З улікам практыкі прымянення

№ 5 (925) 30.01.2010 - 05.02.2010 г

З выступлення Святланы СУХАВЕЙ, намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

Сваё выступленне хачу прысвяціць пытанням заканадаўства ў сферы культуры і мастацтва.  

Нагадаю, у канцы 90-х гадоў у Рэспубліцы Беларусь у цэлым сфарміравалася даволі стройная сістэма заканадаўства аб культуры. Сёння яна складаецца з базавага Закону аб культуры і 6 тэматычных законаў, якімі рэгулююцца грамадскія адносіны ў сферы бібліятэчнай і музейнай справы, кінематаграфіі, аховы гісторыка-культурнай спадчыны, народнай творчасці, уключаючы народныя промыслы і рамёствы, а таксама Закону аб творчых саюзах і творчых работніках. З 2000 года пачаўся новы этап удасканалення заканадаўства аб культуры з улікам практыкі яго прымянення. Гэтаму садзейнічала ўкараненне ў практыку працы ўстаноў культуры інфармацыйных тэхналогій, змяненне ўмоў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і пашырэнне сістэмы права.  

У мінулым 2009 годзе падлягалі карэкціроўцы законы аб культуры, аб музеях і Музейным фондзе, аб народным мастацтве і народных промыслах і рамёствах, аб кінематаграфіі і іншыя, а таксама ратыфікавана з агаворкай Пагадненне аб сумеснай фільмавытворчасці.  

Выяўленню праблем у практыцы прымянення заканадаўства ў сферы культуры і іх заканадаўчаму вырашэнню садзейнічалі такія формы работы, як выязныя пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе і семінары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, што праводзіліся з удзелам Міністэрства культуры.  

 На выязным семінары, які адбыўся 29 кастрычніка 2009 г. на базе аб’ектаў — горада Нясвіжа і гарадскога пасёлка Мір, дэпутаты азнаёміліся з практыкай прымянення заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Зыходзячы з дакладаў, што прагучалі на семінары, у кароткатэрміновай перспектыве дадзены закон карэкціроўкі не патрабуе. Разам з тым, сумесна мы павінны прагназаваць развіццё заканадаўчай базы аховы гісторыкакультурнай спадчыны з улікам такіх фактараў, як лібералізацыя эканомікі, павышэнне дзелавой актыўнасці насельніцтва, у тым ліку ў сферы турызму, інтэграцыя ў сусветныя эканамічныя і культурныя працэсы. Акрамя таго, у заканадаўстве аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны больш шырока павінны прымяняцца палажэнні міжнародных нарматыўных дакументаў UNESCO, а таксама адлюстроўвацца пытанні інвестыцыйнай дзейнасці. На падставе рашэння камісіі, якое было прынята па выніках выязнога пасяджэння 19 студзеня 2009 года на базе Нацыянальнага мастацкага музея, Міністэрства культуры ініцыявала ўключэнне ў план падрыхтоўкі законапраектаў на 2010 год падрыхтоўку праекта Закону “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь” з улікам практыкі яго прымянення.  

Да слова, перспектыўным планам работы камісіі прадугледжваецца вывучэнне практыкі прымянення заканадаўства аб народным мастацтве, народных промыслах і рамёствах. У свой час гэты Закон, прыняты ў 1999 годзе, сыграў вялікую ролю ў справе захавання, падтрымкі і развіцця народных промыслаў і рамёстваў, традыцыйнага мастацтва ў цэлым. Лічым, што дадзены закон таксама патрабуе ўдасканалення.  

Цяпер хацела б больш падрабязна спыніцца на наступным. У пункце 1 артыкула 44 Закону аб культуры дакладна вызначана, што асаблівасці прававога статуса і парадак дзейнасці творчых саюзаў і творчых работнікаў вызначаюцца заканадаўствам аб творчых саюзах і творчых работніках. Трэба адзначыць, што Закон “Аб творчых саюзах і творчых работніках”, прыняты ў 1999 годзе, быў станоўча ўспрыняты творчай супольнасцю. Аднак ужо дастаткова працяглы час творчыя саюзы рэспублікі ажыццяўляюць сваю дзейнасць у рамках Закону “Аб грамадскіх аб’яднаннях”. У гэтым заканадаўчым акце існуе шэраг палажэнняў, якія, як паказаў час, не садзейнічаюць паўнацэннаму развіццю культурнай дзейнасці творчых саюзаў і рэальнай падтрымцы творчых работнікаў. Не бярэцца пад увагу, што іх дзейнасць у многім адрозніваецца ад дзейнасці іншых грамадскіх аб’яднанняў. Прапаную Міністэрству культуры сумесна з Міністэрствам юстыцыі з удзелам прадстаўнікоў творчых саюзаў уважліва прааналізаваць існуючае заканадаўства ў гэтай сферы і накіраваць усе намаганні, каб заканадаўча замацаваць асаблівасці функцыянавання ў Рэспубліцы Беларусь творчых саюзаў.  

