Хто ідзе разам з “Закаханым кентаўрам”?

№ 6 (926) 06.02.2010 - 12.02.2010 г

У гарадской выставачнай зале Гродна адкрылася персанальная выстаўка члена Беларускага саюза мастакоў Васіля Мартынчука “Метамарфозы любові”, прысвечаная яго 50-годдзю.

/i/content/pi/cult/249/3622/martynchuk=.jpg
В.Mартынчук. Успаміны старога дома.
 У прасторы выставачнай залы адразу адчуваеш тую моцную энергетыку, якой прасякнуты творы гэтага мастака. Не адлюстроўваючы фатаграфічна навакольную рэчаіснасць, ён уздзейнічае на гледача, у першую чаргу, праз экспрэсіўную каларыстыку. Фігуратыўныя элементы ў жывапісным ладзе твораў на фоне шматзначнай пластыкі фарбаў акцэнтуюцца графічным контурам, што стварае своеасаблівую мастацкую мову. Аўтар запрашае гледача ўвайсці ў неабсяжны свет любові, што ляжыць на мяжы рэальнага і ўяўнага, відавочнай матэрыяльнасці і прывідных мар, нават старажытных міфаў. Тут мастак найбольш звяртае ўвагу на замілаваных летуценных закаханых, якія ў сваім пачуцці паўстаюць, вядома, істотамі незямнымі (“Мелодыя кахання”, “Тыя, хто ідзе разам”, “Закаханы кентаўр”).  

У гэты кантэкст упісваецца і міф пра закаханага Зеўса, які ў выглядзе быка выкраў багіню Еўропу. Да гэтага сюжэта сусветнае мастацтва звярталася яшчэ з часоў Антычнасці. Васіль Мартынчук здолеў унесці асабістую эмацыянальную трактоўку вобразаў, напоўніўшы іх пяшчотай і лірычнасцю.

 Фантастычны свет В.Мартынчука населены кранальнымі, нейкімі па-дзіцячаму наіўнымі выявамі жывёл— слімакоў, сланоў, жабак, рыбак,— з якімі ў казках разам вандруюць і якіх вельмі любяць людзі (“Падарожжа з рыбкай”, “Вандроўка на жабцы”). Праз багацце колеравых пластоў, умоўнасць выяў, складанасць пачуццёвых нюансаў жывапісец імкнецца перадаць унутраны стан чалавека, суаднесены з пэўнымі падзеямі яго жыцця: “Успаміны старога дома”, “Уражанне”, “Надзея”. Асабліва цікавы твор “Прадчуванне банкету”, дзе ў абстрактнай дэкаратыўнасці пазнаецца стракатасць перажыванняў: радасць, безнадзейнасць, спадзяванне на фальшывае шчасце…

На першы погляд, жывапіс Васіля Мартынчука — гэта суцэльнае свята і аптымізм, але, калі прыслухацца, то ў яго жывапіснай мелодыі вельмі ярка гучаць філасофскія ноткі роздуму пра лёс чалавека, яго суладдзе з усім існым навокал. У абагулена-метафарычнай форме мастак сцвярджае, што без любові, яе духоўных пераўтварэнняў свет не можа існаваць.

Марына ЗАГІДУЛІНА Гродна