Штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета
Выдаецца з кастрычнiка 1991 года
Кірмаш прэзентацый
Пачатак лютага — традыцыйны час правядзення прадстаўнічай Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Семнаццаты раз выдавецтвы падрыхтавалі для мінчан і гасцей беларускай сталіцы як кніжныя навінкі, так і вялікую пазнаваўчую праграму. Штодня на мінскай выстаўцы-кірмашы праходзяць “круглыя сталы”, сустрэчы з пісьменнікамі, выдаўцамі і, безумоўна, шматлікія прэзентацыі.
Дворец Республики объявляет конкурс
Дворец Республики объявляет конкурс на замещение вакантной должности в Президентском оркестре Республики Беларусь артист эстрадносимфонического оркестра (фортепиано, синтезатор).
Свята на вяршынях віртуознасці
10-годдзе Свята музыкі ў Заслаўі (гл. “К” № 4 за 2010 г.) — мінімальная па гістарычных мерках дата, каб адзначыць унёсак гэтага фестывалю ў цяперашнюю культурную палітру краіны. Аднак якраз яго “лакальнасць” па-свойму і мэтанакіравана ўздзейнічае на агульнае развіццё нацыянальнай культуры.
“…Sole” і сола
Што адгадаў Алег Молчан пятнаццаць разоў?
Усмешка і мантыя Сяргея Картэса
Народнаму артысту Беларусі, кампазітару Сяргею КАРТЭСУ 18 лютага спаўняецца 75 гадоў. Роўна праз тыдзень пасля дня нараджэння творцу будуць віншаваць у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета: 25 лютага там адбудзецца яго аўтарскі вечар, дзе канцэртную праграму зменіць аднаактовая опера “Юбілей”.
Адкрыцці Полацкага Евангелля
170 лістоў пра ХІІ стагоддзе
Едуць у вёску, а не ў аграгарадок…
Кадравая праблема: ці забяспечыць тузін замоў тузін устаноў? Адраджэнне і развіццё сяла: сацыякультурны зрэз
“…І жыццё кіпіць, і ўсё ідзе сваім парадкам”
Іван Пушкоў. З франтавога дзённіка мастака.
  2010 годзе завяршаецца рэалізацыя Дзяржаўнай праграмы  адраджэння і развіцця сяла. Перад галіной культуры, паводле яе палажэнняў, стаяў шэраг актуальных задач: правесці рэструктурызацыю сеткі сельскіх устаноў культуры, стварыць інтэграваныя ўстановы культуры, наладзіць работу мабільных устаноў культуры, у першую чаргу — аўтабібліятэк, мадэрнізаваць і аптымізаваць кінавідэасетку на сяле, ажыццявіць камп’ютэрызацыю і папоўніць фонды сельскіх бібліятэк, умацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу сельскіх устаноў культуры. Вынікі працы па названай праграме яскрава бачныя ў многіх кутках Беларусі: вясковыя паселішчы набылі сапраўды новае аблічча. Не выпадкова гэтая тэма для “К” — адна з вядучых. Пра сацыякультурныя змены ў Бярозаўскім раёне Брэстчыны наша газета пісала ў 2006 годзе — менавіта  той публікацыяй распачаўся рэдакцыйны праект “Культасветработа: ракурс адказнасці”. На якой стадыі знаходзіцца выкананне Дзяржаўнай праграмы  адраджэння і развіцця сяла, сёння, і — галоўнае — ці адчуваюць самі жыхары Бярозаўшчыны  вынікі праведзенай працы? На сённяшні дзень у Бярозаўскім раёне — 11 аграгарадкоў.

