“…Sole” і сола

№ 7 (927) 13.02.2010 - 19.02.2010 г

Што адгадаў Алег Молчан пятнаццаць разоў?

Калі б у ансамбля “Песняры” ў першай палове 1990-х выйшаў альбом з новым на той час матэрыялам, дык ён, мусіць, атрымаўся б у многім падобны на дыск “Песняры. Песні Алега Молчана”. Абсалютная большасць з пятнаццаці твораў альбома (а сярод іх — “Малітва”, “Маргарыта”, “Кума”, “Милая женщина”, “Стася”, “Христос воскрес”) добра вядомая шырокаму слухачу, але выйшлі яны разам упершыню. Рэліз дыска стаў нагодай прапанаваць кампазітару паразважаць: “Песняры” 1990-х — якія яны? 

 

/i/content/pi/cult/250/3656/7kultura7-----.gif
 
Матэрыялу — на “трайнік”!

  А колькі яшчэ засталося работ, напісаных у “Песнярах”, якія абавязкова хацелася б выдаць! — кажа кампазітар. — Каб гэтага дазвалялі аб’ёмы дыска, абавязкова ўставіў бы ў альбом акапэльную версію “Купалінкі”. Дарэчы, гэтая песня гучала як падарунак у Георгіеўскай зале Крамля пры адной з сустрэч прэзідэнтаў дзяржаў — удзельніц СНД. Хацелася б выдаць цалкам і ўсю праграму “Ave Sole, або Слова Скарыны”. Усё ж гэта першы мой маштабны твор. Так, цяпер бачу,што тая праграма, як кажуць, вельмі “маладая”, аднак — смелая, дзёрзкая, жывая… Яе аўтарам быў малады чалавек, які прагнуў самарэалізацыі.Ужо з гэтага матэрыялу цэлы дыск сабраўся б! А яшчэ хачу дапісаць астатнія нумары праграмы “Родныя песні” на вершы Янкі Купалы з удзельнікамі ансамбля “Песняры” розных гадоў. Пачатак яе прадставіў на канцэрце ў філармоніі пазалетась і на новым CD. Дарэчы, пад найменнем “пясняр” разумею не столькі ўдзельнікаў ансамбля, колькі членаў той супольнасці музыкантаў, узгадаваных Уладзімірам Мулявіным…

 

І “Чэсць…”, і “Честь…”

— Дыск гэты і сапраўды склаўся як адзін з варыянтаў магчымага альбома тых, 1990-х, гадоў. Часцяком чую, што, маўляў, у 1990-я ў “Песнярах” быў творчы крызіс. Гэта мяне заўжды здзіўляла. Па-першае, ансамбль да свайго 25-годдзя першым з калектываў постсавецкай прасторы запісаў альбом на адной са славутых галандскіх студый. Падругое, грандыёзным было святкаванне 25годдзя“Песняроў”, дзе адбылася канцэртная прэзентацыя праграмы “Голас душы” з нашымі камерным хорам і “Харошкамі”, у 1991м выйшаў “Вянок” на вершы Максіма Багдановіча, у 1996 — 1997 — “Вольнасць”. Нарэшце, колькі напісана песень удзельнікамі ансамбля! У гэты перыяд Мулявін стварыў “Слуцкія ткачыхі”, “Чырвоную ружу”, “Честь имею”, “Чэсць табе, Марыя!”. Гэта проста шэдэўральныя палотны! Пісаў музыку я, таксама Алег Аверын… Сёння можна дакладна канстатаваць: гэта час, калі стваралася гучанне новых “Песняроў” і творы гэтага перыяду набывалі вядомасць…

 

Саунд з “разыначкай”

— Каб пастаянна развівацца, патрэбна ўлічваць тыя трансфармацыі, якія адбываюцца навокал. Аксіёма? Вось і ў музыцы без яе ніяк. Скажам, у 1990-я актуальнымі сталі сінтэзатары, таму і не дзіва, што ў “Песняроў” з’явілася электроннае гучанне. З іншага боку, не было магчымасці вывесці на сцэну 12 — 14 музыкантаў, як у канцы 70-х — пачатку 80-х. Але, пагадзіцеся, без такіх змен ансамбль аказаўся б далёка ў хвасце музычнай эвалюцыі. А цяпер многія з правераных часам “песняроўскіх” хітоў мы папросту не ўяўляем без лёгкай “разыначкі” электроннага саунду…

Хіт — гэта…

— Вось вы пытаецеся, як напісаць хіт… Калі я толькі-толькі прыйшоў у “Песняры”, я ўвесь час прыставаў да Мулявіна з тым самым пытаннем. Дзе толькі не “лавіў” яго! А ён мне смеючыся: “Ды адчапіся ты! Працуй — і ўсё атрымаецца!” І вось, папрацаваўшы столькі гадоў, я зразумеў толькі адно: сакрэтаў хіта — няма, ёсць толькі вобразнасць і адраснасць песні. А часцей за ўсё — не адгадаеш! Важная і гісторыя да песні, а яна ўжо прыходзіць з гадамі. Арыфметычна ж песня становіцца папулярнай з-за рытму, харызмы выканаўцы, матыву або шматразовага паўтарэння. Атрымліваецца вельмі простая арыфметыка. 

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах