“На Беларусі няма падзелу на сталіцу і правінцыю. У нас ёсць адзіная культурная прастора”

№ 5 (925) 30.01.2010 - 05.02.2010 г

З выступлення намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення — начальніка упраўлення сацыяльна-культурнай палітыкі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ірыны ДРЫГА

 

Перш за ўсё хачу падзякаваць работнікам культуры за плённую творчую працу ў мінулым годзе. Асабліва варта адзначыць правядзенне вельмі цікавых справаздачных канцэртаў абласцей у рамках  шырокага святкавання 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Вынікі вашай працы былі ацэнены на самым высокім узроўні. Пра гэта сведчаць штогадовыя прэміі Кіраўніка дзяржавы. На Беларусі няма падзелу на сталіцу і правінцыю. У нас ёсць адзіная культурная прастора, у якой важны як Вялікі тэатр, так і маленькі музей “Бездзежскі фартушок”.

Але зараз хацелася б перайсці да праблемных аспектаў, датычных выканання даручэнняў Кіраўніка дзяржавы ў галіне культуры. 

Хацелася б спадзявацца, што святкаванне 65-годдзя Вялікай Перамогі адбудзецца гэтаксама цікава і маштабна, як і мерапрыемствы, прымеркаваныя да юбілею вызвалення Беларусі. Але, на жаль, пачутае сёння на калегіі і аналіз сабраных матэрыялаў сведчаць аб тым, што сфера культуры і, у прыватнасці, Міністэрства культуры краіны рыхтуецца да гэтай вялікай даты не вельмі творча. Пакуль не чуваць пра нейкія новыя ініцыятывы, адметныя  праекты, — плануецца хіба  традыцыйны святочны канцэрт.  І калі б не сумесныя  мерапрыемствы, якія прапанавалі замежныя партнёры,  дык гэтая дата наогул прайшла б на перыферыі культурнага жыцця краіны.    

Хацелася б звярнуць увагу ўсіх прысутных на тое, што 65-годдзе Вялікай Перамогі павінна стаць для вас асноўнай падзеяй — нягледзячы на ўсе іншыя гістарычныя юбілеі, якія прыпадаюць на гэты год. Спадзяюся, што вартыя ўвагі ініцыятывы яшчэ з’явяцца.    

Дзяржаўная канцэпцыя развіцця кінематографа ў Рэспубліцы Беларусь... Ад часу яе ўзнікнення прайшоў першы год, і ўжо з’явіліся прычыны для насцярожанасці. Па-першае, было недастаткова часу на падрыхтоўку нарматыўна-прававых актаў у сферы кінематаграфіі, якія з’яўляюцца асновай рэфармавання галіны. Зразумела, час яшчэ ёсць, але для таго, каб перайсці да практычных дзеянняў, трэба больш аператыўна працаваць над распрацоўкай закону і звязаных з імі падзаконнымі актамі. І, самае галоўнае,  — над тымі нарматыўнымі дакументамі, якія тычацца кінапракату. У мінулым годзе пасля калегіі ўсе нашы пракатчыкі адзначалі наяўнасць пытанняў, якія патрабуюць дэталёвай распрацоўкі. Але пакуль яшчэ адпаведных прававых актаў не з’явілася. 

Другі праблемны момант, датычны згаданай канцэпцыі, звязаны з павышэннем акупнасці айчыннай кінапрадукцыі, развіцця супрацоўніцтва з замежнымі кінавытворчымі і кінапракатнымі арганізацыямі, мадэрнізацыяй матэрыяльнай базы нашых кінатэатраў, пераўтварэннем іх у сучасныя культурна-забаўляльныя цэнтры, стварэннем мультыплексаў. 

Аб акупнасці нашай кінематаграфічнай прадукцыі Кіраўнік дзяржавы не раз гаварыў і не раз даваў адпаведныя даручэнні. Пакуль яшчэ вялікіх зрухаў, на жаль, не адбылося. У цэлым за 2007 — 2009 гады былі вернуты толькі 6,2% сродкаў, укладзеных у вытворчасць усіх відаў кінапрадукцыі. Пэўныя станоўчыя зрухі датычаць мастацкіх стужак і тэлесерыялаў сумеснай вытворчасці. Чатыры фільмы дасягнулі акупнасці ў 20 — 30%. Але па астатніх мастацкіх стужках паказчыкі куды больш сціплыя:ад 0,4% да 14%. Таму вельмі правільна, што ў праект рашэння калегіі ўключаны пункт аб давядзенні гэтага паказчыка хаця б да 30%. 

Хацелася б звярнуць увагу і на іншы аспект гэтага пытання. Мы гаворым аб мастацкім кіно. Але ж немалыя сродкі ўкладваюцца таксама і ў анімацыйнае і дакументальнае кіно. Зразумела, ніхто нават не спрабуе ставіць задачу, каб дакументальныя стужкі поўнасцю акупляліся. Але тыя паказчыкі акупнасці, якія ёсць па анімацыі і па дакументалістыцы (ад 0,1% у 2009 годзе да 2,3% за тры гады продажу), не могуць задавальняць. І што асабліва выклікае трывогу: ад траціны да паловы дакументальных фільмаў увогуле не прадаюцца. У 2007 годзе створана 31 дакументальная карціна, не прададзена — 14.  У 2008 годзе з 31 стужкі не прададзена — 11. У 2009 годзе створана 36, не прададзена 34 (Я думаю, што яшчэ проста няшмат часу прайшло.). Дык, можа, трэба неяк і перагледзець падыходы да планавання, да выбару тэматыкі  дакументальных фільмаў? Бо яны павінны выходзіць  да гледача, а не ляжаць на паліцах. Кінамастацтва не можа ператварыцца толькі ў “мастацтва дзеля мастацтва”. 

Яшчэ адна важная праблема: ажыццяўленне рэстаўрацыі, рэканструкцыі і будаўніцтва аб’ектаў культуры. Як вы ведаеце, важкую частку Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы штогод складаюць менавіта аб’екты культуры. Але тыя сродкі — вялікія або, можа, часам і не вельмі вялікія, — якія выдаткоўваюцца паводле Праграмы, павінны выкарыстоўвацца ашчадна і рацыянальна. Практыка сведчыць, што, на жаль, гэта адбываецца не заўжды. Напрыклад, па выніках праведзенай Камітэтам дзяржаўнага кантролю праверкі рэстаўрацыі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь былі выяўлены парушэнні. Паводле гэтых даных, больш як дзесяць мільярдаў рублёў былі выкарыстаны з парушэннямі заканадаўства.  Цяпер у сферы культуры рэстаўруюцца тры такія буйныя аб’екты — гэта Мірскі замак, палацавы комплекс у  Нясвіжы і  тэатр імя Янкі Купалы, работы вядуцца таксама і на шэрагу іншых аб’ектаў. Трэба звярнуць увагу на тое, каб падобных парушэнняў не было, каб усё, што выдаткоўваецца з бюджэту, выкарыстоўвалася належным чынам.              

 Ашчадна і рацыянальна трэба падысці і да ўсталявання аб’ектаў манументальнага мастацтва. Па загадзе Адміністрацыі Прэзідэнта Міністэрства культуры краіны і аблвыканкамы распрацавалі праект Плана стварэння манументальных збудаванняў на 2009 — 2011 гады. Але тое, што нам прадстаўлена, на жаль, не магло быць зацверджана. У спісе — 93 пазіцыі! Прычым сярод іх — як вельмі значныя праекты, так і тыя, без якіх, па шчырасці, можна і абысціся.  І толькі па 16 з іх прадугледжана частковае фінансаванне з пазабюджэтных сродкаў.     

Таму гэты праект быў вернуты для дапрацоўкі. Прашу звярнуць увагу на тое, каб туды ўвайшлі сапраўды важныя ініцыятывы, што неабходныя нават  у наш няпросты эканамічны час. Праект трэба перагледзець з улікам рацыянальнага выдаткоўвання сродкаў, а таксама гістарычнай важнасці тых асоб і падзей, якія прапануецца ўвекавечыць, іх сувязей з той тэрыторыяй, дзе плануецца ўсталяваць помнік. 

Хачу яшчэ звярнуць увагу і на неабходнасць захавання заканадаўства аб устаноўцы помнікаў. У сталіцы і абласных цэнтрах яны павінны з’яўляцца толькі па ўзгадненні з Кіраўніком дзяржавы, у рэгіёнах — па ўзгадненні з аблвыканкамамі. Трэба прыпыніць тую шкодную практыку, якая, на жаль, мела месца і ў гэтым годзе: калі спачатку мясцовыя ўлады прымаюць рашэнне аб усталяванні помніка, абвяшчаюць конкурс, нават паспяваюць заказаць скульптуру, а потым ужо звяртаюцца да Кіраўніка дзяржавы. Такога быць не павінна! 