А

 
/i/content/pi/cult/250/3660/7kultura10.gif
Сумёты перад Шылінскім сельскім клубам.
ле, паводле Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла на 2006 — 2010 гг., іх павінна быць 13. На 2010 год перайшла сельская бібліятэка ў аграгарадку“Сігневічы” і Дом вольнага часу ў аграгарадку“Першамайскі”.  Але калі гэтую сітуацыю яшчэ можна вытлумачыць крызісам і недастатковым фінансаваннем у 2009 годзе, дык тэндэнцыя “няздачы” аб’ектаў культуры была і ў 2008 годзе, дакрызісным. Тады, да прыкладу,  засталіся  два пераходныя аб’екты: музычная школа ў аграгарадку“Спорава” і сельскі Дом культуры ў аграгарадку“Нарутавічы”. Іх давялося канчаткова “даздаваць” ужо ў 2009-м. На рамонтныя работы ў аграгарадках летась было выдаткавана каля 840 мільёнаў рублёў. Летась жа на ўмацаванне матэрыяльнай тэхнічнай базы ўстаноў культуры Бярозы і Бярозаўскага раёна пайшло прыкладна 1 мільярд 750 мільёнаў рублёў. Лічба, як бачна, унушальная. У 2009 годзе здадзены “пад ключ” сельскі Дом культуры ў аграгарадку “Маравіль”. Сёлета плануецца таксама пабудаваць два аграгарадкі: новы статус атрымаюць вёскі Сялец і Стрыгінь.

 

 На дыскатэку —  дзесятак чалавек?

У першы дзень камандзіроўкі распачаў вандроўку па Бярозаўшчыне самастойна. Спярша пазнаёміўся з аграгарадком “Міжлессе”. Яшчэ тры гады таму тут скончылася рэканструкцыя сельскага Дома культуры і сельскай бібліятэкі, якія размешчаны ў адным будынку. 

Першыя ўражанні ад убачанага — толькі дадатныя: шыкоўны знешні і ўнутраны выгляд СДК, якасная апаратура ў глядзельнай і танцавальнай залах. Але першай неспадзяванкай, паводле слоў дырэктара Міжлескага СДКСяргея Рудзя, сталася тое, што сёлета план платных паслуг для яго ўстановы ўзрос… на 300 працэнтаў! За кошт чаго ж  дырэктар (працуе ён на гэтай пасадзе  толькі паўтара года) збіраецца  выконваць план у 9 мільёнаў рублёў? Мо ў кіраўніка СДК ёсць нейкія нявыкарыстаныя рэзервы, або ён плануе ўвесці шэраг новых відаў платных па слуг?

— Яшчэ дакладна не ведаю, — адказаў Сяргей Рудзь, — але такі высокі план даведзены не толькі маёй установе. Магчыма, будзем актывізаваць канцэртную дзейнасць, запрашаць да сябе  гледачоў не толькі з нашай, а і з іншых вёсак. Можа, атрымаецца наладзіць дыскатэку...

Апошняя фраза здзівіла, таму пакінем разгляд тэмы 300-працэнтнага плана на потым, як, зрэшты, і аналіз спадарожных пытанняў: 9-мільённы план для СДК — гэта шмат ці ў самы раз, і чаму ў лютым дырэктар СДК не мае канкрэтнага планаграфіка, як гэты план “агорваць”? 

Скіруемся да тых праблем, якія паўстаюць перад згаданай установай культуры ўжо не першы год. Аказваецца, такі масавы від маладзёжнага адпачынку — дыскатэка — амаль не карыстаецца попытам у мясцовага насельніцтва. А жывуць у Міжлессі прыкладна 600 жыхароў, ёсць школа на 110 вучняў. На дыскатэку ж прыходзяць 5 — 10 чалавек. І гэта сапраўдная праблема для дырэктара.

— Хоць і ёсць добрыя дынамікі, пульт, DVD, думаю, што справа — у не надта сучасным абсталяванні, — дзеліцца сваім меркаваннем Сяргей Рудзь. — Каб быў ноўтбук, страбаскопы, лазеры, дык і людзі пайшлі б. 

Праблемная сітуацыя з дыскатэкай вымагае ад дырэктара СДК  пошуку новых відаў паслуг: цяпер ва ўстанове культуры можна таксама пагуляць у більярд, а ў летні час узяць напракат ролікавыя канькі. Таму і атрымліваецца так, што найбольш грашовых паступленняў установа культуры мае ад більярду, а не ад асноўнай — канцэртнай ці дыскатэчнай — дзейнасці.

Да таго ж, у СДК катастрафічна мала плошчаў: акрамя глядзельнай і танцавальнай залаў — толькі невялічкі кабінет дырэктара. Другі паверх СДК, дзе ёсць шэраг вольных памяшканняў, зачынены на нявызначаны тэрмін: ён неадрамантаваны яшчэ з часу здачы аграгарадка. Зразумела, “рамонтнае” пытанне Сяргей Рудзьбез удзелу кіраўніцтва аддзела культуры вырашыць не ў стане. А ў гэтых кабінетах можна было б наладзіць работу шэрагу гурткоў, зразумела, на платнай аснове. Гэта, безумоўна, павысіла б план платных паслуг, ды, можа,  паспрыяла б актывізацыі  культасветніцкай працы. Паабяцаў пацікавіцца ўсімі праблемнымі пытаннямі Міжлескага СДК у кіраўніцтва аддзела культуры. 

 

Моладзь лічыць…

“Міжлеская” праблема, натуральна, не толькі ў састарэлым дыскатэчным абсталяванні, як упэўнены дырэктар СДК. Пераканаўся ў гэтым пасля таго, як правёў невялікае сацыялагічнае апытанне на вуліцах аграгарадка. 

— Дыскатэка абсалютна не цікавая, — распавёў мне адзін з настаўнікаў Міжлескай сярэдняй школы. — Адзін і той жа рэпертуар. Я, напрыклад, хаджу толькі пагуляць у більярд.  — Вось летам адзін дзіджэй да нас прыязджаў — дык і народ пайшоў, у зале нават цесна было! — сказаў  яшчэ адзін жыхар аграгарадка — Аляксей.

— Сумна, нецікава, — пацвердзіў думку сябра яшчэ адзін малады чалавек Максім. — Часам ездзім на дыскатэку за 8 кіламетраў адсюль — у вёску Шылін: там заўсёды многа моладзі і цікава. Праўда, клуб цяпер зачынены: ніяк не знойдуць нікога на месца загадчыка. 

— Вельмі хацелася б, каб у клубе былі хоць якія-небудзь трэнажоры або спартыўная пляцоўка ля яго, — кажа жыхар Міжлесся Аляксандр. — Бо ў вёсцы няма спартыўнай залы нават у школе! Таму часам збіраемся з сябрамі і едзем у Бярозу, каб пазаймацца там спортам. А ў СДК мусіць быць спартыўная зала, толькі памяшканне тое рамантуецца...

Сапраўды, чаму б не разнастаіць рэпертуар, не запрашаць да сябе ў клуб тых маладых людзей, якія валодаюць талентам дзіджэя? Ды і спартыўныя трэнажоры набыць — таксама не надта вялікая праблема.  Праўда, дадам, прыдбаць гэтае абсталяванне можна толькі пасля правядзення рамонтных работ на другім паверсе СДК…  Першая выснова ад наведвання аграгарадка была несуцяшальнай: мо ў раёне культасветнікаў не вучаць зарабляць?

 

 Сумёты перад  сельскім клубам

Мяне зацікавіла тое, што моладзь аграгарадка “Міжлессе” ездзіць на дыскатэкі за 8 кіламетраў у вёску Шылін. Завітаў і туды. Аказваецца, на дыскатэку сюды ездзяць і са Здзітава, і з Сакалова, і са Стрыгіні, і нават з самой Бярозы. Праўда, было гэта раней. Паводле слоў шылінцаў, з восені мінулага года іхні клуб не працуе: няма ахвотных  кіраваць установай культуры. Хоць жыве ў Шыліне больш за дзвесце чалавек, прыкладна палова  — жыхары сталага веку.  Невялічкі будынак клуба з зачыненымі на замок дзвярыма, сумёты ля ўвахода — так сустрэла мяне гэтая ўстанова.