Што да заканадаўчай дзейнасці парламента ў 2010 годзе, дык яна будзе здзяйсняцца ў адпаведнасці з планам падрыхтоўкі законапраектаў, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Сумесна з Міністэрствам культуры намі запланавана сур’ёзная праца над праектамі законаў: “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь” (аб ім я казала вышэй) і “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб кінематаграфіі ў Рэспублікі Беларусь” з улікам практыкі іх прымянення. Члены нашай камісіі гатовы актыўна падключыцца да працы на стадыі іх распрацоўкі.   Хачу праінфармаваць вас яшчэ аб адным вельмі важным для творчых работнікаў законе. Вясной 2010 года ў Палату прадстаўнікоў паступіць законапраект, што рэгулюе пытанні аўтарскага права і сумежных правоў. У склад працоўнай групы, якая засядала на базе Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці, увайшлі і прадстаўнікі нашай камісіі. Гэты законапраект накіраваны на ўдасканаленне аховы правоў аўтараў, выканаўцаў, вытворцаў фанаграм з улікам міжнароднага права і ў сувязі з шырокім выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій, што ўвесь час развіваюцца. Важнае месца ў законапраекце  адводзіцца пытанням калектыўнага ўпраўлення правамі, стварэння службовых твораў і спосабаў абароны парушаных правоў.

Хачу адзначыць, што юрыдычнай службай Міністэрства культуры ўнесены значны ўклад у распрацоўку дадзенага праекта. Мы спадзяёмся на далейшую сумесную працу над законапраектам у парламенце, каб Закон “Аб аўтарскім праве і сумежных правах” сапраўды спраўджваў спадзяванні іх уладальнікаў.   

І апошняе. Нашай камісіяй рыхтуецца да разгляду ў Палаце прадстаўнікоў у другім чытанні праект Кодэкса аб адукацыі, які атрымаў шырокі грамадскі рэзананс. Сустрэчы ў маёй выбарчай акрузе паказваюць, што бацькі, настаўнікі і выкладчыкі дзяржаўных устаноў адукацыі занепакоены выключэннем з вучэбных планаў дысцыплін эстэтычнай накіраванасці, непасрэдна звязаных з выхаваннем гарманічна развітой асобы, у тым ліку такога прадмета, як “Сусветная мастацкая культура”. Шмат пытанняў выклікае і змест адукацыйнага працэсу ў навучальных установах у сферы культуры і мастацтва. Ад Міністэрства культуры і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў атрыманы заўвагі і прапановы па дадзеным праекце, — усе яны будуць разгледжаны на пасяджэнні працоўнай групы. Аднак, на мой погляд, існуе неабходнасць у тэрміновым парадку правесці сумесную пашыраную сустрэчу Міністэрства адукацыі (як распрацоўшчыка праекта Кодэкса) і Міністэрства культуры з запрашэннем кіраўнікоў адпаведных навучальных устаноў і іншых зацікаўленых.

Такая сустрэча дасць магчымасць давесці да ведама распрацоўшчыкаў поўную інфармацыю аб асаблівасцях мастацкай адукацыі ва ўстановах адукацыі культуры і мастацтваў на ўсіх узроўнях, яшчэ раз прааналізаваць яе і сумесна выпрацаваць неабходныя нарматыўныя палажэнні з улікам дакументаў UNESCO, рэкамендацый адпаведнай камісіі Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД і апошніх напрацовак у гэтай сферы расійскіх і замежных калег.

Паважаныя сябры, дзякую за ўвагу і шчыра жадаю ўсім прысутным добрага здароўя, творчых поспехаў, дабрабыту і плённага сумеснага супрацоўніцтва на карысць развіцця нацыянальнай культуры і мастацтва.

 Святлана СУХАВЕЙ,

намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе

Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь