Капітал і “творчасць”

№ 5 (925) 30.01.2010 - 05.02.2010 г

З выступлення Барыса СВЯТЛОВА, рэктара Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў

Сёння ў Беларусі дынамічна развіваецца справа падрыхтоўкі кадраў для сферы культуры і мастацтва.

У адпаведнасці з галіновай праграмай з кожным годам яна набывае рысы добраўпарадкаванай сістэмы, дзе шматлікія элементы месцяцца на ўзроўнях першапачатковай адукацыі (524 дзіцячыя школы мастацтваў — каля 103 тыс. вучняў), сярэдняй спецыяльнай адукацыі (21 навучальная ўстанова — прыблізна 7 тыс. навучэнцаў), вышэйшай адукацыі (3 ВНУ — больш за 8000 студэнтаў).   

 За бюджэтны кошт у творчых ВНУ сістэмы Міністэрства культуры навучаецца 4630 студэнтаў, за кошт уласных сродкаў — 4589.    За бюджэтны кошт у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў  навучаецца 2977 студэнтаў,у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў— 664, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі— 999; за кошт уласных сродкаў у БДУ культуры і мастацтваў— 2761 студэнт, БДА мастацтваў— 746, у БДА музыкі— 83 студэнты. Пераважная колькасць студэнтаў БДУ культуры і мастацтваў у параўнанні з дзвюма акадэміямі абумоўлена тым, што апошнія рыхтуюць эксклюзіўныя кадры з вузкай спецыялізацыяй для прафесійнай дзейнасці ў сферы мастацтва, а выпускнікі універсітэта ў большай ступені прызначаны для работы ва ўстановах сацыя-культурнай сферы і павінны быць “майстрамі на ўсе рукі”. Але ж у гэтым правіле існуюць шматлікія выключэнні, таму што выпускнікі універсітэта складаюць вышэйшы ўзровень менеджэраў у галіне культуры (нагадаю толькі некаторыя прозвішчы: Л.Гуляка, Т.Стружэцкі,  У.Карачэўскі, А.Гарбар, Р.Матульскі), з’яўляюцца народнымі і заслужанымі дзеячамі культуры і мастацтваў (Л.Бржазоўская, Ю.Траян, І.Дарафеева, В.Саркісьян, В.Іваноў, Г.Чорны, Л.Волчак і інш.), працуюць у высокапрафесійных калектывах (Беларускі дзяржаўны заслужаны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”, Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі, ансамбль “Бяседа” і інш.).   

Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў, Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі і Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў фарміруюць Вучэбна-метадычнае аб’яднанне вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь па адукацыі ў галіне культуры і мастацтваў. Гэтыя ВНУ з’яўляюцца буйнымі адукацыйнымі, культурна-асветніцкімі і навукова-даследчымі цэнтрамі краіны, якія ажыццяўляюць таксама канцэртную, выставачную і тэатральную дзейнасць.    За імі замацавана 33 спецыяльнасці першай і другой ступеняў вышэйшай адукацыі (загад Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь № 387 ад 14.06.2007 г. “Аб вучэбна-метадычных аб’яднаннях вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь па профілях, напрамках і спецыяльнасцях адукацыі”).  