Працэс стварэння помнікаў за кошт бюджэтных сродкаў павінен знаходзіцца пад няспынным кантролем дзяржаўных структур. Напэўна, усе ведаюць тую сітуацыю, якая склалася з помнікам тысячагоддзя Брэста.  З прычыны элементарнага недагляду было дапушчана 70 памылак у надпісах. Уражанне ад гэтага выдатнага твора манументальнага мастацтва было сапсавана. Таму кантроль павінен быць ад першага да апошняга этапу стварэння помніка.             

Яшчэ хачу звярнуць увагу і рэгіёнаў, і Міністэрства культуры на неабходнасць кантролю за выкананнем даручэння Кіраўніка дзяржавы аб упарадкаванні колькасці фестываляў і павышэння ўдзельнай вагі пазабюджэтных сродкаў у іх фінансаванні. Былі ўзгоднены спісы фестываляў, якія фінансуюцца з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў. Здавалася б, яснасці па гэтым пытанні ўдалося дасягнуць. Але вось, гляджу, у рамках праекта “Культурная сталіца Беларусі” ў Полацку сёлета запланавана правядзенне ажно васьмі фестываляў!  Прычым традыцыйнымі з’яўляюцца толькі два з іх. Напэўна, усе гэтыя фестывалі фінансуюцца за кошт бюджэтных сродкаў. Ці не занадта гэта многа нават для культурнай сталіцы? Калі такія фестывалі прыносяць прыбытак або працуюць на  прыцягненне турыстаў, іх правядзенне мэтазгодна, але калі фестываль ладзіцца “дзеля фестывалю”... Такога ў наш час не павінна быць.            

 Хацелася б таксама закрануць тую частку даручэння, якая тычыцца павелічэння ўдзельнай вагі пазабюджэтных сродкаў у каштарысе фестываляў. Напэўна, многім вядома тая сітуацыя, што склалася па выніках правядзення XVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. З-за праліку планавання і з-за павышэння па мясцовай ініцыятыве цэн пражывання ў гатэлях і транспартных паслуг дырэкцыя фестывалю спрацавала з мінусам і атрымала крэдыторскую запазычанасць больш як у 400 мільёнаў рублёў, якая, на жаль, дагэтуль не пагашана. Таму просьба да арганізатараў усіх мерапрыемстваў: плануйце і выдаткі, і даходы фестывалю. Не запрашайце  выканаўцаў толькі дзеля павышэння маштабнасці або пашырэння геаграфіі. А да мясцовых улад просьба такая: не стварайце штучныя перашкоды на шляху правядзення культурных мерапрыемстваў.         

І апошняе пытанне — праца з маладымі талентамі. Па даручэнні Кіраўніка дзяржавы Урад краіны сумесна з Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь працуе над праектам Указа аб падтрымцы таленавітай моладзі. Гэта спроба стварэння новай сістэмы працы з талентамі. Яе мэта — каб артыст, які хаця б аднойчы быў адзначаны на прэстыжным конкурсе, не выпаў з поля нашай увагі, каб ён меў дапамогу,  пэўныя гарантыі і дзяржаўную падтрымку ў рэалізацыі ўласных творчых праектаў, у сваім прафесійным станаўленні. На жаль, з-за адсутнасці пакуль такога Указа гэта адбываецца не заўсёды. Малады талент перамагае на фестывалі, а потым нярэдка залежыць ад “волі лёсу”.  Мне, напрыклад, не зразумела, куды падзеўся пераможца чарговага Фестывалю беларускай песні і паэзіі. На вялікіх рэспубліканскіх канцэртах яго не відаць. І вельмі не хацелася б, каб такі лёс напаткаў фіналістаў конкурсу “Зорка ўзышла над Беларуссю”… Ужо цяпер трэба думаць не толькі як іх адзначыць, але і як выкарыстоўваць іх творчы патэнцыял, як даць ім магчымасць рэалізаваць свае творчыя праекты.      

Спадзяюся, на гэтыя пытанні будзе звернута адпаведная ўвага, і ў 2010 годзе даручэнні Кіраўніка дзяржавы будуць выкананы ў поўным аб’ёме

 

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення сацыяльна-культурнай палітыкі

Адміністрацыі Прэзідэнта

Рэспублікі Беларусь Ірына ДРЫГА