Караткевіч і Купала — у кінапланах

№ 7 (927) 13.02.2010 - 19.02.2010 г

“Беларусьфільм” цалкам аўтаномны ў тэхнічным плане і можа здымаць стужкі на найвышэйшым ўзроўні. З восені мінулага года беларускія кінематаграфісты больш не звяртаюцца да выкарыстання тэхнічных магутнасцей замежных студый. Аб гэтым было паведамлена кіраўніцтвам Нацыянальнай кінастудыі на прэс-канферэнцыі, якая адбылася 11 лютага ў Мінску.

Па словах генеральнага дырэктара “Беларусьфільма” Уладзіміра Замяталіна, абсталяванне, якое ўстаноўлена, у прыватнасці, комплекс для падрыхтоўкі кам’ютэрнай графікі,— адно з лепшых у краінах СНД.

 У гэтым годзе галоўны нацыянальны кінавытворца плануе выпусціць восем мастацкіх карцін, а таксама шэраг анімацыйных і дакументальных. Чакаецца, што самую вялікую ўвагу гледача выкліча сумесны расійска-беларускі праект “Брэсцкая крэпасць” маскоўскага рэжысёра Аляксандра Кота, а таксама стужкі “Ваўкі” і “Масакра” мінскіх рэжысёраў Аляксандра Колбышава і Андрэя Кудзіненкі. Новым словам у айчынным кінамастацтве, па словах Уладзіміра Замяталіна, абяцае стаць і эксцэнтрычная камедыя Аляксандра Канановіча “Дасціш фантасціш”, прэм’ера якой запланавана на 1 красавіка.

 Сярод галоўных праектаў, якія распачнуцца сёлета,— чатарохсерыйныя тэлесерыялы “Жыццё Купалы” і “Каласы пад сярпом тваім”. Апошні, прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, выйдзе і ў версіі для вялікага экрана. Сцэнарый для яго піша беларускі сцэнарыст— Аляксандр Качан, а за пастаноўку возьмецца мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалай Пінігін.

Асноўнай праблемай айчыннага кінематографа на дадзены момант, на думку Уладзіміра Замяталіна, з’яўляецца становішча з паказам беларускіх стужак па тэлебачанні. Тэлеканалы надаюць не так шмат увагі нацыянальным прэм’ерам, як таго хацелася б самім кінематаграфістам. “Наша кіно не горшае за замежнае, яго трэба паказваць у лепшы час і рэкламаваць”, — падкрэсліў генеральны дырэктар “Беларусьфільма”. Якасць айчынных стужак пацверджана 30 узнагародамі 25 міжнародных фестываляў, у якіх яны ўдзельнічалі летась. Яшчэ адной вялікай праблемай У.Замяталін лічыць адсутнасць якаснай сістэмы падрыхтоўкі кінаспецыялістаў.

 Таксама стала вядома аб тым, што ў нашу краіну з расійскіх фільмасховішчаў нарэшце вернуцца стужкі, створаныя беларусамі ў савецкі час. Фінансаванне гэтага працэсу будзе ажыццяўляцца за кошт бюджэту Саюзнай дзяржавы.