Кулуары: з дыктафоннай стужкі

№ 5 (925) 30.01.2010 - 05.02.2010 г


Наталля ЦАРКОВА, начальнік аддзела культуры Капыльскага райвыканкама:

— Абрад “Цары” з вёскі Семежава нашага раёна ўжо ўключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO, а цяпер  рыхтуем дакументы на тое, каб прадставіць у  Спісе яшчэ адзін нематэрыяльны помнік з той  жа вёскі, які апісвае тэхніку закладнога ткацтва.  2010 год — юбілейны для Кузьмы Чорнага, а ў нас у вёсцы Цімкавічы, дзе нарадзіўся пісьменнік, дзейнічае філіял Літаратурнага музея. Там плануецца правядзенне ў маі — чэрвені цэлага цыкла мерапрыемстваў, а таксама, магчыма, канферэнцыі, чытанняў.

 

Зінаіда КУЧАР, дырэктар Музея гісторыі музычнай і тэатральнай культуры Рэспублікі Беларусь:

— Нашай галоўнай задачай як музея маладога з’яўляецца павелічэнне колькасці наведвальнікаў. А без добрай рэкламы высокіх паказчыкаў наведвання не дамагчыся. Значыць, будзем працаваць і ў гэтым напрамку: ладзіць разнастайныя імпрэзы, канцэрты, выступленні. Усё для таго, каб быць больш цікавымі і прывабнымі. 2010 год можна назваць таксама Годам юбілеяў: Расціслаў Янкоўскі, Вольга Клебановіч, Андрэй Душачкін — і гэта толькі артысты Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Горкага! А яшчэ сёлета мы святкуем 245-годдзе з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага. Да гэтай даты рыхтуем выстаўку з нашых фондаў, якую павязём у Варшаву. Святочныя мерапрыемствы не абмінуць і наш філіял — сядзібу Агінскіх у Залессі.

 

Аляксандр ЯФРЭМАЎ, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кінарэжысёр:

— Для мяне галоўнай падзеяй мінулага года было заканчэнне васьмісерыйнай карціны “Замах”, здача яе Міністэрству культуры. Фільм набыў Першы расійскі канал — карціна, як мінімум, акупілася. Спадзяюся, яна прынясе рэальны даход. Адчуваю, што работа гэтая зацікавіць гледача… Сітуацыя ж на “Беларусьфільме” змяняецца карэнным чынам: з’яўляюцца новыя рэжысёры, свае карціны знялі Аляксандр Колбышаў і Андрэй Кудзіненка. Як я лічу, гэта — паспяховыя фільмы, канкурэнтаздольныя. І такіх карцін у рэпертуары студыі становіцца ўсё больш… Планую, што ў бягучым годзе ў мяне будзе яшчэ адна васьмісерыйная стужка. Спадзяюся, яна паўторыць лёс “Снайпера” і “Замаху”. Галоўнае — не стаяць на месцы, а здымаць кіно.

 

Наталля АПАНАСЁНАК, начальнік аддзела культуры Бешанковіцкага райвыканкама:

— План па аказанні платных паслуг за 2009-ы з поспехам выканалі, у супастаўных цэнах — на 136 працэнтаў, а заданне было — 117. Справіліся з задачай за кошт якасці культмасавых мерапрыемстваў. Сёлета план у кожным раёне Віцебшчыны падвоіўся. Адказнасць — найвялікшая. Імкнёмся адпавядаць. Калі ў мінулым годзе мелі 47 відаў паслуг, дык сёлета іх ужо 73. Кожная ўстанова культуры прапанавала штосьці сваё, адметнае. Да прыкладу, стане больш абменных міжраённых канцэртаў. Сёлетні план — 289 мільёнаў рублёў — прымусіць крэатыўна думаць кожнага нашага работніка культуры.

