Адкрыцці Полацкага Евангелля

№ 7 (927) 13.02.2010 - 19.02.2010 г

170 лістоў пра ХІІ стагоддзе

Сярод каштоўнасцей, што былі вывезены з Беларусі цягам мінулых стагоддзяў, вельмі шмат унікальных рукапісных і друкаваных кніг. Адзін з такіх скарбаў — Полацкае Евангелле ХІІ стагоддзя, скрадзенае пасля захопу Полацка Іванам Жахлівым у ходзе Лівонскай вайны ў 1563 годзе.

/i/content/pi/cult/250/3668/7kultura14-.gif
Так выглядае Полацкае Евангелле.
 
Інфармацыі аб тым, дзе працяглы час знаходзілася кніга, вельмі мала. Вядома толькі, што ў XIX ст. асноўная частка фаліянта захоўвалася ў гісторыка М.Пагодзіна, а два аркушы— у збіральніка даўніны В.Ундольскага. У 1852 г., разам з пагодзінскім зборам старадрукаваных кніг і рукапісаў, Полацкае Евангелле набыла Імператарская Публічная бібліятэка ў Пецярбургу. У сваю чаргу, два аркушы, якія належалі Ундольскаму, трапілі разам з іншымі каштоўнасцямі яго збору ў бібліятэку Румянцаўскага музея, а цяпер захоўваюцца ў Аддзеле рукапісаў Дзяржаўнай бібліятэкі ў Маскве.

Пры гэтым доўгі час кніга была не даступная айчынным даследчыкам. Тым не менш, яе вялікая гістарычная і духоўная каштоўнасць відавочная. Па словах Уладзіміра Грозава, дырэктара выдавецтва Беларускага Экзархату, змест старажытнага фаліянта ўяўляе з сябе евангельскія чытанні па каляндарным годзе. Ад першапачатковага тэксту захавалася 170 лістоў— каля 70 працэнтаў,— дзякуючы чаму можна ўпэўнена сцвярджаць: гэта першае Евангелле, што мае дачыненне да сучаснай беларускай тэрыторыі і дайшло да нас у такім вялікім аб’ёме. Старэйшым за гэтую кнігу лічыцца толькі Тураўскае Евангелле, датаванае XI ст. Ад яго захавалася толькі 11 лістоў.  

Праз чатыры з паловай стагоддзі Полацкае Евангелле вернецца ў Беларусь у факсімільным варыянце. Як зазначыў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка ў гутарцы з журналістамі на XVII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, паводле інфармацыі з Міністэрства культуры Расіі выдаткі па падрыхтоўцы факсіміле возьме на сябе расійскі бок. Гэтымі днямі была створана працоўная група, навуковым кіраўніком якой стаў доктар гістарычных навук, прафесар Сяргей Рассадзін. У размове з карэспандэнтам “К” ён падкрэсліў, што да пачатку грунтоўнага даследавання цяжка нават уявіць маштабы верагодных знаходак і адкрыццяў на старонках кнігі. Пры гэтым нават дробныя дэталі змогуць адкрыць невядомае пра нашу мінуўшчыну.

 Тым больш, вядома, што ў мове рукапісу адзначаюцца рысы, уласцівыя полацкаму дыялекту крывічоў. Вялікую цікавасць уяўляюць і ўкладныя запісы дзелавога характару на старонках Евангелля, датаваныя XIV— XVII стст. У прыватнасці, як адзначае гісторык-беларусіст з СанктПецярбурга Мікалай Нікалаеў у сваёй працы “Палата кнігапісная”, князь Андрэй Данілавіч перадае Троіцкаму манастыру (дзе першапачаткова захоўвалася кніга) вотчыну сваю Прасмужыцы; Іван Ніканавіч Дзяменцьеў— тры “места ролейные” на Вялікім Полі, іржышча, сенажаць на рацэ Палаце, агарод і палову гумна на Старым горадзе; вялікі князь Андрэй Полацкі— рэчку Званіцу, ад возера Звана да ракі Дрысы, з бабровымі гонамі.

Мікалай Нікалаеў вызначыў, што Полацкае Евангелле перапісана ўставам двума почыркамі. Да таго ж, пергамент рукапісу захаваў разметку лінеек вострым пісалам, а дзірачкі, што непазбежна з’яўляюцца пры вырабе скуры, акуратна зацыраваны. Калі ж казаць пра аздабленне кнігі, то, паводле ацэнкі вучонага, упрыгожанні рукапісу вельмі сціплыя: захаваліся толькі дзве застаўкі, адна з іх— з арнаментам старавізантыйскага тыпу, што з-за выкарыстання срэбра, якое з часам акіслілася, дрэнна захавалася і амаль не чытаецца. Верагодна, срэбра ўжывалася для стварэння і другой застаўкі (яна таксама амаль не захавалася з-за моцнага акіслення). Па меркаванні гісторыка, тэхналогія жывапісу з выкарыстаннем срэбра зусім не характэрная для славяна-візантыйскай кнігі, аднак менавіта такая тэхніка была распаўсюджана ў XII ст. у гарадах Германіі. Таму нельга выключыць удзел нямецкіх майстроў у ілюстрацыі гэтага рукапісу або знаёмства майстра-палачаніна з еўрапейскімі тэхналогіямі ўжывання фарбаў.

 Кажучы пра Полацкае Евангелле ХІІ ст., нельга не прыгадаць і асобу святой Еўфрасінні Полацкай. Ёсць верагоднасць і таго, што гэтая кніга непасрэдна звязана з дзейнасцю асветніцы, якая заснавала ў родным горадзе два манастыры, вядомыя ва ўсім славянскім свеце як асяродкі перапісвання кніг. 

К.А