Нягледзячы на супадзенне назваў спецыяльнасцей у розных ВНУ, дубліравання падрыхтоўкі кадраў не існуе, таму што падрыхтоўка ажыццяўляецца па розных напрамках спецыяльнасцей або спецыялізацыях. На прыклад, Універсітэт культуры і мастацтваў рыхтуе спецыялістаў па адным напрамку спецыяльнасці “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” — рэстаўрацыя вырабаў, а Акадэмія мастацтваў — па астатніх 6 напрамках спецыяльнасці, якія прадугледжаны Агульнадзяржаўным класіфікатарам Рэспублікі Беларусь “Спецыяльнасці і кваліфікацыі”; два напрамкі спецыяльнасці “Спевы” размеркаваны паміж БДУКіМ (спевы народныя) і Акадэміяй музыкі (спевы акадэмічныя), і г. д. Высакаякасная падрыхтоўка спецыялістаў для сферы культуры і мастацтваў абумоўлена тым, што ў навучальным працэсе задзейнічаны высокакваліфікаваны прафесарска-выкладчыцкі склад. У Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў працуе 16 дактароў навук, 23 прафесары, 93 кандыдаты навук, 110 дацэнтаў, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў — 2 дактары навук, 10 прафесараў, 22 кандыдаты навук, 49 дацэнтаў,  у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі — 6 дактароў навук, 28 прафесараў, 32 кандыдаты навук і 72 дацэнты. Добрым вынікам падрыхтоўкі студэнтаў спрыяе матэрыяльна-тэхнічная база навучальных устаноў культуры і мастацтваў. За апошнія пяць гадоў уведзены ў эксплуатацыю новы будынак студэнцкага інтэрната Акадэміі мастацтваў. Распачата будаўніцтва спартыўна-культурнага цэнтра БДУ культуры і мастацтваў. Дзякуючы ўвазе Кіраўніка дзяржавы універсітэту для арганізацыі вучэбнага працэсу перададзены адміністратыўны будынак па вул. Маскоўская, 18. Штогод вылучаюцца сродкі на капітальны і бягучы рамонт, дзякуючы якім прыведзены ў належны стан будынкі студэнцкіх інтэрнатаў універсітэта і Акадэміі музыкі.  

Разам з тым, хацеў бы засяродзіць вашу ўвагу на шэрагу праблем, якія сёння існуюць у справе падрыхтоўкі кадраў для галіны.  Папершае, гэта ўступныя іспыты на творчыя спецыяльнасці. Галоўнай мэтай уступных экзаменаў у любую вышэйшую навучальную ўстанову з’яўляецца якасны адбор абітурыентаў. Найвышэйшы сярэдні бал атэстата і паспяховыя адзнакі цэнтралізаванага тэсціравання забяспечваюць магчымасць залічэння ў студэнцкія шэрагі. Але творчыя ВНУ маюць сваю асаблівасць і падкрэсліваюць дэфіцыт менавіта адоранага ў мастацкім плане абітурыента. Згубіць сапраўды творчую асобу на першым этапе для нас недапушчальна, гэта — вялікая страта.    На працягу апошніх гадоў, пасля ўвядзення тэсціравання, узнікла праблема набору таленавітых студэнтаў на творчыя спецыяльнасці. Вынікі тэсціравання па беларускай (рускай) мове і па гісторыі Беларусі сярод выпускнікоў ССНУ невысокія, але, у той жа час, уступныя экзамены па спецыяльных прадметах яны здаюць на выдатныя адзнакі. Выпускнікі агульнаадукацыйных школ з пачатковай музычнай адукацыяй слаба падрыхтаваныя да далейшай вучобы на музычным факультэце, але маюць высокі бал па тэстах  і менавіта таму  маюць перавагу сярод абітурыентаў.   

Акадэмія музыкі і Акадэмія мастацтваў у час правядзення апошняй прыёмнай кампаніі ўдзельнічалі ў эксперыменце, згодна з якім экзамен па прадмеце “Творчасць” праводзіўся ў 3 этапы (п. 19 “Правілаў прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы”, зацверджаных Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 07.02.2006 г. №80, і “Змяненняў і дапаўненняў…” ад 12.05.2009 г. №243), што дазволіла прыняць самых таленавітых абітурыентаў. Агульны прахадны бал вызначаўся па выніках спецыяльных творчых экзаменаў (п. 24.17).   

Універсітэт вельмі зацікаўлены ва ўкараненні ў сябе вынікаў эксперыменту, і спадзяёмся, што прыёмная кампанія 2010 года дапаможа нам вырашыць праблему больш якаснага набору студэнтаў.

 Сёння вельмі востра перад ВНУ стаіць праблема нізкіх тэмпаў папаўнення педагагічнымі кадрамі з вышэйшай кваліфікацыяй. Згодна са статыстычнымі звесткамі, сярэднія паказчыкі па рэспубліцы наступныя: абараняюцца і атрымліваюць дыпломы кандыдатаў і дактароў навук сёння толькі больш за 18% аспірантаў і каля 40% дактарантаў. Трэба заўважыць, што паказчыкі па абароне дысертацый у БДУКіМ больш аптымістычныя: у 2009 годзе зацверджаны ВАК 7 з 8 абароненых кандыдацкіх і 1 доктарская дысертацыя. Адначасова, не лепшым чынам на кадравую сітуацыю ўплываюць заканадаўча нявырашаныя пытанні аплаты працы творчых дзеячаў, якія ўдзельнічаюць у навучальным працэсе ВНУ. Калі дактарам, кандыдатам, прафесарам і дацэнтам штогод устанаўліваецца надбаўка за ступень і званне, то заслужаным і народным дзеячам культуры і мастацтва ніякіх дадатковых даплат за педагагічную дзейнасць заканадаўствам аб вышэйшай школе не прадугледжваецца.  Падрыхтоўка спецыялістаў для сацыякультурнай сферы немагчымая без якаснага праходжання педагагічнай і вытворчай практык. Патрабуе рашэння праблема арганізацыі і правядзення педагагічнай практыкі студэнтаў у сувязі з тым, што змяніўся характар арганізацыі работы ў сярэдніх школах з ухілам (музычным, эстэтычным, тэатральным і г. д.), у вучэбных планах якіх адсутнічаюць дысцыпліны музычнай і мастацкай творчасці, пераведзеныя ў ранг факультатываў. На сённяшні дзень універсітэт заключыў звыш 100 дамоў з арганізацыямі па правядзенні практыкі. Але пераважную колькасць баз практыкі складаюць установы сацыякультурнай сферы г. Мінска, што не дае магчымасці выкарыстоўваць іх у якасці першага працоўнага месца выпускніка, паколькі большасць з іх накіроўваецца на работу ў рэгіёны Беларусі па заяўках абласных упраўленняў культуры.  І тут мы пераходзім да яшчэ адной важнай праблемы падрыхтоўкі кадраў для галіны — размеркаванне і працаўладкаванне выпускнікоў.  

Ва ўстановы сістэмы Міністэрства культуры штогод размяркоўваецца звыш 80% выпускнікоў. У першую чаргу маладымі спецыялістамі забяспечваюцца клубныя ўстановы, бібліятэкі, музеі. У межах магчымага (да 50%) задавальняюцца заяўкі абласных упраўленняў культуры. Кожная вобласць, за выключэннем Мінскай, штогод атрымлівае ад 25 да 38 маладых спецыялістаў. На жаль, не ўсе яны застаюцца там працаваць, і ў першую чаргу — зза адсутнасці жылля, адпаведных умоў для працы, нізкага заробку. Там, дзе ўважліва адносяцца да маладых спецыялістаў, яны і добрасумленна працуюць. Напрыклад, нашы выпускнікі 2008 г. — сям’я Смірновых — былі размеркаваны на працу ва ўстановы г. Мінска. На пачатку 2009 г. яны атрымалі запрашэнне аддзела культуры Касцюковіцкага райвыканкама на працу і жыхарства ў г. Касцюковічы, дзе ім стварылі прывабныя ўмовы для работы і жылля. Маладая сям’я плануе застацца там і надалей. Здзіўляе пазіцыя некаторых аддзелаў культуры, калі яны спачатку запрашаюць маладога спецыяліста, а потым даюць згоду на яго пераразмеркаванне. 

