Вандроўнік з вёскі Куль

№ 7 (927) 13.02.2010 - 19.02.2010 г

Ва Уздзенскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі арганізаваны новы мастацка-асветніцкі экспазіцыйны праект: персанальная выстаўка жывапісу мастака-земляка Алеся Філіповіча, прысвечаная 50годдзю з дня яго нараджэння.

/i/content/pi/cult/250/3659/7kultura9==.gif
А.Філіповіч. Укрыжаванне.
Выпускнік Мінскага мастацкага вучылішча і Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, Алесь Міхайлавіч адразу ўдала праявіў сябе ў першых самастойных шматфігурных кампазіцыях на тэмы этнаграфічна-гістарычнай спадчыны, гераічнага мінулага Айчыны (палотны “Свята ў Камаях”, “Сеч”, “Бітва на Уле”, “Укрыжаванне”, “Узвіжанне крыжа капліцы ў Мінску ў 1989 г.”). Але асобную старонку ў творчай біяграфіі майстра займаюць яго  працяглыя вандроўкі-падарожжы — пленэры. Разам з калегамі-аднадумцамі мастак аб’ездзіў з эцюднікам Карэлію, Прыбалтыку, Архангельскую вобласць, Паволжжа, Забайкалле, Цянь-Шань, Далёкі Усход, Украіну. Паўсюдна няспынна працаваў, заўсёды прывозіў мноства прыгожых, назіральных карцін і эцюдаў. “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць…”  — па мастацкіх якасцях і глыбіні эстэтычнага ўздзеяння гэты цыкл карцін, здаецца, адзін з найлепшых у творчасці А.Філіповіча.

Жанр пейзажа, бясспрэчна, — асноўны ў творчых памкненнях мастака. Невыпадкова  Алесь  Філіповіч — актыўны, нязменны ўдзельнік многіх буйных рэспубліканскіх жывапісных пленэраў. Больш за тое, ён па-ранейшаму працягвае ўласны, самастойны этнаграфічна-краязнаўчы творчы пошук: уважліва вывучае і пранікнёна апявае сваю малую радзіму — Уздзеншчыну, цудоўны, прывабны, шчодры, багаты на народныя таленты край. Апошнім часам ён тут жыве і працуе ў вёсцы Куль.

З Рэспубліканскага пленэру, прысвечанага памяці Язэпа Драздовіча, крытыкай ужо адзначаўся яго  экспрэсіўны краявід “Парэчча” з выявай старасвецкай уніяцкай драўлянай каплічкі. Вылучаюцца добрымі мастацкімі якасцямі іншыя творы гэтага  перыяду: “Цэрквы на ўзлессі каля Смаргоні” і “Засценак Пунькі. На Радзіме Я.Драздовіча”, а таксама  палатно “Восень” з вельмі моцнай, насычанай энергетыкай. Светлыя, цёплыя, узнёслыя, пяшчотназадуменныя, шчымлівародныя— менавіта такімі эпітэтамі можна ахарактарызаваць кожны лірычны пейзаж гэтага адметнага майстра, апантана ўлюбёнага ў свой родны край.

 А яшчэ Алесь добра вядомы ў прафесійных мастацкіх колах як партрэтыст. Героі яго партрэтаў — людзі-сучаснікі, у якіх ён раскрывае, перш за ўсё, унутраны свет,  тонкі псіхалагічны настрой (“Селянін-беларус”, “Мастак Алег Маціевіч на эцюдах” і інш.). Самабытная творчасць Алеся Філіповіча, жыццялюбівая па характары, рамантызаваная па стылістыцы, закранае адвечныя ісціны, даючы магчымасць адчуць кроўнасць сваіх каранёў, успрымаць навакольны свет гарманічна, нібы вачыма дзіцяці.

Аляксандр РУНЕЦ