Бэз у прасторы сэрца

№ 7 (927) 13.02.2010 - 19.02.2010 г

У Нацыянальным мастацкім музеі працуе выстаўка жывапісу “Каляровыя імпрэсіі” Марыі Ісаёнак. Калі заходзіш ва ўтульную невялікую залу, адразу трапляеш у шматколерную яркую прастору жыццялюбства і дабрыні, гармоніі і далікатнасці, філасофскага роздуму і спакою. І гэта ўсё яна — вядомая наша мастачка Марыя Ісаёнак.

/i/content/pi/cult/250/3652/is-text.gif
М.Ісаёнак. "Той абрусочак, што маці вязала".
Яе творчая манера — вельмі эмацыянальная, душэўная, імпрэсіўная. Яна дасканала валодае колерам, тонам, малюнкам. Палітра яе жывапісу — насычаная, актыўная, дынамічная. У асноўным, дамінуюць цёплыя залацістыя колеры. Творца па-майстэрску прыводзіць у раўнавагу кантрастныя і нюансныя моманты палатна карціны, арганічна выяўляе праз іх ідэю твора. Вядома, яе ўлюбёны жанр — нацюрморт. Менавіта ў ім мастачка таленавіта адухаўляе прастору свайго побыту і, шырэй, — быцця — жыцця — Космасу — прастору свайго сэрца. Кветкі і садавіна, вазы і кубачкі на стале — ціхае жыццё рэчаў — усё гэта запрашае гледача да нетаропкай гутаркі за кубачкам гарбаты за круглым утульным столікам, стварае настрой даверу і сардэчнасці, шчырасці і любові, рэфлексіі і спавядальнасці. 

Яшчэ раз углядаюся ў карціны “Чырвоныя яблыкі”, “Чырвоныя лілеі”, “Бэз на маім стале”, “Вераснёвае сонейка”, “Насупраць  святла”, “Цёплы верасень”, дзе бачу дагледжаны дом сярод квецені ў Чарневічах. Тут двое таленавітых беларускіх мастакоў — Марыя і Мікалай Ісаёнкі — ствараюць свае цудоўныя палотны, якія так хвалююць...

 “Днямі я вярнулася з паездкі ў Егіпет, — расказвае Марыя. — Мы наведалі горад Луксор, пабачылі магутныя калоны храмаў, ішлі па Алеі сфінксаў. Уражанні ад старажытнай егіпецкай культуры  — неверагодныя! Здзіўляе пластыка статуй, уменне ў статычных позах перадаць адчуванне вечнасці і ідэю руху. Веліч архітэктуры і скульптуры, якая амаль цалкам захавалася пад адкрытым небам з канца XV стагоддзя да нашага часу, настолькі глыбокая і пераканаўчая, што ўсё астатняе здаецца дробным, другасным. Магчыма, праз некаторы час з’явяцца нейкія ўражанні ад Егіпта на палатне, ды каб пісаць гэтую краіну, трэба там пажыць. Але лепш за радзіму ў свеце няма. Як вядома, усе мы родам з дзяцінства. Я часта ўспамінаю родную вёсачку Кісялі. Дагэтуль памятаю пах росных ранішніх лугоў, мокрага лісця пасля дажджу. Мяне натхняюць тыя далёкія шчаслівыя імгненні, колеры, адценні, мелодыі, настроі.

 Я глыбока пераканана, — працягвае мастачка, — што кожны творца абавязкова павінен ведаць гісторыю развіцця мастацтва ўсяго свету, ды ён будзе цікавы толькі праз уласнае светаадчуванне, нацыянальныя карані і сучаснае вырашэнне тых ці іншых праблем. Бо кожны мастак “вырастае” не на пустым месцы, а на падмурку, закладзеным папярэднікамі, трансфармуючы, увасабляючы вечныя тэмы з пункта гледжання сваёй нацыі і свайго часу”.  

Святлана РАМАНАВА