Свята на вяршынях віртуознасці

№ 7 (927) 13.02.2010 - 19.02.2010 г

10-годдзе Свята музыкі ў Заслаўі (гл. “К” № 4 за 2010 г.) — мінімальная па гістарычных мерках дата, каб адзначыць унёсак гэтага фестывалю ў цяперашнюю культурную палітру краіны. Аднак якраз яго “лакальнасць” па-свойму і мэтанакіравана ўздзейнічае на агульнае развіццё нацыянальнай культуры.

 

Тым больш, што Заслаўе — зусім не 

світанак

руху “наперад, у мінуўшчыну” па малых гарадах краіны. Першым такім “аб’ектам” увагі народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга і Нацыянальнага канцэртнага аркестра пад яго кіраўніцтвам стаў Нясвіж, дзе ажно на пяць гадоў раней нарадзіліся “Музы Нясвіжа”. Увогуле ж, “Заслаўе-2010” сталася 105-м  (!)  фэстам, зладжаным М.Фінбергам! І на іх усіх не толькі ўзнімаўся вялікі пласт нацыянальнай спадчыны. Літаральна на кожным праводзіліся паралелі: Беларусь і 

свет. 

Акцэнтаваліся постаці як прызнаных у нас і за мяжой беларускіх кампазітараў, так і тых, чые імёны былі вядомыя раней хіба рэдкім спецыялістам. Гучалі творы замежнікаў, для якіх наша краіна стала другой радзімай, а таксама шматлікіх ураджэнцаў Беларусі, што атрымлівалі часцяком сусветнае прызнанне. Прычым кожны наступны такі фестываль быў не падобны на іншыя, бо меў, найперш, адметную  архітэктурна-гістарычную “разыначку”, якая ўплывала і на ўласна музычны складнік. Што ж да Заслаўя, дык месца тут папраўдзе 

святое, 

намоленае, наўпрост звязанае з імем Рагнеды. Здавалася б, у такім атачэнні адно царкоўныя песняспевы выконваць, але М.Фінберг, узброіўшыся навуковай падтрымкай доктара мастацтвазнаўства, прафесара Вольгі Дадзіёмавай, знаходзіць штораз новыя канцэптуальныя абгрунтаванні. І ўсё пашырае ды пашырае пачатковы імпульс— як мага хутчэй вярнуць у выканальніцкую практыку лепшыя творы нашай музычнай спадчыны: далёкай, зусім нядаўняй і нават сучаснай, што ўзнікае акурат сёння. Па назіраннях В.Дадзіёмавай, агучаных на прэсканферэнцыі, “заслаўскі фестываль даў поўную палітру развіцця культуры Беларусі”. Сапраўды, ці ж гэта не святая справа? Таму змена “жанравага” азначэння з’явы —  не проста фестываль, а менавіта 

свята

  зноў-такі, чым не канцэпцыя? Ну, а само святочнае “начынне”, у чымсьці традыцыйнае для ўсіх малых гарадоў (не толькі канцэрты, але і выстаўкі, навуковыя канферэнцыі), у кожным з іх мае свае асаблівасці. Каляндарнае “месцазнаходжанне” заслаўскіх святкаванняў, адсутнасць у горадзе буйных канцэртных пляцовак, што вымушае ладзіць канцэрты ў Заслаўскай школе мастацтваў (яна нядаўна справіла 50-годдзе), нарэшце, блізкасць да сталіцы, якая дыктуе той школе як плюсы (сюды з ахвотай едуць лепшыя выкладчыцкія кадры), так і мінусы (лепшыя вучні могуць гэтак жа без праблем вучыцца ў сталіцы), —  усё гэта арганізатары змаглі скіраваць на карысць. У выніку ўзнікла падабенства гэткага музычна-мастацкага “салона”, якімі славілася ў мінулым Беларусь. Салон на сучасны манер —  ці ж гэта не шлях да новых святкаванняў? Не масавых, а скіраваных на 

