Настальгічны арт-стыль – “Савецкі Саюз”

№ 21 (787) 26.05.2007 - 01.06.2007 г

Савецкая стылістыка сёння ў модзе, гэта відавочна. Песні, якія нагадваюць маладосць тым, каму за сорак, у выкананні поп-спевакоў апошняга пакалення. Дыскатэкі, што збіраюць на свае танцпляцоўкі аматараў песень кшталту “Мой адрас – не дом і не вуліца…”. Савецкія плакаты з павучальнымі лозунгамі ”Балбатун – знаходка для шпіёна”, якія прадаюцца лепш за постэры Дзімы Білана: да трыццаці штук за дзень. Іх любіць студэнцтва і бізнесоўцы, якія вешаюць узоры савецкага плаката ў офісе пад шкло ў рамку. Хайтэк у дызайне прасторы саступае месца цёпламу дрэву і крышталю. Лозунгавая плакатная рэклама, з якой глядзяць знаёмыя манументальныя твары рабочых… Чаму гэтая стылістыка вярнулася? Хто яе выклікаў і дзеля чаго? Ёсць розныя меркаванні наконт гэтага.

 /i/content/pi/cult/117/362/SSSR.jpg
Тэндэнцыя, якая не знікала
 

Сёння як ніколі часта трапляюцца тыя ці іншыя савецкія алюзіі, што асабліва выразна адчуваецца на фоне мінулых дзевяностых з іх адмаўленнем “саўковасці”. А цяпер пад вокнамі нашай рэдакцыі на вуліцы прадаецца пламбір у абгортцы савецкага дызайну, ад стылізацыі якога — на ім стаіць “цана 20 капеек” — проста шчыміць сэрца. І сёння гэта ўспрымаецца моднай “фішкай”. Савецкая стылістыка, якая свядома ўводзіцца то там, то сям, наводзіць на думку пра новую і адначасова настальгічную тэндэнцыю ў сучасным мастацтве і арт-рынку.
— Так, сапраўды, сёння адчуваецца своеасаблівая “мода”, запатрабаванасць на савецкую стылістыку, — кажа Тамара Пінігіна, рэдактар праграмы “Народжаныя ў СССР” на СТБ. — Мы выбралі яе для сваёй настальгічнай перадачы, каб падкрэсліць тэматыку размоў. А некаторыя рэстараны ўжо прапануюць менавіта кухню СССР, модная вопратка вяртае нас у 70-ыя — 80-ыя, а моладзь слухае музыку маладосці сваіх бацькоў.
— А ў нашым бізнесе гэтай тэндэнцыі спрыяе яшчэ і сталінская архітэктура, — дадае Ганна Байдачная, дырэктар рэстарана “Савецкі”, — таму рэстараны Масквы, Мінска выкарыстоўваюць гэтае мастацтва ў сваіх мэтах, вяртаючы савецкае меню, ладзячы фестывалі савецкай кухні і г. д. Акрамя таго, любая мода не будзе існаваць, калі яна не стане “ўтульнай”. А савецкая стылістыка якраз і дае нам адчуванне ўтульнасці, якая грунтуецца на настальгіі, хатнасці, прыемных успамінах, даверы да таго, што мы ведаем з маленства.
— Калі меркаваць па Мінску, — расказвае пра музычныя запыты беларускай публікі арганізатар “Дыскатэкі СССР” Ігар Кідуль, — папулярнасць музычна-танцавальных мерапрыемстваў менавіта савецкай тэматыкі папраўдзе існуе. Мы першыя на Беларусі, хто прапанаваў такую дыскатэку, і спачатку ўкладаць у гэта грошы было рызыкоўна. Аднак праект сябе апраўдаў, і сёння ў нас цікавяцца, ці будзе працяг.
— Там-сям мільгае савецкая плакатная традыцыя ў рэкламе, — кажа Валерый Клімчанка, дырэктар вядомага рэкламнага агенцтва, — але гэтая форма існавала заўсёды. І працэнт рэкламы ў гэтым стылі ніколі не сыходзіў “на нет”, тым больш, не знікаў з прафесійнага гарызонта рэкламшчыкаў. Савецкая стылістыка — гэта лозунгавасць, пэўныя характэрныя вобразы, і працаваць з гэтым матэрыялам даволі проста.  

Запоўненая ніша 

Заўважаюць яе ці не, прызнаюць ці адмаўляюць, аднак савецкая стылістыка, ці вяртанне яе асобных, скажам так, “частак”, стала не толькі запатрабаванай у грамадстве, але і, як вынік, камерцыйна выгаднай. А калі шмат грошай траціцца на тое, кааб прапанаваць грамадству “крышачку савецкага”, значыць, гэта каму-небудзь вельмі патрэбна?
— Цяпер вельмі многае — і масмедыя, і праца, і кар’ера, і модная вопратка, і сучасныя фільмы — зарыентавана менавіта на моладзь, — тлумачыць Т.Пінігіна. — Таму тыя, каму сёння за 30 — 40 гадоў, адчуваюць сябе ў гэтых умовах крыху адлучанымі ад жыцця. Менавіта з-за гэтага ў іх і сфарміравалася запатрабаванасць у СССР, часе, калі яны былі юныя, марылі, дзейнічалі, адчувалі сябе “ў сваёй талерцы”. Вось і ў сваёй перадачы мы з удзельнікамі ўзгадваем хутчэй не сам СССР, а сваю маладосць.
— Што да савецкай музыкі, — расказвае пра сваю аўдыторыю І. Кідуль, — дык прычына цікавасці сталай узроставай катэгорыі людзей — менавіта ў самой музыцы, простай, зразумелай, аб якой засталася добрая памяць. Шчыра кажучы, сучасная эстрада пакідае жадаць лепшага, таму людзі і цягнуцца да больш меладычнай, больш прыгожай, зразумелай музыкі, якая была ў савецкай эстрадзе.
— Хачу сказаць, што савецкая стылістыка з дызайну інтэр’ера не выходзіла і не выходзіць з моды ва ўсім свеце, — кажа Міхаіл Шыкаў, загадчык кафедры інтэр’ера і мэблі факультэта дызайну Белдзяржакадэміі мастацтваў, — бо дыхтоўныя рэчы, вядома ж, не страчваюць сваёй вартасці. Сёння людзі могуць дазволіць сабе вялікія плошчы для жылля і працы, свабодную прастору з рознымі выставачнымі формамі: нішамі з падсветкай і гэтак далей, якія трэба чымсьці з густам запаўняць. А чым? І вось такая стылёвая дэталь дызайну савецкага часу, як крышталь, адгукнулася на патрэбу і — як прапанова — вярнулася ў моду.   

І гэта толькі водгук  

Таццяна Андрэеўна, вы як мастацтвазнаўца, напэўна, ведаеце рэальныя прычыны цікавасці да мастацкай спадчыны СССР. Якія яны?
— Сапраўды, — узялася патлумачыць настальгію мастацтвазнаўца Таццяна Бембель, — на Беларусь прыйшла хваля цікавасці да гэтага стылю, хаця яна і спазнілася на 10-15 гадоў. У Расіі, прыкладам, гэты бум на савецкае прыйшоўся яшчэ на пачатак дзевяностых. І хаця тэрытарыяльна мы знаходзімся побач, да нас гэтая хваля ішла даволі доўга. І вось дайшла. У гэтай цікавасці ёсць некалькі кампанентаў. Гэта і настальгія, і пераацэнка, пераасэнсаванне таго добрага, значнага, якаснага ў савецкім мастацтве, на што мы ўжо можам зірнуць не з-пад палкі савецкай ідэалогіі.Цяпер мы можам ставіцца да яго аб’ектыўна і бачыць шматлікія мастацкія вартасці. У Расіі, адкуль хваля цікавасці прыйшла да нас, і дзе арт-рынак пачаў складвацца адразу пасля распаду СССР, гэта мастацтва было ацэнена хутка, у тым ліку і ў грашовым эквіваленце. Яно набыло сваю каштоўнасць, стала купляцца заходнімі калекцыянерамі, якія адчулі ў гэтым залатую жылу. У нас жа тым часам было поўнае зацішша, часткова і таму, што шмат чаго было знішчана яшчэ ў вайну.
— Цікава тое, што вяртанне прыйшлося даспадобы і бацькам, і дзецям. Аднак у розных варыянтах. Апошнім, напэўна, спадабалася гульня з гэтым мастацтвам?
— А чаму б і не? З ім гуляюць, як і з іншымі стылямі, эпохамі. Тым больш, што ён добра ўпісваецца ў сучасную эклектыку. Аднак менавіта ў Беларусі з савецкім мастацтвам “гуляюць” рэдка, бо мы ім яшчэ жывём і не можам абстрагавацца і пасвавольнічаць. Вы маеце рацыю, у рознага пакалення цікавасць рознай якасці. У старэйшага — гэта чыстай вады настальгія. У моладзі — мэйнстрым, які ідзе з Расіі, мода, але больш знешняя, калі можна ёй захапляцца. Аднак блытаць Сталіна і Брэжнева?! А гэты інтарэс да савецкага — цікавая і шматгранная з’ява, тэма, якая спараджае не адзін мастацтвазнаўчы артыкул. Чым больш аддаляецца час, тым мілейшым ён падаецца. Савецкі стыль — у жывапісе, архітэктуры, дызайне, эстрадзе — быў незаслужана забыты ў дзевяностых і настальгічна ўзгаданы цяпер. Ён выклікае ў памяці калі не захапленне, дык прыемныя ўспаміны — пра тое, што было, і тое, што не адбылося. Гэты час пакінуў багатую спадчыну і традыцыі, якія ўжо ніколі не паўторацца.
Мабыць, і цяперашні час для нашых нашчадкаў калі-небудзь стане мілым, модным і “сцёбным”...

Святлана ЖУРАЎСКАЯ