Дарога да сябе

№ 6 (926) 06.02.2010 - 12.02.2010 г

“Прысвячэнне” — так называецца выстаўка жывапісу Мікалая Мішчанкі, што нядаўна прайшла ў галерэі “Акадэмія” Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Яна прысвечана 80-годдзю з дня нараджэння маці мастака, якая сваю шчырую любоў да прыроды перадала сыну.

/i/content/pi/cult/249/3621/mish.jpg
М.Мішчанка. Рыжы схіл.
“Прыгажосць навакольнага свету, — кажа Мікалай Яўгенавіч, — уражанні ад з’яў прыроды,  а яшчэ — захапленне творамі рускіх перадзвіжнікаў-пейзажыстаў, нашых Бялыніцкага-Бірулі і Цвіркі з ранняга дзяцінства пакінулі свой след на ўсё жыццё. Іх творчасць адкрыла мне свет;  праца ж на пленэрах з вядучымі жывапісцамі  Беларусі, Расіі, Украіны і іншых краін замацавала маю ўпэўненасць у  вернасці рэалістычнаму мастацтву”.

Выстаўка М.Мішчанкі дастаткова сціплая, змясціўшая ў сабе толькі невялікую частку яго творчай спадчыны. Але і па гэтай экспазіцыі можна меркаваць аб тым, чым жыве  мастак-пленэрыст,  якія думкі і пачуцці яго ахопліваюць, што яго хвалюе, што радуе,  як ён успрымаў свет учора і якім хоча бачыць яго сёння.

Дык што такое мастацтва Мікалая Мішчанкі? Канешне, гэта, перш  за ўсё, — музыка прыроды. Усе пейзажы — ціхія, ураўнаважаныя, спакойныя. Творцу прыцягваюць моманты, калі сонца толькі пачынае заходзіць, калі вецер ледзьледзь варушыць  бярозавае лісце або засыпае зямлю асеннім барвовым золатам. На палотнах мастака не грукочуць навальніцы, не бурліць разлютаванасцю тэмперамент, не чуваць блытанай гучнай споведзі або поступу мастакоўскага пафасу. Але гэтае нейкае “звужэнне” эмацыянальнага дыяпазону — рамкі індывідуальнага ўспрыняцця, свайго роду “правілы гульні”, якую разумее і прымае глядач, што знудзіўся па пачуццёвым чалавечым мастацтве. І таму ў стрымана-спакойнай сузіральнасці натурных палотнаў Мішчанкі закладзена  разнастайнасць пачуццяў і роздумаў, якія не рвуцца на авансцэну. Мастак не прэтэндуе на нейкае “наватарства” сваіх вобразна-пластычных пошукаў. Ён — лірычны паэт, для якога прырода — усё і які ад гэтага атрымлівае асалоду.

 Б.К.