У вырашэнні праблемы насычэння кадрамі сельскай мясцовасці значную ролю адыгрывае  мэтавая падрыхтоўка спецыялістаў. Трэба больш актыўна выкарыстоўваць яе магчымасці, тым больш, што ў мінулым годзе ўнесены значныя змяненні ў нарматыўныя акты, якія дазваляюць сёння набіраць на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі юнакоў і дзяўчат з населеных пунктаў з колькасцю жыхароў да 20 000 чалавек, дазваляецца прымаць мэтавікаў пры конкурсе адзін чалавек на месца, а колькасць гэтай катэгорыі абітурыентаў павялічана да 30% ад агульных лічбаў прыёму. Мэтавікам пры працаўладкаванні заканадаўча ўстаноўлены дадатковыя сацыяльныя гарантыі і выплаты, якія тычацца аплаты працы і  льготнага крэдытавання пры будаўніцтве ўласнага жылля. У той жа час, павялічаны да 5 гадоў тэрмін абавязковай работы па размеркаванні. Таму мэтавая падрыхтоўка з’яўляецца вельмі дзейснай мерай па скарачэнні дэфіцыту кадраў з вышэйшай адукацыяй у сельскай мясцовасці. А  поспех у справе мэтавай падрыхтоўкі ў першую чаргу залежыць ад актыўнасці кіраўнікоў рэгіянальных упраўленняў культуры ў справе выяўлення будучых абітурыентаў і ўзаемадзеянні з ВНУ культуры і мастацтваў. 

Патрабуе ўдасканалення сістэма павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў галіны. Важнай асаблівасцю працэсу павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў культуры з’яўляецца наяўнасць кваліфікаваных выкладчыкаў і неабходнай матэрыяльна-тэхнічнай базы. Невыкананне гэтых двух паказчыкаў паслужыла ў свой час галоўнай прычынай далучэння да універсітэта ўстановы адукацыі Беларускі дзяржаўны інстытут праблем культуры. Нагадаю, што толькі 6 з 46 ставак навуков-педагагічных супрацоўнікаў займалі асобы, маючыя адпаведную кваліфікацыю. На працягу 2008 — 2009 гг. спатрэбілася больш за 600 млн. рублёў пазабюджэтных сродкаў універсітэта на вырашэнне самых неадкладных пытанняў па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы інстытута.  Пры арганізацыі навучальнага працэсу па павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў павінна стаць укараненне новай змястоўна-арганізацыйнай мадэлі,  накіраванай на падрыхтоўку высокакваліфікаваных і канкурэнтаздольных работнікаў, якія змогуць аператыўна рэагаваць на зменлівыя сацыяльна-эканамічныя ўмовы.      

Асобная праблема, якая патрабуе пастаяннага вырашэння, — узмацненне матэрыяльна-тэхнічнай базы ВНУ культуры і мастацтваў. Забяспечанасць вучэбнымі плошчамі па дзвюх акадэміях складае ў сярэднім 62%, ва універсітэце — 80%. Месцамі ў інтэрнатах забяспечаны ў Акадэміі мастацтваў 40% ад агульнай колькасці іншагародніх, ва універсітэце — 85%. Састарэлы фонд музычных інструментаў і тэхнічных сродкаў навучання. Гэтыя праблемы перашкаджаюць далейшаму развіццю нашых навучальных устаноў, павелічэнню набору студэнтаў  і  не могуць быць вырашаны самастойна без удзелу і фінансавай падтрымкі дзяржавы. 

І апошняе, але ж, бадай, галоўнае. Ажыццяўляючы навучальны працэс, мы павінны не забываць, што поспех у справе падрыхтоўкі маладога спецыяліста залежыць ад эфектыўнасці выхаваўчай і ідэалагічнай работы ва ўстановах адукацыі, ад фарміравання патрыятызму, прававой, псіхалагічнай і інфармацыйнай культуры асобы, ад укаранення маральных і сямейных каштоўнасцей, экалагічнай культуры, культуры бяспечнай жыццядзейнасці і здаровага ладу жыцця. 

Без гэтага мы будзем рыхтаваць высокакваліфікаваныя кадры для іншых дзяржаў, а не для сваёй краіны. А нашы кадры, наша культура павінны быць тым капіталам, які спрыяе эканамічнаму развіццю краіны, набліжае нас да ідэалу квітнеючай Беларусі.

Барыс СВЯТЛОЎ,

рэктар Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў