У 2010-м — “Парад Перамогі”

№ 5 (925) 30.01.2010 - 05.02.2010 г

З выступлення Сяргея АЗАРОНКА, дырэктара Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, старшыні Савета дырэктараў рэспубліканскіх музеяў

Мінулы 2009 год для музейнай супольнасці краіны быў надта дынамічным і напружаным. Галоўнымі падзеямі ў жыцці рэспублікі былі 6-5годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і аб’яўлены ў краіне Год роднай зямлі. Яны леглі ў аснову ўсёй культурна-адукацыйнай дзейнасці музеяў праз выстаўкі, стварэнне новых стацыянарных экспазіцый, экскурсійную і лекцыйную работу, іншыя праекты. Зроблена каласальная праца.

Да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прайшлі тысячы мерапрыемстваў. Адным з ключавых у музейнай справе краіны стаў Рэспубліканскі агляд-конкурс на лепшы музей года па патрыятычным выхаванні моладзі. Літаральна ўсе музеі прынялі ў ім актыўны ўдзел. Пераможцамі сталі: у намінацыі “Музейныя экспазіцыі і выставачныя праекты” — Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у намінацыі “Музей і новыя адукацыйныя праграмы па патрыятычным выхаванні моладзі” — Бярозаўскі раённы краязнаўчы музей, у намінацыі “Навукова-даследчая дзейнасць музеяў” — Гомельскі абласны музей ваеннай славы.

У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылося адкрыццё сумеснай беларуска-расійскай выстаўкі “Палітра памяці”, прысвечанай 65годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У экспазіцыю ўвайшлі творы жывапісу, графікі, скульптуры беларускіх мастакоў з фондаў музея, а таксама экспанаты з Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

 Святочныя мерапрыемствы прайшлі ў мемарыяле “Брэсцкая крэпасць-герой”, якую наведалі дэлегацыі з дзесяткаў краін свету.

 З мэтай прапаганды гісторыі Брэсцкай крэпасці выстаўка “Летапіс Брэсцкай крэпасці ў фотаздымках” экспанавалася ў Мемарыяльным комплексе “Зеелаўскія вышыні” (ФРГ), у гарадах Велікабрытаніі. Прайшла выстаўка “Лета сорак чацвёртага. Вызваленне” — да 65годдзя вызвалення Беларусі і г. Брэста. 

Да ўрачыстасцей Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прэзентаваў цыкл выставак з уласных фондаў пад агульнай назвай “Беларусь. Трыумф пераможцаў” — “Трафеі вайны”, “Бітва за Беларусь”, “Беларусь партызанская”, а таксама выстаўкі: “KRIЕG” — да 70-годдзя пачатку Другой сусветнай вайны, выстаўку твораў жывапісу “Успаміны пра вайну”, “Музей і час” — да 65-годдзя адкрыцця музея. У фае ўстановы працавала інтэрактыўная карта Беларусі, на якой цягам 309 дзён адлюстроўваліся падзеі на франтах, звязаныя з вызваленнем Беларусі ў верасні 1943 — ліпені 1944 г. Музеем быў выдадзены ілюстраваны “Партызанскі альманах” на аснове калекцыі рукапісных партызанскіх часопісаў. 

Найбольш значным стаў праект з Першым нацыянальным тэлеканалам “Беларусь: гісторыя Перамогі”, які выходзіў штодзённа тройчы на дзень цягам 308 дзён. Цяпер сумесна з радыё “Сталіца” рэалізуецца праект “Невядомыя старонкі вайны”, разлічаны на перыяд з верасня 2009 г. па верасень 2010 г. 

Акрамя згаданых праектаў, музей у 2009 годзе актыўна працаваў над стварэннем музейных пляцовак “Партызанскі лагер” і “Старая мяжа” на тэрыторыі Цэнтра экалагічнага турызму “Станькава” сумесна з ААТ “Агракамбінат “Дзяржынскі”. 

 Да юбілею вызвалення была праведзена Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Вялікая Айчынная вайна ў гістарычнай памяці і музейных экспазіцыях” з удзелам вядучых музеяў Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі і Славакіі. Галоўным пытаннем было абмеркаванне канцэпцыі экспазіцыі ў новым будынку музея на праспекце Пераможцаў. Нам было важна абмяняцца досведам працы ў гэтым накірунку. Быў дасягнуты вялікі дадатны эфект.

 Да 65-годдзя Вялікай Перамогі ў плане работы музея— адкрыццё ў Мінску ў верасні 2010 года выстаўкі “Парад Перамогі” сумесна з расійскімі Дзяржаўным Гістарычным музеем і Цэнтральным музеем Узброеных Сіл, украінскім Нацыянальным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, беларускімі музеямі.

 Да 65-годдзя вызвалення Беларусі ў рэспубліканскіх музеях былі створаны выстаўкі “Пятрусь Броўка ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Гісторыя “Перамогі”: аўтамабільная адысея Якуба Коласа”, “Кіно вайны і Перамогі”, выстаўка ў Літаратурным музеі Янкі Купалы “На змаганне, на Перамогу, наш родны беларускі народ!..” ды іншыя. 

Адным з найважнейшых накірункаў дзейнасці музеяў краіны сталі мерапрыемствы, накіраваныя на процідзеянне фальсіфікацыі гісторыі і перагляд вынікаў Другой сусветнай вайны. У ліку найбольш значных варта адзначыць удзел дырэктараў Брэсцкай крэпасці і Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны ў чэрвені 2009 года ў “круглым стале” “Унёсак Беларусі ў агульную Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне”, які праводзіла Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі (Масква) да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў; удзел у Францыі ў “круглым стале” з дырэктарамі Музея Армій Дома інвалідаў (Парыж) і Мемарыяла ў Каннах; правядзенне цыкла мерапрыемстваў у Мемарыяльным комплексе “Зеелаўскія вышыні” (ФРГ) на тэму “Аперацыя “Баграціён” і іншых.  Напярэдадні калегіі Міністэрства культуры адбылося пасяджэнне Савета дырэктараў рэспубліканскіх музеяў, на якім быў праведзены глыбокі і ўсебаковы аналіз зробленай працы, выяўлены праблемныя пытанні, што існуюць сёння ў музейнай справе краіны, і прапанаваны шляхі іх вырашэння. З задавальненнем адзначаем рашэнне міністра культуры ўключыць рэалізацыю гэтых пытанняў у Праграму развіцця культуры на 2011 — 2015 гг.

 У сваім выступленні я агучыў далёка не ўсе мерапрыемствы, якія былі рэалізаваны ў 2009 годзе. Асабісты ўдзел кіраўніцтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці ў падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў забяспечылі іх высокі ўзровень і цікавасць грамадскасці. У надышоўшым годзе патрэбна зрабіць не менш. Упэўнены ў тым, што, дзякуючы назапашанаму досведу, працалюбству і самаадданасці калектываў музеяў, пастаўленыя ў Год 65-годдзя Вялікай Перамогі задачы і творчыя планы будуць выкананы на якасна новым узроўні, што асабліва актуальна ў аб’яўлены ў краіне Год якасці 

Сяргей АЗАРОНАК, 

дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны,

старшыня Савета дырэктараў рэспубліканскіх музеяў