— Прыязджалі да нас шмат адкуль, — кажа адзінаццацікласніца Таня. — Канешне, дрэнна, што цяпер клуб не працуе. 

— Многа было людзей на дыскатэках, — распавёў мясцовы жыхар Міхаіл, — а цяпер ціха і неяк сумна. 

— Шкада, што клуб быў зачынены і на Новы год, — расказала пажылая жанчына, якую сустрэў ля клуба. — У нас так весела заўсёды было ў дні святаў, але ж не сёлета. Добра, што хоць дзяцей адвезлі ў суседні Здзітаў на аўтобусе: там ладзіўся навагодні вечар. Шылінцы, безумоўна, шкадуюць аб тым, што клуб стаіць зачынены. Чаму ж так адбылося? З усімі праблемнымі пытаннямі разбіраліся ўжо на наступны дзень у аддзеле культуры Бярозаўскага раёна.  Але напачатку — неаспрэчны факт: клуб у Шыліне аказаўся больш запатрабаваны жыхарамі гэтага рэгіёна Бярозаўшчыны, чым адрамантаваны СДК у аграгарадку “Міжлессе”. Падаецца, справа тут не толькі ў дрэнным ці добрым дыскатэчным абсталяванні, а ў тым, наколькі крэатыўна і цікава праводзіць свае дыскатэчныя праграмы загадчык клуба. Без гэтага крэатыву і пры самай лепшай матэрыяльнай базе наладзіць дыскатэкі — праблематычна.

 

“Вучуся на бухгалтара”

Начальнік аддзела культуры Таццяна Кавалёк працуе на сваёй пасадзе роўна год. Да гэтага была дырэктарам музычнай школы ў вёсцы Малічы, а потым і ў Бярозе. Наша гаворка, натуральна, адразу скіравалася  ў бок агучаных вышэй праблем.

— Літаральна ў той дзень, калі вы былі ў Шыліне, — распавяла мне Тац цяна Мікалаеўна, — мы прынялі на працу ў Шылінскі сельскі клуб на палову стаўкі акампаніятара  17-гадовую дзяўчыну, Людмілу Вярышка. Калі ёй споўніцца васемнаццаць, магчыма, перавядзём на пасаду загадчыка клуба. 

Па словах Таццяны Мікалаеўны, у аддзеле культуры доўга шукалі замену былой загадчыцы клуба, якая перайшла з Шыліна ў Здзітаў на пачатку восені. Яе наступніца, што прыйшла працаваць тады ж, увосень, не змагла давесці свой прафесіяналізм, і яе звольнілі...

Мы пабывалі з начальнікам аддзела культуры яшчэ раз у Шыліне. Клуб быў адчынены, а сумёты ля яго дзвярэй ужо прыбралі. Людміла Вярышка, акампаніятар, з якой пагутарыў у СК, яшчэ не надта ўпэўнена ў тым, што звяжа свой лёс з культурай. 

— Папрацую, тады, можа, і буду ведаць дакладна, — кажа яна. — Цяпер вучуся на бухгалтара ў Брэсце, жыву ў Здзітаве.

Як кажа начальнік аддзела культуры, дзяўчыне будуць дапамагаць у правядзенні дыскатэк. З пачатку лютага ў Бярозаўскім раёне запрацаваў аўтаклуб, у якім ёсць усё неабходнае абсталяванне і нават ноўтбук, каб праводзіць дыскатэкі на найвышэйшым узроўні ў самых аддаленых паселішчах. Таму, як запэўніла мяне Таццяна Кавалёк, закрытым клуб у Шыліне стаяць не будзе.

— У гэтую суботу правядзём тут першую ў 2010 годзе дыскатэку, — кажа яна, — і будзем заўсёды трымаць сітуацыю з арганізацыяй дыскатэк на кантролі. 

