In грошы veritas?

№ 21 (787) 26.05.2007 - 01.06.2007 г

23 мая на Малой сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы адбылася справаздачна-выбарчая канферэнцыя асацыяцыі грамадскіх аб’яднанняў “Беларуская канфедэрацыя творчых саюзаў”.

Хросным бацькамі ініцыятарам стварэння канфедэрацыі быў народны артыст СССР Мікалай Яроменка — 15 гадоў таму, у той складаны час, калі паасобку творчым саюзам наўрад ці ўдалося б выжыць. І тое, што сёння канфедэрацыя працягвае жыць і абядноўваць 13 творчых саюзаў нашай краіны, сведчыць пра яе неабходнасць і значнасць у культурным жыцці Беларусі.
Між іншым, жыццяздольнасць самой канфедэрацыі сведчыць не столькі пра яе дабрабыт, колькі пра запатрабаванасць творчымі саюзамі. Апошнія пяць гадоў яна існавала выключна на грамадскіх пачатках, нават не ўсе з яе саюзаў-удзельнікаў плацілі членскія ўзносы, пра што паведаміў у сваім справаздачным дакладзе былы старшыня канфедэрацыі Іван Вашкевіч.

У дыскусіях пераважная большасць выступоўцаў адзначала, што сёння для канфедэрацыі маецца надзвычай шырокае поле для работы. У прыватнасці, кіраўнікі творчых саюзаў звярталі ўвагу на тое, што сёння назіраецца пэўная раскаардынаванасць дзеянняў творчых саюзаў і дзяржаўных праектаў у галіне культуры. А хто ж больш за саміх дзеячаў культуры і мастацтва можа быць зацікаўлены ў развіцці гэтай самай нацыянальнай культуры і мастацтва, адзначыў старшыня Беларускага саюза музычных дзеячаў Міхаіл Дрынеўскі. Шмат гаварылася і пра тое, што творчыя саюзы мусяць прымаць больш дзейсны ўдзел у вырашэнні пытанняў прысуджэння ганаровых званняў, дзяржаўных узнагарод — прынцыповая і дэталёвая ацэнка працы сваімі калегамі-прафесіяналамі, людзьмі, прызнанымі ў сваіх галінах, наўрад ці будзе неаб’ектыўнай.

Дарэчы, практычна ніводзін з выступоўцаў не імкнуўся звесці размову пра жыццё саюзаў і канфедэрацыі да пытання дзяржаўнага фінансавання, і, як агучыў гэта старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Аляксей Дудараў, формула “іn грошы veritas” не з’яўляецца на сённяшні дзень адзіным магчымым шляхам існавання творчых саюзаў у нашай краіне. Гэтую ж думку падтрымаў і старшыня Беларускагасаюза кінематаграфістаў Юрый Цвяткоў, які падкрэсліў, што нашмат важней за аднаразавыя фінансавыя “ўліванні” наладжванне трывалай і скаардынаванай працы паміж творчымі саюзамі і дзяржаўнымі структурамі, у чым павінны быць зацікаўлены абодва бакі.

Падчас канферэнцыі адбыліся і выбары новага старшыні канфедэрацыі — пераважнай большасцю галасоў ім стаў дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу РБ Генадзь Давыдзька. Такім чынам, члены канфедэрацыі, па сутнасці, прагаласавалі за курс на збліжэнне творчай эліты краіны з дзяржаўнымі структурамі, асабліва адзначыўшы, што канфедэрацыя мусіць лічыць і лічыць сваёй задачай падтрымку дзяржаўнай ідэалогіі ў галіне культуры і мастацтва, яшчэ раз пацвярджаючы небезвядомы тэзіс пра тое, што нельга жыць у грамадстве і быць вольным ад яго.


Таццяна КОМАНАВ
A