Стратэгіі аўтэнтыкі

№ 5 (925) 30.01.2010 - 05.02.2010 г

З выступлення Раісы ВАЙЦЯХОЎСКАЙ, дырэктара дзяржаўнай установы “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці”

Традыцыйная народная культура з’яўляецца арганічнай часткай сучаснага культурнага жыцця. Апошнія два дзесяцігоддзі былі гадамі станаўлення традыцыйнай культуры як самастойнай галіны і асобнага напрамку дзейнасці ўстаноў культуры і метадычных службаў рэспублікі. У гэтыя гады сфарміравалася сетка профільных устаноў новага тыпу (дамы (цэнтры) рамёстваў, фальклору, народнай творчасці), структурных падраздзяленняў устаноў культуры ўсіх тыпаў фальклорнай скіраванасці (гурткі, клубы майстроў, майстэрні рамёстваў, фальклорныя калектывы і да т. п.). Стратэгічнымі кірункамі дзейнасці ў галіне традыцыйнай культуры сталі вывучэнне, ахова, захаванне, пераемнасць, папулярызацыя (трансляцыя).

Мінскі абласны цэнтр з 2003 года праводзіць самастойныя і сумесныя з навуковымі і вучэбнымі ўстановамі краіны фальклорна-этнаграфічныя экспедыцыі па вывучэнні лакальных культур Цэнтральнага рэгіёна Беларусі, якія, знаходзячыся на скрыжаванні ўзаемаўплываў усіх гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі, адрозніваюцца надзвычайнай разнастайнасцю. Даследаванні вырашаюць надзённыя практычныя задачы сацыякультурнай работы ўстаноў культуры вобласці: выяўленне яркіх аўтэнтычных гуртоў, асобных самабытных выканаўцаў; аўдыё, відэа і фотафіксацыю іх творчасці; актывізацыю работы ўстаноў культуры рэспублікі па ажыццяўленні Канвенцыі UNESCO аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, распрацоўкі рэкамендацый па стварэнні профільнай інфраструктуры. У 2005 — 2009 гг. супрацоўнікамі аддзела традыцыйнага мастацтва МАЦНТ быў праведзены шэраг даследчых экспедыцый у 11 раёнаў вобласці. Сумесна з тагачасным Беларускім дзяржаўным інстытутам праблем культуры і адпаведнымі інстытутамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 2006 — 2009 гг. праводзілася даследаванне па тэме “Сучасны стан традыцыйнай мастацкай культуры Міншчыны”, вынікам якога будзе запланаванае на 2010 — 2011 гг. выданне “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. Цэнтральная Беларусь” (5ы том шасцітомнай серыі ў 2х кнігах).

МАЦНТ мэтанакіравана праводзіць аналітычную работу па абагульненні тэндэнцый развіцця традыцыйнай культуры вобласці па розных відах, жанрах, напрамках, падрыхтаваны шэраг аналітычных матэрыялаў, у тым ліку “Аналіз стану традыцыйнай культуры Мінскай вобласці”.

Істотным вынікам дзейнасці ўстаноў культуры вобласці з’яўляецца шырокае ўкараненне ў побыт насельніцтва сістэмы традыцыйных святаў, абрадаў і рытуалаў на базе фальклорнай спадчыны. Некаторыя унікальныя старажытныя абрады з’яўляюцца візітоўкай пэўных арэалаў Міншчыны і падлягаюць ахове і захаванню.

У Мінскай вобласці існуе 5 аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці: гэта абрад “Калядныя цары” вёскі Семежава Капыльскага раёна (у 2009 г. гэты аб’ект быў унесены ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO рашэннем 4й сесіі Міжурадавага камітэта UNESCO па захаванні культурнай спадчыны, што прайшла з 28 верасня па 2 кастрычніка 2009 г.); абрад “Шчодрык” вёскі Рог Салігорскага раёна; спеўная манера выканання фальклорных калектываў вёскі Закальное, Обчын, Ямінск Любанскага раёна.

На сённяшні дзень сумесна з беларускімі навукоўцамі на падставе даследчай экспедыцыйнай работы распрацаваны перспектыўны план да 2013 г. Падрыхтоўкі дакументаў для надання статуса 10 аб’ектам Мінскай вобласці.

Катэгорыя пераемнасці з’яўляецца асноўнай у дачыненні да традыцыйнай культуры. У мэтах забеспячэння пераемнасці духоўных і мастацкіх традыцый упраўленнем культуры і ўпраўленнем адукацыі Мінскага аблвыканкама была распрацавана абласная праграма “Традыцыйная культура і дзеці” на 2006 — 2010 гады. За час дзеяння праграмы ўстановамі культуры Міншчыны быў назапашаны значны вопыт у далучэнні дзяцей і падлеткаў да засваення традыцыйнай мастацкай творчасці беларусаў. Супрацоўнікамі клубных устаноў былі выкарыстаны такія формы працы, як правядзенне фальклорных абрадавых святаў, тэатралізаваных прадстаўленняў, выставак народных промыслаў і рамёстваў, сустрэч з майстрамі, конкурсаў, вечарын, гульнева-забаўляльных праграм, народных гулянняў, кірмашоў. У працэсе рэалізацыі праграмы вялася работа па стварэнні дзіцячых фальклорных калектываў. Сёння ў вобласці дзейнічаюць 210 фальклорных калектываў (практычна ў кожнай трэцяй клубнай установе), 90 з якіх — дзіцячыя. Каля 1500 дзяцей засвойваюць народныя танцы, гульні, звычаі, знаёмяцца са святамі і абрадамі родных мясцін. Асаблівую значнасць атрымлівае стварэнне дзіцячых калектываў — спадарожнікаў фальклорных гуртоў. Жанравая палітра гуртковай работы налічвае болей за 30 відаў прыкладнога мастацтва: саломкапляценне, аплікацыя саломкай, вышыўка, ткацтва, разьба па дрэве і інш.

У мэтах паспяховага выканання задач захавання і пераемнасці традыцыйнай культуры арганізавана сістэмная метадычная работа са спецыялістамі клубных устаноў. Ужо больш за 10 гадоў пры МАЦНТ дзейнічае абласная “Школа майстэрства”, у праграме якой — правядзенне семінараў-практыкумаў, майстар-класаў, “круглых сталоў”, канферэнцый, пасяджэнняў абласнога клуба дырэктараў раённых і сельскіх дамоў (цэнтраў) рамёстваў.

Папулярызацыі традыцыйнай культуры спрыяе правядзенне абласных і рэгіянальных святаў-конкурсаў па розных відах рамёстваў з перыядычнасцю адзін раз у 2 — 3 гады. За апошнія 15 гадоў адбылося каля 40 такіх мерапрыемстваў: “Лазовыя карункі”, “Саламяныя дзівосы”, “Гліняны звон”, “Сонечная цеплыня дрэва”, “Разьбы зачараванне”, “Матчыны кросны”, “Папяровыя карункі”, “Беларуская лялька” і інш. Галоўнымі ўдзельнікамі гэтых святаў з’яўляюцца народныя творцы, якіх сёння ў вобласці звыш 4000. 91 майстар — член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.

Для захавання, аднаўлення і пераемнасці народнай культуры важнае значэнне мае выставачная дзейнасць, якая на сённяшні дзень плённа развіваецца: з’яўляюцца новыя формы арганізацыі экспазіцый, узбагачаюцца жанры і змест выставачнай дзейнасці. У 2009 годзе ўстановамі культуры вобласці было праведзена каля 7000 выставак. Заслугоўвае ўвагі дзейнасць мастацкай галерэі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці, дзе рэгулярна ладзяцца выстаўкі майстроў па розных відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, персанальныя выстаўкі мастакоў. Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў выклікаюць штогадовыя выстаўкі “Калядныя ўзоры” Беларускага саюза майстроў народнай творчасці і Рэспубліканская выстаўка лялек “Балаганчык”.

Значная роля ў захаванні і падтрымцы традыцыйнай народнай творчасці належыць дамам і цэнтрам фальклору і рамёстваў, якія вызначаюць мясцовыя і рэгіянальныя традыцыі, сістэматызуюць сабраны матэрыял па відах мастацтва. Спектр работы гэтых устаноў культуры даволі шырокі: ад збіральніцкай работы ў галіне этналогіі і фальклору да апрабавання атрыманых матэрыялаў у метадычнай і практычнай дзейнасці фальклорных калектываў, гурткоў, студый выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

У мэтах рэалізацыі задуманага лічым неабходным стварыць рэспубліканскую навукова-метадычную службу, якая акумуліравала б пытанні навуковага падыходу да развіцця і зберажэння традыцыйнай культуры, а таксама — каардынацыі работы ў гэтым накірунку.

 

Раіса ВАЙЦЯХОЎСКАЯ, дырэктар дзяржаўнай установы

“Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці”