Музей збірае сяброў і іх адмысловыя творы

№ 6 (926) 06.02.2010 - 12.02.2010 г

Вось ужо 15 гадоў Магілёўскі абласны мастацкі музей імя Паўла Масленікава, як паведамляе “К” намеснік дырэктара ўстановы Святлана Строгіна, рэалізуе творчы праект, што гуртуе мастакоў, лёс якіх так або інакш звязаны з Магілёвам і Магілёўскай вобласцю.

Цягам гэтага часу ладзяцца выстаўкі, дзе прэзентуюцца творы ўсіх відаў і жанраў выяўленчага мастацтва. Іх аўтары — з Гродна, Віцебска, Мінска, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Смаленска, Бранска, а таксама з Аргенціны і Ізраіля. Вынікам гэтага сяброўскага праекта стала музейная калекцыя, якая налічвае сёння больш за 900 твораў.

Цяпер у Магілёўскім абласным мастацкім музеі працуе выстаўка трох гомельскіх мастакоў: Святланы Курашовай (акварэль), Ларысы Зуевай (габелен), Віталя Дзенісенкі (жывапіс). Святлана Курашова—ураджэнка Асіповічаў — прапанавала пазнаёміць магіляўчан з творчасцю сваіх калег-мастакоў. У экспазіцыі — 60 работ, а выстаўка будзе працаваць да 24 лютага.