 

Аляксандр ЛАЎРЫНЕНКА, дырэктар КУП “Гомелькінавідэапракат”:

— Бягучы год для нас пройдзе пад знакам інтрыгуючага “спаборніцтва” за тое, хто ж другім у краіне паставіць 3-Dкінатэатр. Электроннае кіно — гэта наша бліжэйшая перспектыва. Зірніце на расійскую статыстыку і адпаведную дынаміку: па стане на 1 студзеня мінулага года там былі 92 лічбавыя залы, а на 1 студзеня 2010 — ужо амаль 350! І гэта не толькі ў сталіцы, але і ў гарадах, якія цалкам супастаўныя з нашымі абласнымі цэнтрамі. У той жа Пярмі 5 такіх кіназалаў. І нам без гэтага сёння ўжо таксама нельга. Хацелася б, каб было прапрацавана і вырашана станоўчым чынам пытанне адносна закупак стужак расійскай вытворчасці: каб яны не былі для нас, як цяпер, — імпартнымі, з-за чаго на іх накладаецца 18-працэнтны падатак і іншыя выплаты з нашага боку.

 

Мікалай МАСЬКО, генеральны дырэктар КУП “Брэстаблкінавідэапракат”:

— Наш клопат — вяртанне гледачоў у кіназалы. У Мінску і абласных цэнтрах гэта атрымалася, буйныя гарады ідуць следам, і цяпер наша асноўная ўвага скіравана на вёску. Бо ў раённых кінатэатрах драўляныя лаўкі для гледачоў — яшчэ не рэдкасць. А я лічу, што ў кожным райцэнтры павінны быць кінатэатры, абсталяваныя DOLBY-сістэмамі: за імі — будучае. Зразумела, што гэтая справа — затратная, і акупяцца яны не так хутка, як у буйных гарадах, але ж гэта не павінна спыняць, бо мы мусім думаць на перспектыву.

 

Святлана РАМАНЮК, начальнік аддзела культуры Слонімскага райвыканкама:

— У сферы культуры — 27 гадоў; пачынала з пасады спецыяліста, цягам ужо 10 гадоў працую начальнікам. Некалі былі грошы, ды не было чаго купіць — тыя ж тэхнічныя сродкі, гукаўзмацняльную апаратуру, а сёння надышоў час, калі ёсць усё, а грошай не хапае. Сёлета ў нас на культуру выдзелена 3,9 мільёна рублёў — гэта зусім мала. І мы зноў павінны ламаць галаву, як працаваць нашаму Слонімскаму дзяржаўнаму драматычнаму тэатру, які не мае ўласнага будынка. 5 гадоў працуем над вырашэннем гэтай праблемы, падрыхтавана дакументацыя, Але сродкаў няма. Тэатр на сённяшні дзень знаходзіцца ў памяшканні раённага Дома культуры, калектыў працуе на выездах, таму сёлета зноў хацелася б звярнуць увагу на гэтае наша набалелае пытанне. У нас у Слоніме ладзіцца Рэспубліканскі фестываль сямейнай творчасці (ён адбудзецца ў наступным годзе), мы вельмі ганарымся гэтым форумам. Але сёлета ў нас пройдзе яшчэ адно адметнае мерапрыемства, на якое ўскладаем вялікія спадзяванні, — Музычны фестываль паланеза, які мы ладзім разам з Польскім таварыствам. На гэтым форуме выконваюцца толькі паланезы — такая Яго канцэпцыя. І ў гэтым годзе хочам выйсці з ім на рэспубліканскі ўзровень, зрабіць яго яшчэ адной нашай  “разыначкай”.

 

Эдуард ГЕРАСІМОВІЧ, дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага:

— Асноўная мая дырэктарская задача на бягучы год — як мага паўней атрымаць запланаванае фінансаванне. А ўжо зыходзячы з яго, я вам гарантую шмат цікавых акцый і спектакляў. У нас у праекце — запрашэнне на пастаноўкі такіх рэжысёраў, як Кшыштаф Занусі, Кама Гінкас, маецца і цудоўны нацыянальны беларускі матэрыял. Думаю, наступны год папоўніць рэпертуар тэатра шэрагам яркіх і цікавых спектакляў.

 

Фёдар ЯСТРАБ, загадчык выставачнага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, старшыня Міжнароднай гільдыі жывапісцаў:

— Лічу, мінулы год для беларускіх мастакоў быў у нечым вызначальны. Бо ён засведчыў: складаныя эканамічныя варункі ды іх псіхалагічныя наступствы не могуць быць перашкодай для творчасці. Мастацтва мае свае шляхі, яно залежыць не столькі ад эканомікі, колькі ад ментальнасці ды імпэту творцаў. І такая выснова павінна надаваць мастакам аптымізму і сёлета. Таму планы — амбітныя. Спадзяюся, гэты год будзе яшчэ больш насычаны на сур’ёзныя праекты, чым папярэдні. А ён быў для мяне як галерыста вельмі плённы.

 

Уладзімір ПРАКАПЦОЎ, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея  Рэспублікі Беларусь: 

— 2010 год будзе для музея вельмі насычаным на значныя падзеі. Патрэбна змяніць не толькі свае адносіны да працы, але і расставіць акцэнты ў новых метадах работы. Хочацца менш часу марнаваць на размовы, абмеркаванні, больш дзейнічаць. Ад усіх буду чакаць прафесіяналізму, практычнасці: пачынаючы ад навуковага супрацоўніка да кіраўніцтва — кожны павінен адпрацоўваць свае грошы. Актуальнымі застаюцца пытанні фінансавання. Што найперш для нас неабходна — каб для музея не было асноўнай мэтай выкананне платных паслуг, бо з-за гэтага складана выконваць такія функцыі нашай установы, як навукова-даследчая і асветніцкая. Надзённае патрабаванне — выдаваць паліграфічную прадукцыю: каталогі, альбомы, паштоўкі. Трэба праводзіць канферэнцыі, ладзіць высокамастацкія выстаўкі. Слаба пакуль што выкарыстоўваюцца электронныя сродкі: неабходна выдаваць больш дыскаў, якія раскажуць пра музей і экспазіцыі жыхарам аддаленых куткоў. Праводзячы традыцыйныя экскурсіі, трэба арыентавацца і на замежных гасцей: стварыць аўдыёгід, рабіць экскурсіі на замежных мовах.

 

Юрый КІТУРКА, дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея:

— Надышоўшы год для нас — юбілейны: музею спаўняецца 90 гадоў. Зразумела, што да гэтай даты будзе прымеркаваны шэраг падзей. У прыватнасці, плануем правесці сваю канферэнцыю. Не абміне нас увагай і яшчэ адзін юбілей — 600-годдзе Грунвальдскай бітвы. Ужо сёння сардэчна запрашаю ўсіх аматараў даўніны на нашу выстаўку, прысвечаную іканаграфіі гэтай знамянальнай падзеі — яе адлюстраванню ў выявах розных часоў. Але самая важная падзея, якая чакае нас у найбліжэйшай будучыні, — рэканструкцыя Старога замка, і музей да яе актыўна рыхтуецца. Хочацца верыць, што гэты грандыёзны, але і вельмі складаны праект распачнецца ўжо неўзабаве.

 

Аляксандр КАРАЧАН, старшыня аддзела культуры Навагрудскага райвыканкама:

— Літаральна днямі на пасяджэнні Навукова-метадычнай рады па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь быў зацверджаны праект рэканструкцыі Навагрудскага дома культуры. І таму я вельмі спадзяюся, што сёлета лёс гэтага праблемнага аб’екта пачне змяняцца да лепшага. Цэнтральнай падзеяй культурнага жыцця Навагрудка сёлета стане святкаванне ўгодкаў Грунвальдскай бітвы. Яно адбудзецца толькі напрыканцы чэрвеня, але над арганізацыяй рыцарскага фэсту мы працуем ужо сёння ў напружаным тэмпе. Адразу па сканчэнні калегіі буду мець сустрэчу з нашымі партнёрамі, датычную праграмы фестывалю

 