святло

 душы. Гасцей тут сустракаюць у вестыбюлі, які набывае абрысы гасцёўні. На сценах —  чарговы тэматычны вернісаж. Музіцыруюць выключна мясцовыя калектывы (часцей —  ансамбль выкладчыкаў школы). Пасля ж урачыстага адкрыцця з хлебам-соллю шаноўнае спадарства “перацякае” непасрэдна ў канцэртную залу —  не больш, як на сотню з нечым месцаў (як адзначыў першы намеснік старшыні Мінаблвыканкама Віктар Шчэцька, “прыемна, што да гэтага свята ў зале школы зрабілі рамонт”). І хаця сцэнічная прастора змешчана на подыуме, яе адлегласць ад глядацкай “тэрыторыі” настолькі малая, што не адчуваецца ўвогуле. Чым не салоннае яднанне гасцей з гаспадарамі? Дый музыка гучыць —  адпаведная, скрозь камерная або (яшчэ часцей) у пералажэнні для разнастайных камерных складаў Нацыянальнага канцэртнага аркестра: ансамбляў трубачоў (“Інтрада”),
/i/content/pi/cult/250/3655/7kultura7.gif
Міхаіл Фінберг.
кларнетыстаў, флейтыстаў, салістаў на драўляных духавых, струннага квартэта, камернага аркестра. Маэстра збірае пад сваім “дахам” лепшых музыкантаў краіны, колькасць якіх усё пашыраецца. Зусім нядаўна ў складзе калектыву з’явіўся вакальны ансамбль на чале з Наталляй Міхайлавай: зараз у Заслаўі ён спяваў не толькі арыгінальную харавую музыку, але і акапэльныя пералажэнні песняў С.Манюшкі і раманса М.К. Агінскага. Адбыліся і сольныя “прэзентацыі” — артысткі аркестра і першай скрыпачкі Струннага квартэта Алены Драко,якая з камерным аркестрам пад кіраўніцтвам В.Сарокі выканала часткі Канцэрта М.Карловіча, кантрабасіста аркестра Дзмітрыя Саўчыка і піяністкі Дашы Мароз, якія сыгралі Элегію А.Багатырова. Можна колькі заўгодна шкадаваць, што некаторыя сімфанічныя творы ХІХ — ХХ стагоддзяў, арыгіналы якіх напоўнены каларыстычным суквеццем тэмбраў, гучаць, як і ўсё астатняе, у пералажэннях. Але чыя віна, што сімфанічныя калектывы звяртаюцца да гэтых партытур куды радзей за М.Фінберга, а то і не звяртаюцца ўвогуле? Маэстра ж упарта ўводзіць творы ў сферу камернага музіцыравання, адкрытага для ўсіх, хто валодае тым ці іншым музычным інструментам і мае такіх жа паплечнікаў. І гэта ўжо не проста

 асвета

  асвета ўдвая. Калі традыцыі сімфанічных канцэртаў спрыяюць выхаванню дасведчаных слухачоў, дык традыцыі камернага музіцыравання скіраваны яшчэ і да патэнцыйных аматараў-практыкаў. Вядома, пералажэнні, што выконваюць музыканты аркестра, —  вяршыня віртуознасці, яны не прызначаны для мілых “хатніх забавак”. Але важны сам прынцып ансамблевасці! І ён атрымаў ужо свой плён. Адметнай заслаўскай традыцыяй, што вылучае гэтае камернае свята сярод іншых падобных, стаўся конкурс юных музыкантаў Мінскай вобласці. Дарэчы, запрашальнікі на яго распаўсюджваюцца сярод вучняў мясцовых агульнаадукацыйных школ. Мудрае рашэнне, як заўважыла на прэс-канферэнцыі В.Дадзіёмава: натхніўшыся, учарашнія слухачы хутка самі могуць стаць навучэнцамі такіх устаноў. А сёлета яшчэ і складзеная ёй кніжка выйшла —  “У сядзібе Рагнеды: да 10-годдзя асветніцкіх святаў у Заслаўі”. Гэта не звыклы фестывальны буклет з пералікам падзей і выканаўцаў (хаця і гэты даведнік тут змешчаны). Сярод мноства раздзелаў звернем увагу і на сціслы гістарычны агляд сядзібнай культуры Беларусі, і на звесткі пра старадаўніх кампазітараў, чыя музыка гучала ў Заслаўі.

Дарэчы, праз год, падобна на тое, сведкамі камерных выступленняў могуць стаць і тыя, хто прыйшоў сёлета на заключны акорд —  песенны канцэрт калектыву: што ні кажыце, а дэмакратычныя “песенныя акцыі” здольныя спрыяць цікавасці і ўласна да камернага свята. Звяртаючыся да журналістаў, М.Фінберг адзначыў: “Мы робім гэтыя фестывалі, каб выхаваць людзей, якія ведалі б гісторыю музычнай культуры сваёй краіны”. Так што ўсе мы — сведкі і ўдзельнікі гэтага працэсу выхавання.

Н.Б.