 

Філарманічныя акцэнты

Прыгадала начальнік аддзела культуры і сітуацыю ў Міжлескім сельскім доме культуры.

— Сяргей Рудзь — малады спецыяліст, — сказала мне Таццяна Кавалёк, — можа, таму ў яго яшчэ не ўсё атрымліваецца. Ды і наракаць на недастатковае тэхнічнае абсталяванне яму не выпадае: гэты клуб “узброены” тэхнікай лепш, чым многія іншыя. Мажліва, Сяргею не хапае вопыту работы. Спадзяюся, дыскатэчная праблема ў Міжлессі хутка вырашыцца з дапамогай нашых метадыстаў і Школы дзіджэяў.

А чым жа тлумачыцца такі высокі план, даведзены сёлета гэтай установе культуры? Нагадаю, з трох мільёнаў план узрос да дзевяці! За кошт чаго адбылося такое павелічэнне?

— Справа ў тым, — патлумачыла сітуацыю Таццяна Мікалаеўна, — што сёлета пры Міжлескім СДК запрацуе філарманічная пляцоўка. Ужо запланаваны шэраг выступленняў. Таму і павысіўся план платных паслуг у тры разы.

Усё гэта зразумела. Але, пагадзіцеся, дзіўна тое, што дырэктар СДК нічога не ведае пра планы кіраўніцтва аддзела культуры. Ці гэта таксама варта спісаць на маладосць і нявопытнасць? 

— Магчыма, Сяргей проста разгубіўся, — кажа Таццяна Мікалаеўна. — Бо пра тое, што сёлета пры Міжлескім СДК будзе працаваць філарманічная пляцоўка, ён ведаў.

Запытаўся і пра завяршэнне рамонту другога паверха Міжлескага СДК.

— Адрамантаваць гэтыя кабінеты на другім паверсе можна, — кажа Таццяна Мікалаеўна, — але я заўжды пытаюся ў дырэктара: а якія ў вас прапановы? Што вы хочаце там зрабіць? Уцямных і цікавых прапаноў я пакуль што не пачула. А без іх — навошта ўкладаць грошы ў рамонт памяшканняў? Хаця, зразумела, будзем паступова даводзіць да ладу гэты сельскі Дом культуры, зыходзячы, натуральна, з наяўных фінансавых магчымасцей.

 

А жыллё  шукайце самі… 

Адна з найвялікшых праблем аддзела культуры, як бачна, — кадравая.  — Сітуацыя сапраўды досыць цяжкая, — кажа Таццяна Кавалёк.  Дарэчы, у час нашай размовы начальніку аддзела культуры патэлефанаваў малады чалавек і запытаўся, ці патрэбны ім супрацоўнік-эканаміст. Таццяна Кавалёк адказала адмоўна і тут жа ўнесла сустрэчную прапанову: а ці не хоча суразмоўца папрацаваць загадчыкам клуба ў Броннай Гары? Аказваецца, і там патрэбны культработнік. А мясцовыя жыхары неяк не прыахвоціліся.

— Вось у Шыліне ўзялі дзяўчыну, — кажа Таццяна Кавалёк. — Хоць, калі мы прымаем на працу людзей без спецыяльнай адукацыі, у кантракце прапісваем: з наступным паступленнем у навучальныя ўстановы галіны культуры. У Магілёў, у Мінск, у Пінск... Шукаем такім чынам выйсце з праблемнай сітуацыі. Адзін са спосабаў вырашэння гэтага нялёгкага пытання, як кажа Таццяна Кавалёк, — выдача мэтавых накіраванняў тым маладым людзям, якія жадаюць звязаць свой лёс з культурай.

— Заўсёды кажу сваім работнікам, — падкрэслівае начальнік аддзела, — калі бачыце ў гуртках самадзейнасці здольных хлопцаў ці дзяўчат, дык працуйце з імі, заклікайце паступаць у навучальныя ўстановы сферы культуры. Наш аддзел заўсёды падтрымае маладых спецыялістаў. Летась было выпісана 12 такіх мэтавых накіраванняў. На Бярозаўшчыну ў 2009 годзе прыехалі шэсць маладых спецыялістаў, якія былі размеркаваны ў розныя ўстановы раёна.  На жаль, ні службовых кватэр, ні інтэрната для культработнікаў няма ні ў горадзе, ні ў раёне. Маладыя спецыялісты вымушаны самі шукаць сабе жыллё там, куды іх накіравалі. І аддзел культуры ніяк не кампенсуе ім выдаткі па аплаце жылля. 

— Спрабуем вырашыць сітуацыю, — кажа Таццяна Кавалёк. — Чакаем, што, магчыма, будзе адрамантаваны інтэрнат у Міжлессі, які належыць аддзелу адукацыі. Існуе папярэдняя дамоўленасць, што і нашы супрацоўнікі змогуць атрымаць там жыллё.  Наладжана і вучоба маладых спецыялістаў: у кастрычніку ўсіх новаспечаных культработнікаў збіралі ў аддзеле культуры, каб высветліць іхнія праблемы, дапамагчы ў рабоце. 

— Каб прывабіць моладзь на дыскатэкі, плануем стварыць школу дзіджэяў, — кажа Таццяна Мікалаеўна. — А ў сакавіку ў раённым метадычным цэнтры будзем ладзіць “круглы стол” па арганізацыі дыскатэчных мерапрыемстваў, бо гэты масавы від маладзёжнага адпачынку патрабуе сёння самай пільнай увагі. 

 

Шылін —  неперспектыўны?

 А цяпер зноў скіруемся ў раён. Калі наведваў Шылінскі сельскі клуб, дык у вочы кінулася лядашчасць яго будынка: састарэлыя падлога і сцэна, патрэсканая столь… На лагічнае пытанне аб перспектывах рамонту Шылінскага СК Таццяна Кавалёк адказала, што не бачыць у гэтым мэтазгоднасці. І прапанавала  пашукаць адказы ў вёсцы Здзітава, якая знаходзіцца за пяць кіламетраў адсюль. Дарэчы, з гэтай вёскі на дыскатэку ў Шылін таксама заўсёды прыязджала вясковая моладзь. Аказалася, гэтаму ёсць тлумачэнне.

— У Здзітаве ў нас няма ні Дома культуры, ні сярэдняй школы, — кажа Таццяна Кавалёк. — Там ёсць толькі школадзіцячы садок. Таму кожны дзень моладзь Здзітава ездзіць у Шылінскую сярэднюю школу. Ды і на танцы напрыканцы  тыдня — таксама.

У мінулым годзе ў Здзітаве распачалося будаўніцтва будынка сярэдняй школы. Калі школу пабудуюць, дык неперспектыўная школа ў Шыліне, хутчэй за ўсё, будзе закрыта. Разам з гэтым, як мяркуе Таццяна Мікалаеўна, зменіць статус Шылінскі СК: тут запрацуе Дом сацыяльных паслуг. А ў Здзітаве, на другім паверсе школы-дзіцячага садка, адкрыюцца сельскі клуб і бібліятэка, а таксама філіял Маравільскай дзіцячай музычнай школы. Кабінеты, два пакоі для бібліятэкі і танцавальная зала будучай установы культуры ўжо адрамантаваны, а ў чатырох класах філіяла ДШМ займаюцца дзеці. Літаральна днямі сюды завезлі новую мэблю.

Усе выглядае быццам бы няблага. Але пакуль што на месцы будучай сярэдняй школы — толькі фундамент, і я не бачыў, каб на гэтым аб’екце завіхаліся будаўнікі...  

Каб расставіць усе кропкі над “і”, па прыезде ў Мінск звязаўся з начальнікам аддзела адукацыі Бярозаўскага райвыканкама Аляксеем Курыловічам. Ён расказаў, што на першасныя работы па Здзітаўскай сярэдняй школе ўжо выкарыстана больш за мільярд рублёў. На гэты год выдаткаваны крэдыт у памеры трох з паловай мільярдаў. Як кажа Аляксей Сяргеевіч, усе работы па Здзітаўскай сярэдняй школе патрабуюць, па ягоных падліках, прыкладна сем мільярдаў. Таму, на думку начальніка аддзела адукацыі Бярозаўскага райвыканкама, школу здадуць не раней як у 2011 годзе.

Як бачна, мары кіраўніцтва аддзела культуры пра пераезд на новае месца і ў новы будынак — з Шыліна ў Здзітава — сёлета наўрад ці спраўдзяцца. Мусіць, так і давядзецца аўтаклубу прыязджаць па выхадных у Шылін, каб правесці там дыскатэку. І ці будуць яны гэтак жа запатрабаваны, як і раней, — пытанне з даволі няпэўным адказам.

 І яшчэ. Будучы сельскі Дом культуры і бібліятэку ў Здзітаве мяркуюць размясціць на другім паверсе будынка дзіцячага садка. Гэта, натуральна, створыць пэўныя цяжкасці для людзей сталага веку, а таксама інвалідаў. Такая ж сітуацыя — у Сяльцы, вёсцы, якая сёлета таксама павінна стаць аграгарадком: сельскі  Дом культуры і бібліятэка размешчаны на другім паверсе  будынка сельсавета.  Як кажа загадчык Сялецкага СДК Наталля Шчэрба, гэта  не надта спрыяе наведванню.

— Жыхары ўвогуле доўга прывыкалі да таго, што клуб знаходзіцца ў гэтай установе, — кажа яна. — А на другі паверх не кожная бабуля падымаецца.

У Таццяны Кавалёк ёсць адказ і на гэта.  

— Будзем рамантаваць стары аднапавярховы будынак клуба, — кажа яна. — Тым больш, ён размешчаны вельмі зручна: у цэнтры вёскі. Праектна-каштарысная дакументацыя ўжо зроблена і аплачана.

 Можа, перанос сельскага клуба паспрыяе і вырашэнню дыскатэчнага пытання, бо на танцавальныя вечары сюды прыходзіць 20 — 30 чалавек. Як лічыць загадчык Сялецкага СДК, гэта вельмі мала...  

 

***

Выкананне Дзяржаўнай праграмы “Адраджэнне і развіццё сяла” ў Бярозаўскім раёне звязана, як бачна, з шэрагам праблемных аспектаў. І найпершы з іх — кадравы. Менавіта ён цягне за сабой ланцужок нявырашаных пакуль што пытанняў.  

Хаця захады кіраўніцтва ўжо пачалі прыносіць свой плён. Напярэдадні здачы матэрыялу ў друк стэлефанаваўся з начальнікам аддзела  культуры Бярозаўскага райвыканкама. Таццяна Кавалёк распавяла, што ў мінулую суботу ў Шылінскім СК з дапамогай аўтаклуба паспяхова прайшла дыскатэка. Наведвальнікаў не бракавала, і Таццяна Мікалаеўна спадзяецца, што так будзе і надалей. Што да Міжлескага СДК, дык у ім 22 лютага пройдзе запланаванае выступленне народнага калектыву “Вінец” Равяціцкага СДК, а 5 сакавіка — канцэрт беларускай групы “Цягні-Штурхай”.