Уладзімір МЕЛЬНІКАЎ, начальнік аддзела культуры Веткаўскага райвыканкама:

— Самай знамянальнай леташняй падзеяй сталася давядзенне да ладу сельскіх дамоў культуры ў аграгарадках “Данілавічы” і “Радуга”. Паверце, ажыццявіць гэтыя капітальныя рамонты з грунтоўнай рэканструкцыяй было вельмі няпроста. У выніку ў раёне ўжо налічваецца дзесяць аграгарадкоў. Праблемным з’яўляецца СДК у вёсцы Вялікія Нямкі: ён — у аварыйным стане. І для таго, каб вёска гэтая стала ў бягучым годзе аграгарадком, патрэбна дапамога абласнога ўпраўлення культуры.

 

 

Уладзімір ЗАМЯТАЛІН, генеральны дырэктар РУП “Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”:

— Ад надышоўшага года чакаем шэраг прэм’ер, і прэм’ер знакавых, якія прадэманструюць новы ўзровень нашай студыі. “Ваўкі”, “Масакра”, “Дасціш фантасціш”, “Замах” — я задаволены працай здымачных груп гэтых стужак і ўпэўнены ў поспеху апошніх у гледача. А галоўнымі падзеямі на здымачных пляцоўках Нацыянальнай кінастудыі, лічу, будуць сумесныя праекты. У іх ліку — васьмісерыйная тэлевізійная стужка “Немец”. Карціна будзе стварацца разам з сусветна вядомай кампаніяй “Баварыяфільм” з ФРГ, прычым усе здымкі пройдуць у нас. Такім чынам, галоўнай падзеяй для беларускага кіно ў 2010 годзе будзе доўгачаканы выхад на еўрапейскі кінарынак.

 

Пётр КРЫВАСТАНЕНКА, дырэктар РУП “Беларускі відэацэнтр”:

— У нашых планах на 2010 год — 55 адзінак відэапрадукцыі (на 16 больш, чым у мінулым). Але гэта толькі колькасныя паказчыкі. Што да творчасці, то мы спадзяёмся на новыя, маладыя кадры і сучасныя тэмы, якія будуць цікавымі сучаснаму гледачу. А гэта і гісторыя нашай Бацькаўшчыны, і навукова-папулярныя стужкі, карціны, прысвечаныя цэламу шэрагу пытанняў: ад эканомікі да патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення. Трэба ўсведамляць: тое, што мы здымем сёння, будуць глядзець нашы нашчадкі праз шмат гадоў!

 

Міхаіл ШАВЕЛЬ, дырэктар Брэсцкага тэатра лялек:

— Літаральна днямі ў нас адбылася прэм’ера “Русалачкі”, якая выклікала вялікую цікавасць сярод гледачоў. А ўжо ў красавіку нам давядзецца вызваліць стары будынак тэатра: распачнецца рэканструкцыя — праект разлічаны на тры гады. Для нас гэта вельмі складаная сітуацыя, але жыццё ўсё роўна працягваецца, і мы будзем працаваць у тым жа рытме, што і раней: плануем наведаць 7 — 8 міжнародных фестываляў. І ўпершыню ў гэтых складаных умовах мяркуем выпусціць не тры новыя спектаклі, а 4 — 5, у тым ліку і з запрашэннем цікавых творцаў з-за мяжы.

 

Аляксандр ЛУКАШЭНКА, начальнік аддзела культуры Пінскага гарвыканкама:

— Я лічу, што за апошнія гады па галіновай праграме “Захаванне і развіццё культуры на 2006 — 2010 гады” ў сталіцы Палесся зроблена шмат. Значныя сродкі ўкладзены ў гарадскі Дом культуры, праведзены капітальны рамонт дзіцячай бібліятэкі, адкрыты драматычны тэатр, скончаны рамонт гістарычнага будынка канца XVIII стагоддзя “Палац Бутрымовічаў”, дзе цяпер знаходзіцца ЗАГС і дзе плануем адкрыць філіял Музея Беларускага Палесся з экспазіцыяй, прысвечанай роду Бутрымовічаў. Плануем сёлета завяршыць аднаўленне цэнтральнай бібліятэкі горада, а таксама распачаць рамонт і рэканструкцыю кінатэатра “Перамога”, рэканструкцыю і капітальны рамонт ДШМ № 1.

Рыгор ВАЛЖАНКОЎ, Начальнік аддзела культуры Клічаўскага райвыканкама:

— Мінулы год быў незвычайны. Маю на ўвазе і 65годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і справаздачны канцэрт нашай вобласці з тае нагоды ў Палацы Рэспублікі. За 2009 год на рамонтах устаноў культуры асвоена больш за 1,5 мільярда рублёў. Увялі два аграгарадкі — “Новыя Максімавічы” і “Дзмітраўка”. План платных паслуг выканалі на 125 працэнтаў у супастаўных цэнах. Справіліся і з заданнем па энергазберажэнні, па росце зарплаты. Прыярытэтны кірунак дзейнасці года бягучага — падрыхтоўка клубаў і бібліятэк у апошніх двух аграгарадках, што будуць здадзены сёлета. І работы гэтыя мы распачалі яшчэ летась.

Рыма МУРАВЕЙ, начальнік аддзела культуры Глыбоцкага райвыканкама:

— У першую чаргу мы ставім акцэнт у сваёй працы на выкананне платных паслуг. Упраўленнем Віцебскай вобласці нам даведзена задача выканаць план на 200%, таму будзем працаваць інтэнсіўна. Абавязкова задзейнічаем аб’екты турызму: культурна-турыстычны комплекс у Івесі, Мосарскі культурна-дэндралагічны комплекс. Нас сёлета напаткала сумная падзея: пайшоў з жыцця ксёндз Ёзэф Булька. Сёння ўжо прынята рашэнне аб стварэнні музея ў яго гонар, помніка. Таксама імкнёмся надаць статус асобнай установы культуры комплексу ў Мосары. Ён з’яўляўся філіялам музея ў Глыбокім, цяпер жа гаворка ідзе пра асобную ўстанову і, адпаведна, спецыяльны штат. Хочам супакоіць усіх, хто турбуецца аб далейшым лёсе спадчыны Ёзэфа Булькі: ксёндз пакінуў завяшчанне, згодна з чым мы будзем далей крочыць яго шляхам і запаветам — і ствараць тыя аб’екты, аб якіх марыў святар.

Рычард СМОЛЬСКІ, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў:

— Сапраўды, вельмі спадзяюся і веру, што 2010 год будзе адметным для Акадэміі мастацтваў. Мы адкрываем новы факультэт (а гэта здараецца вельмі рэдка) — факультэт экранных мастацтваў. Як я яго называю, “наш маленькі беларускі ВГИК”, дзе мы на сістэмным, высокапрафесійным узроўні будзем рыхтаваць творчыя кадры для экранных відаў мастацтваў — кінематографа, тэлебачання. У сувязі з адкрыццём гэтага факультэта ў нас значна пашырацца міжнародныя сувязі з аналагічнымі замежнымі ВНУ: выйдзе на новы ўзровень супрацоўніцтва з ВГИКам, наладзяцца кантакты з Вышэйшай кінашколай у Лодзі. І студэнты, адпаведна, атрымаюць магчымасць ездзіць на стажыроўкі ў суседнія краіны. Мы рэгулярна будзем выпускаць маладых беларускіх кінарэжысёраў, кінааператараў, сцэнарыстаў, гукарэжысёраў, прадзюсераў, менеджэраў. Разам з тым, развіццё кінакультуры будзе істотна дапамагаць развіццю ўсёй нацыянальнай культуры, у прыватнасці, тэатру, выяўленчаму мастацтву, дызайну, таму што ўсе гэтыя сумежныя спецыяльнасці, віды мастацтва запатрабаваны і для кіно. У выніку гэтага значнага кроку беларускае нацыянальнае прафесійнае мастацтва атрымае істотнае падмацаванне.