Чатыры акіяны ў адным палацы

№ 7 (927) 13.02.2010 - 19.02.2010 г

Персанальная выстаўка — гэта заўсёды цікава. Такая форма экспазіцыі дае магчымасць пазнаёміцца з творчасцю мастака не ўрыўкамі, а даволі сістэмна, дапамагае скласці аб’ектыўнае ўражанне пра стыль і мастацкія тэндэнцыі яго працы. Таму якасныя індывідуальныя экспазіцыі — сапраўднае свята не толькі для самога творцы, але і для гледачоў. І, тым не менш, чалавек заўсёды імкнецца супастаўляць, параўноўваць творы розных аўтараў. Як жа дагадзіць патрабавальнаму гледачу?

Вырашыць такую, здавалася б, нялёгкую задачу ўдалося Беларускаму саюзу мастакоў: у залах сталічнага Палаца мастацтва члены грамадскага аб’яднання выставілі… адразу чатыры персанальныя зборы работ!  Тут экспанаваліся творы сёлетніх юбіляраў: Раісы Сіплевіч, Анатоля Концуба, Аляксея Зінчука і Алега Маціевіча.

/i/content/pi/cult/250/3657/7kultura9-siplevich.gif
Р.Сіплевіч. Магія зямлі.
Работы, прадстаўленыя на выстаўцы,  — гэта ўжо далёка не спробы, не пошукі аўтарамі сябе. Усе чатыры мастакі  — сталыя жывапісцы, таму кожная індывідуальная экспазіцыя ўражвае завершанасцю, цэласнасцю, вытрыманым стылем. Усе палотны — водбліск самавітасці, індывідуальнасці творцаў. “Раіса Сіплевіч, — адзначыў намеснік старшыні БСМ Рыгор Сітніца, — ужо знайшла свой акіян, таму ў абраным накірунку творчасці адчувае сябе, як рыба ў вадзе”. Лічу, гэтае азначэнне можна смела аднесці і да астатніх майстроў пэндзля.

Асабліва цікавая выстаўка тым, што ўсе мастакі— яркія індывідуальнасці, зусім не падобныя адно да аднаго. Так, фактурныя, яркія лірычныя палотны Раісы Сіплевіч вельмі выразна выглядаюць побач са стрыманымі, у нейкай ступені нават змрочнымі творамі Алега Маціевіча. І, у той жа час, менавіта на фоне эмацыянальных, выключна “жаночых” работ мастачкі неяк па-асабліваму вылучаецца глыбіня, стрыманасць творчай натуры Маціевіча. Творы Сіплевіч  вельмі змястоўныя, адначасова— зусім не прадметныя. Мастачка добра ведае, што такое фальклор, казка: міфатворчасць ярка выяўляецца і змястоўна, і фармальна: і ў своеасаблівай дэкаратыўнасці яе жывапісу, і ў падборы колераў, і ў вырашэнні прасторава-кампазіцыйных задач. Творчасць жа Маціевіча прысутныя мастакі адназначна вызначылі як “жывапіс у чыстым выглядзе”: гэта тычыцца і тэхнікі, і вялікай увагі да глыбіні прасторы, размежавання планаў на палатне. 

 /i/content/pi/cult/250/3657/7kultura9---macievich.gif
А.Маціевіч. Міця. 
Цікавым дысанансам, нібы двума полюсамі мастацтва, выглядаюць экспазіцыі Аляксея Зінчука ды Анатоля Концуба.  Выключна рэалістычныя палотны жывапісца-манументаліста Зінчука побач з камернымі, невялікімі па памерах карцінамі Концуба ўражваюць велічнасцю, мастацкай абагульненасцю.  Філасофскія ж работы Концуба (на выстаўцы побач з жывапіснымі палотнамі аўтар прадставіў і кераміку), якія адрознівае цікавасць мастака да дэталей, здзіўляюць змястоўнасцю, сюжэтнасцю, своеасаблівым пераасэнсаваннем рэчаіснасці. Як адзначыў адзін з сяброў мастака, кожны твор Концуба — маленькае акенца ў асаблівы, незвычайны сонечны свет.

 
/i/content/pi/cult/250/3657/7kultura9---KONCUB.gif
А.Концуб. Керамічныя вырабы.
Дарэчы, Концуб — творца правінцыйны па сталым месцы жыхарства, але далёка не перыферыйны сярод калег жывапісцаў— нячаста выстаўляецца ў сталічных залах. Значнасць яго работ для айчыннага мастацтва, мабыць, складана ўсвядоміць, успрымаючы тэндэнцыі  ягонай творчасці выключна з сучаснага пункта гледжання. У той жа час, калі Анатоль Концуб знаходзіўся толькі на пачатку творчага шляху, у час, калі яшчэ не здаў свае пазіцыі сацрэалізм, філасафічнасць яго твораў была сапраўды нечаканай. Асабліва гэта тычыцца керамікі. Увогуле, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва часта ўспрымаецца як выключна утылітарнае, работы ж Концуба гучна заяўляюць пра высокамастацкі пачатак такіх твораў. Ды і жывапіс мастака многія сучаснікі называюць не інакш як “мастацтвам на стыку” станковага і дэкаратыўна-прыкладнога, што для часу, калі Концуб толькі прыйшоў у мастацтва, было наватарствам.

Такім чынам, у сценах адной галерэі ўдалося змясціць адразу чатыры светы, чатыры свядомасці, індывідуальныя погляды на жыццё і творчасць. А гэта ўжо само па сабе — вялікае дасягненне. 

Дар’я ДАНІЛЕВІЧ