Сёлетняя выстаўка — адметная па колькасці ўдзельнікаў. На пляцоўцы “БелЭКСПА” размясцілася 619 экспанентаў з 26 краін свету. Як адзначыў міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алег Праляскоўскі ў час наведвання экспазіцыі, такое мерапрыемства дапамагае зблізіць кнігавыдаўцоў, аўтараў кніг і, галоўнае, чытачоў. Ён падкрэсліў, што кніга сёння — жывая, нягледзячы на імклівае развіццё інфармацыйных тэхналогій, у чым чарговы раз пераконвае вялікая цікавасць да мінскага форуму з боку грамадства.
Вялікай актыўнасцю на Кніжнай выстаўцы вылучаюцца айчынныя кнігавыдаўцы. Нават цягам апошніх дзён форуму запланаваны шэраг прэзентацый цікавых праектаў, прысвечаных гісторыі нашай краіны, у тым ліку 65-годдзю Вялікай Перамогі. Нельга не адзначыць, што ўжо на яго адкрыцці шырокі рэзананс выклікала “Энциклопедия Победы”, выдадзеная “Беларускай энцыклапедыяй” імя Петруся Броўкі, а таксама фаліянт пра Белавежскую пушчу, створаны ў “Выдавецтве “Беларускі Дом друку”.
Плённасць форуму адзначыў у час гутаркі з журналістамі і міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка: “Мінскі кніжны форум — гэта не толькі духоўны і інтэлектуальны праект, але і эканамічны: у айчынных выдавецтваў маецца дадатковая магчымасць распачаць супрацоўніцтва з калегамі з іншых краін і тым самым праз якасную і цікавую кнігу папулярызаваць беларускую культуру за мяжой”. Ён таксама падкрэсліў, што “кніга — гэта фактар, які спрыяе выхаванню інтэлектуальнага і адукаванага чалавека”.
Упершыню статус Ганаровага госця атрымала Францыя, што садзейнічае пашырэнню інфармацыйнай прасторы, міжкультурнаму і міжнацыянальнаму дыялогу. Кніжная выстаўка, да ўсяго, дае магчымасць не толькі пагартаць замежныя выданні, але адчуць смак і водар самой Францыі: нібыта знаходзячыся ў невялікім раёне Парыжа, можна паблукаць па імправізаваных вулачках французскай сталіцы, наведаць стэнды з прадстаўленай парфумай, лепшымі гатункамі віна, смачнымі стравамі мясцовай кухні… І ўсё ж кнігі — у цэнтры ўвагі. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Францыі ў Рэспубліцы Беларусь Мішэль Рэнеры, вітаючы гасцей стэнда сваёй краіны, падкрэсліў, што ўпершыню ў Мінску французская літаратура так шырока будзе прадстаўлена як на мове арыгінала, так і на беларускай, рускай мовах. Па яго словах, сучасная французская літаратура займае цэнтральнае месца на стэндзе, дзе, апрача выдадзеных мастацкіх твораў, можна ўбачыць прыгожа аздобленыя альбомы, прысвечаныя літаральна ўсім відам мастацтва.
Да таго ж, на думку Мішэля Рэнеры,для міжкультурных стасункаў абедзвюх краін XVII Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш набывае новы сэнс, бо з’яўляецца першым культурным мерапрыемствам у Беларусі пасля падпісання ў Парыжы пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне культуры, адукацыі, навукі, тэхнікі і СМІ.
— Мы імкнуліся зрабіць так, каб кожны знайшоў для сябе тое, што яму цікава. Важна таксама, што на нашым стэндзе арганізавана шмат сустрэч беларускіх чытачоў як з французскімі літаратарамі, так і з кнігавыдаўцамі,— падкрэсліў дыпламат.
К.А.