Вопыт “Краіны замкаў”

№ 5 (925) 30.01.2010 - 05.02.2010 г

У кантэксце калегіі. Аляксандр ЛОЙКА, начальнік упраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта.

Гісторыка-культурная спадчына Гродзенскай вобласці мае сваю непаўторнасць, свае спецыфічныя рысы і з’яўляецца нашым гонарам і штодзённым клопатам. На тэрыторыі вобласці знаходзіцца  687 гісторыка-культурных каштоўнасцей, унесеных у Дзяржаўны спіс Рэспублікі Беларусь, у складзе якіх — 1314 аб’ектаў нерухомых матэрыяльных, 8 рухомых матэрыяльных і 2 нематэрыяльныя каштоўнасці. 

Сярод іх — 5 аб’ектаў, што маюць сусветную вартасць і ўнесены UNESCO ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны. Мірскі замак, усім вядомы Аўгустоўскі канал, на які сумесна з упраўленнем па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры падрыхтавана дасье, якое зараз знаходзіцца на разглядзе ў камісіі UNESCO.

У верасні 2009 года з мэтай падрыхтоўкі заключэння аб адпаведнасці даных дасье “Аўгустоўскі канал — твор чалавека і прыроды” аб’ект наведаў эксперт ІКАМОС.  Сярод астатніх: Свята-Барысаглебская (Каложская) царква XII ст. у г. Гродна, царква абарончага тыпу ў в. Сынкавічы Зэльвенскага раёна  і Свята-Ражджаства Багародзіцкая царква-крэпасць абарончага тыпу ў в. Мураванка Шчучынскага раёна.

Да найбольш значных падзей у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны ў 2009 годзе можна аднесці правядзенне ў Гродне беларуска-польскай кансультацыйнай камісіі па пытаннях гісторык-акультурнай спадчыны. На пасяджэнні яе, сярод іншага, разглядалася пытанне рэстаўрацыі галоўнага алтара Фарнага касцёла ў Гродне. У верасні ў вобласці прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Еўрапейскім дням спадчыны, у рамках якіх адбылася выстаўка “Захаваная спадчына” ў Свята-Барысаглебскай (Каложскай) царкве. 

Найважнейшымі ў правядзенні ахоўных мерапрыемстваў з’яўляюцца: улік, вывучэнне, папулярызацыя аб’ектаў спадчыны і праца з уласнікамі гісторыка-культурных каштоўнасцей. Работу па гэтых накірунках ажыццяўляюць спецыялісты па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцей. Даволі працяглы час гэтыя абавязкі (як дадатковыя) у раёнах Гродзенскай вобласці былі ўскладзены на спецыялістаў бібліятэк і музеяў, што не дазваляла якасна выконваць працу па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцей. На сучасны момант толькі нарматыўна-правая база ў гэтай сферы налічвае звыш 30 заканадаўчых дакументаў, якія неабходна ведаць спецыялісту і данесці іх змест да ўласнікаў гісторыка-культурных каштоўнасцей. 

На калегіях Міністэрства культуры неаднаразова ставілася задача ўвядзення спецыялістаў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Для яе вырашэння мы звярнуліся ў раённыя выканаўчыя камітэты з абгрунтаванай просьбай вырашыць праблему, і  вынікам гэтай працы стала ўвядзенне рашэннямі раённых выканаўчых камітэтаў у 8 раёнах вобласці метадыстаў па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцей у раённыя метадычныя цэнтры народнай творчасці, у 2 раёнах — адпаведных спецыялістаў у штат музея, у 5 раёнах вобласці гэтыя абавязкі з’яўляюцца асноўнымі службовымі абавязкамі спецыялістаў аддзелаў культуры.

Упраўленне культуры плануе завяршыць гэтую працу ў 2010 годзе. Засталося 3 раёны, дзе абавязкі спецыяліста па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ўскладзены як дадатковыя на супрацоўніка бібліятэкі, музея, аддзела культуры. Для павышэння кваліфікацыі спецыялістаў у вобласці штогадова праводзяцца семінары-нарады спецыялістаў па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцей. У 2009 годзе на такі семінар былі запрошаны і начальнікі аддзелаў культуры, спецыяліст Міністэрства культуры, старшы памочнік пракурора Гродзенскай вобласці. Уладзімір Караткевіч не выпадкова назваў Прынёманскі край Краінай замкаў: з 13 замкаў Беларусі 8 знаходзяцца на нашай тэрыторыі. Гэта Стары і Новы замкі ў Гродне, Лідзе, Мірскі замак,Гальшанскі, Навагрудскі, Любчанскі, Крэўскі, Геранёнскі. Яны дайшлі да нас у рознай ступені захаванасці. Падыходзіць да завяршэння рэстаўрацыя Мірскага замка, хутка распачнецца рэстаўрацыя Лідскага, распрацоўваецца праектная дакументацыя на рэстаўрацыю Старога замка ў Гродне,праводзяцца работы на Любчанскім замку, добраўпарадкаванне тэрыторыі Гальшанскага замка.  Мы вельмі ўдзячныя Міністэрству культуры за падтрымку ініцыятывы вызначыць Навагрудскі замак для правядзення грамадскай акцыі “Рэстаўрацыя аднаго з найбуйнейшых помнікаў архітэктуры Беларусі”.

 З мэтай папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны выкарыстоўваюцца пляцоўкі каля найбольш цікавых помнікаў для правядзення комплексных маштабных культурных мерапрыемстваў, такіх, як, да прыкладу, вечарыны тэлеканала АНТ ля Мірскага замка. На Аўгустоўскім канале ўжо традыцыйным стала свята “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў”. Каля сцен Навагрудскага і Лідскага замкаў праводзяцца рыцарскія турніры, фестывалі сярэднявечнай культуры, канцэрты самадзейных і прафесійных калектываў. У 2009 годзе каля  Гальшанскага замка адбыўся юбілейны канцэрт гурта “Стары Ольса”, у Старым замку — свята джазавай музыкі. 

У 2010 годзе гэтыя, ужо стаўшыя традыцыйнымі, мерапрыемствы, будуць працягвацца. У чэрвені адбудзецца фестываль сярэднявечнай культуры “Навагрудскі замак-2010”, у Гальшанах — фестываль мастацтваў “Стагоддзі тут плача Белая Панна”, у Лідзе — “Дажынкі”, у Гродне — VIII Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур і інш.

Падводзячы вынікі мінулага года, мы адначасова плануем працу на гэты год. Аднак існуюць праблемы, для вырашэння якіх неабходна дапамога Міністэрства культуры. Паводле вынікаў візіту экспертаў UNESCO ў Рэспубліку Беларусь у 2003 годзе быў складзены Папярэдні спіс кандыдатур для падрыхтоўкі матэрыялаў па ўключэнні ў Спіс UNESCO. Цяпер перад упраўленнямі культуры абласцей стаіць задача падрыхтоўкі дасье па вызначаным Міністэрствам культуры графіку. Аднак пад час гэтай работы мы сутыкаемся з цэлым шэрагам цяжкасцей. Для якаснага выкання гэтай працы лічым мэтазгодным стварыць спецыяльную структуру, магчыма, пры Інстытуце павышэння кваліфікацыі, (альбо, як прагучала ў выступленні Паўла Паўлавіча, у ствараемым Інстытуце Беларускай культуры). Спецыялісты гэтай структуры змогуць прафесійна арганізаваць працу па падрыхтоўцы дасье і іншую дзейнасць, звязаную з аб’ектамі сусветнай спадчыны. Пры неабходнасці ўпраўленні культуры будуць прадастаўляць ёй усю неабходную інфармацыю. З улікам таго, што ў Папярэднім спісе ёсць пазіцыі, якія аб’ядноўваюць помнікі некалькіх абласцей, такія,  як, напрыклад, “Культавыя збудаванні абарончага тыпу”, размешчаныя на тэрыторыі Гродзенскай, Віцебскай, Брэсцкай абласцей і Рэспублікі Польшча, гэтая праца павінна каардынавацца на ўзроўні рэспубліканскіх структур. 

Неабходна вывучыць і досвед нашых суседзяў. У Польшчы існуе Нацыянальны цэнтр даследаванняў і дакументацыі, супрацоўнікі якога прафесійна займаюцца падрыхтоўкай адпаведных дакументаў з улікам міжнародных патрабаванняў і вопыту.

 Таксама наспела неабходнасць больш эфектыўна выкарыстоўваць магчымасці атрымання фінансавай дапамогі праз афармленне грантаў, сумесных праектаў з нашымі суседзямі, са сродкаў, што выдзяляюцца  еўрапейскімі фондамі. Для падрыхтоўкі такіх праектаў у нашай вобласці вызначаны спецыялісты ў абласным музеі, бібліятэцы, метадычным цэнтры. Аднак было б вельмі добра, каб гэты накірунак каардынаваўся і высокаадукаваным спецыялістам на рэспубліканскім узроўні, які па службовых абавязках займаўся б выключна грантамі.

 Яшчэ адно пытанне прапануем сёння для абмеркавання. У другой палове 80-х гадоў ХХ стагоддзя супрацоўнікі Дзяржаўнага мастацкага музея БССР праводзілі інвентарызацыю рухомых культурных каштоўнасцей, якія знаходзіліся ў карыстанні рэлігійных аб’яднанняў і захоўваліся ў культавых будынках. Былі складзены вопісы гэтых прадметаў і, магчыма, фотафіксацыя. Матэрыялы павінны знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Для захавання гэтых рухомых матэрыяльных каштоўнасцей прапануем арганізаваць працу па іх паўторнай інвентарызацыі з разглядам матэрыялаў па ўключэнні ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Дадзеная праца павінна быць арганізавана на рэспубліканскім узроўні, узгоднена з Міністэрствам культуры, кіраўніцтвам Беларускай Праваслаўнай Царквы і Рымска-каталіцкай Царквы ў Рэспубліцы Беларусь.

Аляксандр ЛОЙКА,

начальнік упраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта