Колькі часу ёсць у свечкі?

№ 7 (927) 13.02.2010 - 19.02.2010 г

У памяшканнях Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь 3га лютага адкрылася персанальная выстаўка мастака Аляксандра Дзямідава. Кіраўнік гэтага Міністэрства Сяргей Мартынаў адзначыў на вернісажы: “Гэта малады, таленавіты і вядомы творца. Ён — чалавек з выразным і яркім адчуваннем радасці існавання, з тонкай рамантычнасцю і ўласнай філасофіяй”.

/i/content/pi/cult/250/3658/7kultura9000.gif
А.Дзямідаў. Пара.
Заўважыць прыхаваныя таленты інтраверта вельмі складана: яны, здаецца, ледзь ззяюць кволай свечкай, маленькім ліхтарыкам для тых, хто спыняцца амаль не мае часу. Карціны Аляксандра Дзямідава таксама адкрываюцца не адразу і не ўсім. Гэты напалову дзіцячы, напалову прафесійны невялічкі свет, з якім знаёміць выстаўка, не ўспрымаецца ўсур’ёз, калі чакаеш ад мастацтва “даросласці”, вастрыні ці звыклых колераў рэалізму. І захапляе, калі проста паверыш у яго своеасаблівасць, дасі яму сказаць табе сваё слова. 

Жоўты колер (зусім як мігценне свечкі, плаўны пераход святла ў загадкавыя прыцемкі), увогуле цёплая колеравая гама характэрныя для многіх карцін мастака. Ствараюць уражанне ледзь заўважнага руху герояў і паветра дробныя імпрэсіяністычныя мазкі. Дрэва, дом, котка, кветка, дзяўчо з рыжымі валасамі, якое амаль непрыкметна ўсміхаецца, задумаўшыся аб нечым, — гэтыя дзейныя асобы хочуць расказаць казку, смешную гісторыю або ўспамін з дзяцінства. А назвы работ надаюць убачанаму дадатковы сэнс: “Гранатавае віно” — сакавіты чырвоны гранат у форме фужэра;словы “пяшчота”, “пара”, “сустрэча” — толькі на адрас жывёл, чалавека і жывёлы.

 Сам Аляксандр Дзямідаў разважае пра сваю творчасць так: “У аснове маіх  карцін ляжаць рэальныя падзеі, і абапіраюся я толькі на свой досвед. Усё гэта трансфармуецца, апрацоўваецца фантазіяй і выліваецца на палатно ў нечаканых светлавых рашэннях. Мой свет — добры. Тут няма адкрытых эмоцый, усе героі паглыбляюцца ў сябе, яны вельмі сентыментальныя, разважлівыя, нетаропкія. Любы мастак павінен выпрацаваць сваю ўласную мову, тэхніку: яго прыёмы з часам ускладняюцца, пашыраюцца магчымасці, але ў маёй працы форма — другасная. Абстрактнасць мне зусім не ўласціва — я лічу, што ў жывапісе найперш важны змест, сюжэт”.

Алена САБАЛЕЎСКАЯ