Знаёмства за 5 дзён

№ 6 (926) 06.02.2010 - 12.02.2010 г

Францыя — Ганаровы госць XVII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкікірмашу Абранне гэтай краіны невыпадковае: з ёй Беларусь звязваюць даўнія міжкультурныя стасункі яшчэ з часоў Асветніцтва. Сёння яны працягваюць імкліва развівацца, пра што сведчыць шэраг сумесных праектаў у галіне літаратуры і мастацтва. Падрабязней даведацца аб актуальных планах Пасольства Францыі ў нашай краіне ў гэтай сферы карэспандэнт “К” вырашыў непасрэдна ў саветніка па супрацоўніцтве і культуры дыпламатычнай місіі Францыі ў Рэспубліцы Беларусь Людовіка РУАЙЕ.

 

 Сустракаемся  ля стэнда

/i/content/pi/cult/249/3633/13.jpg
— Як вядома, статус Ганаровага госця на Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцыкірмашы — не толькі прэстыж, але і вялікая адказнасць... 

— І гэта яшчэ мякка сказана! Мы былі вельмі ўзрушаны тым, што Францыю абралі Ганаровым госцем на сёлетнім кніжным салоне. Зразумела, адразу ж з’явілася даволі шмат тэхнічных пытанняў. Яны былі звязаны як з афармленнем і парадкам работы стэнда, так і з распрацоўкай агульнай праграмы. Натуральна, нам вельмі хацелася б, каб усё прайшло так, як запланавана, бо гаворка ідзе пра імідж нашай краіны! Наша задача —  зрабіць стэнд гасцінным і даступным, з мноствам пазнаваўчых і забаўляльных мерапрыемстваў, разлічаных на розную аўдыторыю. Мы імкнуліся ўсё прадугледзець, не пакінуўшы паза ўвагай нават драбнюткія дэталі дэкарацый. У гэтым вы зможаце пераканаецца адразу па адкрыцці форуму.

 — Што падрыхтавала Пасольства Францыі ў нашай краіне да 17й Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу?

— Аддзел супрацоўніцтва і культуры Пасольства Францыі ўжо некалькі месяцаў працуе над тым, каб наша праграма на сёлетнім Мінскім кніжным форуме была насычанай і разнастайнай. Мы запрасілі некалькіх пісьменнікаў, у тым ліку Крысціяна Гарсена і П’ера Карнюэля, якія адразу ж ахвотна прынялі прапанову ўпершыню наведаць Мінск. Аднак большасць гасцей ужо знаёмы з беларускай сталіцай. Сярод іх мы зможам убачыць АнМары Поль, Катрын Міле, Давіда Фанкіноса і Цьеры Ленца.  Зразумела, што ў праграму стэнда Францыі ўключаны не толькі аўтограф-сесіі, але і літаратурныя сустрэчы, “круглыя сталы”, а таксама лекцыі, прысвечаныя “тэхнічнаму” боку літаратурнай галіны, які непасрэдна ўплывае на папулярнасць аўтараў, — выдавецкай справе і кнігагандлю. Мы падрыхтавалі і іншыя мерапрыемствы, што дапамогуць бліжэй пазнаёміцца з Францыяй. Праца стэнда нашай краіны будзе арганізавана на французскай і рускай мовах для таго, каб найбольш вялікая колькасць наведвальнікаў змаглі прыняць удзел у нашых мерапрыемствах. 17-я Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш стане як для нашага пасольства, так і для гасцей падзеяй, дзякуючы якой будуць наладжаны цесныя стасункі з шырокай беларускай публікай, франкамоўнай і не толькі, што з’яўляецца прыярытэтам у правядзенні ўсіх нашых культурных імпрэз.

 — Адно з самых адметных такіх мерапрыемстваў — конкурс на лепшы літаратурны твор на французскай мове. Ці багата назбіралася заявак?

 — Пра конкурс было абвешчана некалькі месяцаў таму на нашым сайце, а таксама ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах, дзе вывучаюць французскую мову. Мы прапанавалі школьнікам і студэнтам напісаць твор на французскай мове на пэўную тэму і накіраваць яго на наш адрас. Прыём заявак завяршыўся 1 лютага. Мы атрымалі даволі шмат тэкстаў, якія цяпер дэталёва вывучаем. Узнагароджанне пераможцаў адбудзецца ў нядзелю, 14 лютага, — у дзень закрыцця кніжнага форуму.

— Нашы суайчыннікі, якія валодаюць мовай Мальера і Гюго, атрымаюць унікальную магчымасць пагартаць кніжныя навінкі, выдадзеныя ў Францыі. На якія з іх вы параілі б звярнуць увагу наведвальнікам стэнда?

 — Сапраўды, на стэндзе будуць прадстаўлены самыя свежыя французскія літаратурныя навінкі. Мы прынялі рашэнне зрабіць асаблівы акцэнт на сучасную французскую літаратуру. Напрыклад, у нас будзе прадстаўлена апошняя кніга Фрэдэрыка Бегбедэра “Французскі раман”, якая ў лістападзе мінулага года атрымала прэстыжную прэмію Рэнадо. Імя гэтага маладога і вельмі таленавітага пісьменніка добра вядомае на Беларусі. Дарэчы, Бегбедэр, добра вядомы ў Беларусі, і сам з задавальненнем паўдзельнічаў бы ў Мінскай кніжнай выстаўцы-кірмашы, калі б на гэты час у яго не прыпадала загадзя запланаваная камандзіроўка.  Між іншым, побач з французскай літаратурай наведвальнікі змогуць знайсці шмат выданняў, перакладзеных на рускую і беларускую мовы.

 

Крызіс — творчасці  не перашкода

— Ці можна казаць пра развіццё кнігавыдавецкай справы  ў Францыі? Або сусветны эканамічны крызіс унёс у гэты працэс свае карэктывы?

— На долю выдавецкай справы і ў дакрызісныя часіны прыходзілася нямала цяжкасцей. Што і казаць, крызіс значна ўскладніў сітуацыю. Нам давялося гэта адчуць непасрэдна, калі мы звярталіся ў французскія выдавецтвы з мэтай запрасіць іх на мінскую выстаўку. Часта адказ быў адзін і той самы: камандзіровачны бюджэт катастрафічна зніжаны і не дазваляе прымаць удзел у многіх буйных міжнародных праектах. Дарэчы, гэтая тэма будзе абмяркоўвацца пад час выступлення на нашым стэндзе Эрыка Віня, загадчыка аддзела “Эсэ” ў выдавецтве “Галімар”. Пры гэтым кожны зможа задаць яму тыя ці іншыя актуальныя пытанні.   — Ці шмат французы чытаюць мастацкай літаратуры, у тым ліку замежных аўтараў? — На брак перакладаў замежных аўтараў на французскую скардзіцца не выпадае. Літаратура ў Францыі, як, зрэшты, і паўсюль у Еўропе, застаецца сродкам забавы і своеасаблівага абстрагавання ад штодзённасці. Сёлета ў нашай краіне зіма выдалася больш суровая, чым звычайна, і я знаёмы з многімі людзьмі, якія адкрылі для сябе такое задавальненне, як “чытанне каля агню”. Да таго ж, белетрыстыка і фантастыка, што з’явіліся сёлета, мела асаблівы поспех. Можа, менавіта з прычыны надвор’я?

— Цяпер у свеце набывае папулярнасць электронны фармат кнігі. Наколькі пашыраны ён у Францыі? Ці існуе пагроза поўнага выцяснення звычайнага папяровага выдання?

— Электронная кніга, бясспрэчна, атрымала шырокае распаўсюджанне. Але на сённяшні дзень я не бачу асаблівых змен: людзі працягваюць браць з сабой звычайныя кнігі і на працу, і на адпачынак. Гэта асабліва заўважна ў грамадскім транспарце, дзе вельмі рэдка можна ўбачыць тых, хто чытае электронныя кнігі. Магчыма, гэты від чытання ўжо не такі папулярны і не дамінуе ў французаў. Ва ўсялякім выпадку, я перакананы, што нішто не заменіць задавальненне ад дотыку да паперы пры перагортванні старонак і, тым больш, водар навюткіх (або, наадварот, вельмі старых) кніг.  У мяне такое ўражанне, што электронныя кнігі — гэта нейкая тэхнічная прылада, якая была створана ў выглядзе камп’ютэрнай праграмы некалькі гадоў таму адмыслова для камп’ютэра, а не для чалавека. Але праект не прыжыўся. Магчыма, гэта толькі мае адчуванні, і гаворка ідзе пра рознае ўспрыманне рэчаў рознымі пакаленнямі.

 

Пад зоркай Максіма

— Наколькі вядома, супрацоўніцтва ў сферы кнігавыдавецтва паміж Беларуссю і Францыяй мае сістэмны характар. Сведчаннем таму — хаця б праграма дапамогі публікацыям “Максім Багдановіч”...

— Праграма дапамогі публікацыям— гэта праект, які да нядаўняга часу курыраваўся Міністэрствам замежных спраў Францыі. Сёння ім кіруе “Кюльцюрфранс”, буйное агенцтва, чыя дзейнасць накіравана на распаўсюджванне французскай культуры ў свеце. Падобныя праграмы існуюць у многіх краінах: напрыклад, праграма “Пушкін”— у Расіі, “Скаварада”— ва Украіне, альбо “Бой Зеленскі”— у Польшчы... Іх мэтай з’яўляецца пераклад французскіх кніг на мову дадзенай краіны. У сваю чаргу, “Кюльцюрфранс” і Пасольства ўдзельнічаюць у набыцці аўтарскіх правоў і аказваюць фінансавую дапамогу выдавецтву, якое выпускае кнігу. Вельмі часта прапанова з боку перакладчыкаў і выдавецтваў перавышае наяўныя сродкі, і мы вымушаны рабіць выбар. 

— Ці варта чакаць сёлета новых сумесных праектаў у сферы культуры і мастацтва?

— Так, праектаў даволі шмат. Сёлета мы аддаём прыярытэт выстаўкам, галоўным чынам — жывапісу, а таксама нашым, пастаянным і ўжо традыцыйным, мерапрыемствам, такім, як, напрыклад, Дні франкафоніі ў сакавіку. Усе нашы сёлетнія праекты на першае паўгоддзе знаходзяцца цяпер у стадыі падрыхтоўкі, але гэта ўжо іншая гісторыя.

Канстанцін АНТАНОВІЧ