Выхаваўчы эфект патрабуе рэкламы

№ 7 (927) 13.02.2010 - 19.02.2010 г

Працэс стварэння манументальнай кінастужкі “Брэсцкая крэпасць” пераходзіць на стадыі “постпрадакшна”:уласна здымкі ўжо завершаны. Ацаніўшы сумесны прадукт расійскіх і беларускіх кінематаграфістаў, кантрольныя органы Беларусі і Расіі прыйшлі да высновы адносна таго, што фінансаванне гэтага праекта з бюджэту Саюзнай дзяржавы можа быць павялічана.

Старшыня Падліковай палаты Расійскай Федэрацыі Сяргей Сцяпашын заявіў пра гэта журналістам пасля сумеснай калегіі кантрольных органаў Беларусі і Расіі, якая прайшла ў Мінску 11 лютага 2010 года. Па яго словах, паводле творчых і тэхнічных якасцей стужка ні ў чым не саступае лепшым галівудскім блокбастэрам.

Такая выснова зусім не сведчыць пра тое, што кінематаграфісты не здолелі ўкласціся ў вызначаны бюджэт (які, нагадаем, склаў каля 7 мільёнаў долараў). Яна была абумоўлена менавіта мастацкімі і ідэйнымі якасцямі фільма. Дадатковыя сродкі спатрэбяцца не на завяршэнне кінапрадукту, а на яго папулярызацыю:  правядзенне шырокай рэкламнай кампаніі, стварэнне дадатковых пракатных копій, неабходных для таго, каб стужка магла адначасова стартаваць у як мага большай колькасці кінатэатраў.

 Прадстаўнікі кантрольных органаў салідарызаваліся адносна таго, што нельга шкадаваць сродкі на выхаванне маладога пакалення. 

Як было запланавана раней, прэм’ера стужкі адбудзецца 22 чэрвеня а 4ай гадзіне ночы непасрэдна ў сценах Брэсцкай крэпасці. Ужо на наступны дзень фільм стартуе ў шырокім пракаце.

Наш. кар.