары Шашкінай і Анжалікі Баркоўскай у “Дакрануцца...”, маладой пары Ірыны Цішкевіч і Сяргея Астрамовіча ў “Чорнай нявесце”. Злабадзённасць спектакля “І смех, і слёзы, і Любоў” — у актуальнасці тэмы.Але глыбокі сэнс метафары рэжысёра і аўтара не заўсёды спасцігаюць акцёры. Кожны іграе тыпаж, а не асобу. Няма яднання душ. Псеўдатворчасць, псеўдакаханне, псеўдажыццё — вось што тут трэба іграць... Мы не жывём, а выдумляем сваё жыццё. Людзі настолькі занятыя праблемамі выдумкі, што не жывуць, а “паказваюць” жыццё, гуляюць у выдумку сваіх праблем.

Людміла ГРАМЫКА:— Знакавасць — вось што тлумачыць многае ў спектаклях Баркоўскага. Сярод стылёвых асаблівасцей — погляд на свет зверху, з нейкай філасофскай вышыні, калі дробязі не маюць асаблівага значэння. Менавіта такія ўсе спектаклі Баркоўскага — пра Чалавека.Самы цікавы нюанс “Світанку” ў тым, што дзеці ўцягваюць дарослых у сваю небяспечную гульню, страшную антымаральную карусель. Спектакль вельмі актуальны, вельмі блізкі і зразумелы падлеткам.
“Мадам Боншанс” — з шэрагу спектакляў, якія для Баркоўскага — “песня душы”. Атмасфера выяўляецца пры афармленні: карціна Суціна “Дамы” паўстала перада мной, калі я ўбачыла сцэнаграфію. Выдатна іграе Мадыльяні Ігар Падлівальчаў: Баркоўскі “рыфмуе” лёсы яго і Суціна Аляксандра Гайдука.
Абодва — геніі, у абодвух— трагічнае жыццё. Але хацелася б больш дакументальных фактаў з жыцця Суціна, гэта дало б неабходнае ўяўленне пра асобу мастака.
Я двойчы глядзела “І смех, і слёзы, і Любоў” — эксклюзіўны матэрыял. Дапамагае ўбачыць гратэск і востры малюнак Баркоўскага. Анжаліка Баркоўская ў ролі Любы — адкрыццё вельмі таленавітай актрысы. Шматпланавая выканаўца, падобных індывідуальнасцей няма ні ў адным з мінскіх тэатраў.
Калі сучасныя рэжысёры ставяць творы Янкі Купалы, то, як правіла, не працуюць з канкрэтным творам, а звычайна робяць пастаноўкі па матывах. Такім шляхам пайшоў і Баркоўскі са “Сном на кургане” і— меў рацыю. Спектакль паступова зацягваў мяне ў складаныя праблемы рэчаіснасці. Выдатна працуе Пятро Ламан у ролі Песняра.

Вячаслаў ІВАНОЎСКІ: — Творчы імпэт, з якім працуюць коласаўцы, пераконвае, што
 /i/content/pi/cult/117/367/Avangard1.jpg

Сцэна са спектакля "Дакрануцца вуснамі да нябёсаў".

калектыў сёння ідзе за Баркоўскім. Ці ўсё ўдаецца? Рэжысёр актыўна змагаецца з недасканалай драматургіяй “Чорнай нявесты”, і спектакль набывае пэўную метафарычнасць менавіта дзякуючы рэжысёру. Барацьба святла і цемры становіцца галоўным этычным імператывам. Складаная і дакладна ўвасобленая драматургія “Бацькі” распавядае пра неўладкаванасць нашага ўнутранага жыцця, пра змаганне з самім сабой, у якім усе церпяць паражэнне.

“Дакрануцца...” — тэма адзіноты вачыма сталага чалавека, пры гэтым малады і стары пісьменнікі не супрацьпастаўляюцца, а суіснуюць: юнацтва многае можа, а старасць многае разумее.

Моцнае глядацкае ўражанне пакінуў “Сон на кургане”. Час вельмі моцна перакрыжаваўся ў гэтым спектаклі.

Скарб не заўсёды ў нашых галовах, а часцей — пад нагамі. Зварот менавіта да гэтай праблематыкі — станоўчае ў спектаклі. А постаць Купалы вяртае да самага важнага — купалаўскага слова.

 Вадзім САЛЕЕЎ:
— Эстэтыка Баркоўскага-эксперыментатара была ірацыянальнай. Сеня мы бачым псіхалагізм, да якога наблізіўся рэжысёр. Жыццё паказвае, што зліццё рэжысёра-эксперыментатара і псіхалагічнага тэатра пайшло на карысць. З’явілася новая дакладнасць Коласаўскага тэатра, і звязана яна з творчай эвалюцыяй Віталя Баркоўскага.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА