РЦР у раёне існуе з 1998 года. У штаце — два майстры-метадысты, малодшы навуковы супрацоўнік, кіраўнікі гурткоў па саломкапляценні, мастацкай вышыўцы, вязанні, роспісу па дрэве, рукадзеллі… Як паведамляе выконваючая абавязкі дырэктара РЦР Таццяна Гаўрылава, у гэтых гуртках з задавальненнем займаецца не адзін дзесятак аматараў нашых традыцыйных рамёстваў. А настаўнікі ў іх — больш чым дасведчаныя. Узяць хаця б Леакадзію Бярдоўскую ці Вольгу Каранкевіч. Першая не адзін год займаецца саломкапляценнем, другая — універсал: майстрыха і ў вязанні, і ў вышыўцы. Работы абедзвюх экспануюцца і за мяжой.
План платных паслуг за мінулы год установа выканала без праблем. На гэтым варта спыніцца больш падрабязна. Справа ў тым, што ёсць у РЦР выставачная зала, майстэрні, экскурсіі па якіх— платныя. Выставачная зала дзейнічае па музейным прынцыпе. Ёсць тут старажытныя экспанаты, ёсць і сучасныя рэканструкцыі. І выстаўка гэтая пастаянна пашыраецца. Словам, ахвотных наведаць РЦР і на ўласныя вочы пабачыць, скажам, восем унікальных мясцовых строяў заўжды шмат.
Яшчэ адна невычэрпная крыніца і этнічнага, так бы мовіць, выхавання, і нязмушанага баўлення часу, і развіцця пазабюджэтнай дзейнасці — Рамесніцкі падворак. У “мабільным наборы”, які можна без перашкод і транспартаваць, і “раскласці” на любым пленэры (фестывалі, свяце, кірмашы), — хатка, плот, лаўка, калодзеж і нават будка для сабакі. У гэтым “антуражы” шчучынскія рамеснікі гастралююць па ўсёй рэспубліцы, ладзяць майстар-класы, рэалізоўваюць сувенірную прадукцыю.
Больш за тое: на Рамесніцкім падворку дзейнічае і фотаатэлье, з дапамогай якога (таксама за плату) ахвотны можа сфатаграфавацца разам з “фальклорнымі” Дзедам і Бабай.
А.С.