 Таму можна спадзявацца, што ў хуткім часе праблемы культурнай сферы Бярозаўскага раёна, якія закраналіся ў артыкуле, будуць вырашаны.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ,  наш спецыяльны карэспандэнт Мінск — Бярозаўскі раён — Мінск

 

Дэталь да агульнай карціны

 Калектывы прадоўжаць працу

 Аналіз дзейнасці шэрагу клубных устаноў Бярозаўскага раёна быў бы няпоўным без згадкі пра аматарскую творчасць. Як і ў Міжлескім, так і ў Сялецкім сельскіх дамах культуры ёсць вакальныя і фальклорныя калектывы, гурткі сольных спеваў і мастацкага чытання, канцэртныя брыгады... Песенныя калектывы заўсёды прымаюць удзел у святах вёсак, выязджаюць на фермы да працаўнікоў, дэманструюць сваё мастацтва на гарадскіх пляцоўках у час правядзення Масленкі, Дажынак і іншых святаў.

Што да Шылінскага СК, дык ва ўстанове існаваў толькі адзін вакальны ансамбль, які складаўся з настаўнікаў мясцовай школы. Цяпер Людміла Вярышка будзе кіраваць вышэйназваным калектывам, а таксама весці гурток мастацкага чытання і гурток ігры на гітары.

 

“Новых тыпаў  устаноў няма.  А ці патрэбны яны?”

Не магу не сказаць колькі слоў пра Бярозаўскую ЦБС, бо Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця сяла сталася вялікім стымулам і для развіцця бібліятэчнай справы на Бярозаўшчыне.

— Шмат пазітыўнага назіраецца ў раёне з пачатку дзеяння праграмы, — кажа дырэктар ЦБС раёна Ірына Макарэвіч. — Гэта датычыць і матэрыяльнай базы, і ўсталявання ў бібліятэках аграгарадкоў камп’ютэраў.  

А з вясны мінулага года да жыхароў аддаленых і маланаселеных вёсак Бярозаўшчыны прыйшла, ці, дакладней кажучы, прыехала аўтабібліятэка.  

— І яна цалкам паспяхова выконвае свае функцыі, — кажа дырэктар Бярозаўскай ЦБС Ірына Макарэвіч. — Цяпер па графіку абслугоўваем 15 населеных пунктаў. Дарэчы, пасля таго, як мы самастойна абсталявалі аўтабібліятэку стэлажамі, дык даведаліся з “Культуры”, што завод “Светокон” таксама можа рабіць такую працу пад заказ. На жаль, было ўжо позна.

 Што да “кадравага голаду”, дык, па словах Ірыны Львоўны, такой праблемы бібліятэчныя ўстановы не маюць. Хоць прыязджаюць да іх маладыя спецыялісты не вельмі ахвотна: напрыклад, летась і пазалетась ЦБС замаўляла трох работнікаў, а прыехала, як у 2008-м, так і ў 2009-м, толькі па адным. Сёлетні малады спецыяліст атрымаў службовае жыллё ў Белаазёрску.

 А ўвогуле з 96 бібліятэкараў спецыяльную адукацыю мае  пераважная большасць. Сёлета два бібліятэчныя работнікі паступілі на завочнае навучанне ў БДУКіМ, а яшчэ два — у Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум.

Няма ў Бярозаўскай ЦБС новых тыпаў устаноў: бібліятэк-клубаў,  бібліятэк-музеяў, хоць, паводле  Дзяржаўнай праграмы, павінны стварацца і яны. Ірына Макарэвіч катэгарычна выказваецца супраць такіх бібліятэчных устаноў.  

— Бібліятэка павінна быць бібліятэкай, а клуб — клубам, — кажа Ірына Львоўна. —  Мы шчыльна супрацоўнічаем з клубнымі работнікамі, працуем у звязцы: яны дапамагаюць нам, а мы — ім.    

Падобнай думкі прытрымліваецца і начальнік аддзела культуры Бярозаўскага райвыканкама Таццяна Кавалёк.

Падзяліцца

Апошнія матэрыялы ў рубрыцы:

Дадаць каментарый:

Імя: 
Каментарый: 

Новы нумар

Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова
"Культура і мастацтва"

АЎТАРЫ

АРХІЎ

2016 - Год культуры

Далей
© 2007 - 2019 «Культура». Зроблена ў «Вэбпрофі»