Фотаатэлье на падворку

№ 7 (927) 13.02.2010 - 19.02.2010 г

Як паведаміў “К” начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Лойка, Шчучынскі аддзел культуры спрацаваў па выніках мінулага года з лепшымі паказчыкамі па вобласці. Гэта тычыцца і бібліятэчнай справы, і клубнай дзейнасці. Дынаміка развіцця назіраецца, як дадае начальнік аддзела культуры Шчучынскага райвыканкама Яніна Міраненка, і ў працы раённага Цэнтра рамёстваў.

 РЦР у раёне існуе з 1998 года. У штаце — два майстры-метадысты, малодшы  навуковы супрацоўнік, кіраўнікі гурткоў па саломкапляценні, мастацкай вышыўцы, вязанні, роспісу па дрэве, рукадзеллі… Як паведамляе выконваючая абавязкі дырэктара РЦР Таццяна Гаўрылава, у гэтых гуртках з задавальненнем займаецца не адзін дзесятак аматараў нашых традыцыйных рамёстваў. А настаўнікі  ў іх — больш чым дасведчаныя. Узяць хаця б Леакадзію Бярдоўскую ці Вольгу Каранкевіч. Першая не адзін год займаецца саломкапляценнем, другая — універсал: майстрыха і ў вязанні, і ў вышыўцы. Работы абедзвюх экспануюцца і за мяжой.

План платных паслуг за мінулы год установа выканала без праблем.  На гэтым варта спыніцца больш падрабязна. Справа ў тым, што ёсць у РЦР выставачная зала, майстэрні, экскурсіі  па якіх— платныя. Выставачная зала дзейнічае па музейным прынцыпе. Ёсць тут старажытныя экспанаты, ёсць і сучасныя рэканструкцыі. І выстаўка гэтая пастаянна пашыраецца. Словам, ахвотных наведаць РЦР і на ўласныя вочы пабачыць, скажам, восем унікальных мясцовых строяў заўжды шмат.

Яшчэ адна невычэрпная крыніца і этнічнага, так бы мовіць, выхавання, і нязмушанага баўлення часу, і развіцця пазабюджэтнай дзейнасці — Рамесніцкі падворак.  У “мабільным наборы”, які можна без перашкод  і транспартаваць, і “раскласці” на любым  пленэры (фестывалі, свяце, кірмашы), — хатка, плот, лаўка, калодзеж і нават будка для сабакі. У гэтым “антуражы” шчучынскія рамеснікі гастралююць па ўсёй рэспубліцы, ладзяць майстар-класы, рэалізоўваюць сувенірную прадукцыю.

Больш за тое: на Рамесніцкім падворку дзейнічае і фотаатэлье, з дапамогай якога (таксама за плату) ахвотны можа сфатаграфавацца разам з “фальклорнымі” Дзедам і  Бабай.

А.С.