Каардынацыя павінна быць выдатнай

№ 5 (925) 30.01.2010 - 05.02.2010 г

З выступлення Уладзіміра РЫЛАТКІ, першага намесніка мністра культуры Рэспублікі Беларусь

— Перш за ўсё мы павінны адказаць на пытанні: ці здолелі мы надаць працэсу культурнага развіцця неабходную грамадскую значнасць? Ці здолелі ўзмацніць міжнародны аўтарытэт краіны, захаваць перанятае і стварыць новае? Я хацеў бы спыніцца на дзвюх тэмах, якія адчувальна ўплываюць на перспектывы развіцця культурных працэсаў у нашай краіне. Першая — гэта рэалізацыя канцэпцыі развіцця Саюзнай дзяржавы ў галіне культуры да 2010 года. Сёлета яна скончыць сваё дзеянне, і распрацоўваецца новая канцэпцыя на 2011 — 2015 гг. На сёння створана ўстойлівая прававая база рэалізацыі двухбаковага культурнага супрацоўніцтва з Расіяй на розных узроўнях. У першую чаргу — у межах Саюзнай дзяржавы, на рэспубліканскім і федэральным узроўнях, тое, што было замацавана двума міністрамі культуры — Беларусі і Расіі — пагадненнем 2009 года, якое было падпісана ў Маскве. У межах СНД — Фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц ЕўрАзЭС, Мытнага саюза. Вельмі добра наладжана супрацоўніцтва з Масквой: увесь час абменьваемся культурнымі праграмамі, сябруем з рознымі раёнамі расійскай сталіцы. Паціху пачынаюць актывізавацца сувязі Мінска з Санкт-Пецярбургам, наладзіла іх таксама Гродзенская вобласць. Традыцыйна развіваюцца прыгранічныя сувязі. Наступны ўзровень — сувязь паміж установамі культуры. Сярод іх лідэрамі можна назваць Нацыянальны мастацкі музей і Нацыянальную бібліятэку Беларусі, вышэйшыя навучальныя ўстановы. Формы супрацоўніцтва — самыя розныя: гэта фестывалі, майстар-класы, сумесныя пастаноўкі, здымкі фільмаў, тэатральна-канцэртны, выставачны абмен і г. д. Днямі патэлефанавалі з Масквы, дзе на сцэне тэатра “Майстэрня Пятра Фаменкі” з бляскам быў прадстаўлены праект “Вяселле” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Была прадэманстравана творчая энергія калектыву, а, па словах вядомага маскоўскага тэатральнага крытыка, наш акцёр Генадзь Аўсяннікаў літаральна “парваў” тэатр. 5 красавіка Беларускі балет адкрывае ў Вялікім тэатры Расіі Дні культуры Беларусі ў Расійскай Федэрацыі, 2 мая Дзяржаўны сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам маэстра Аляксандра Анісімава. Так пачнецца Год Беларусі ў Расіі. Ёсць шмат новага, што мы можам паказаць: яркія маладыя мастакі, кампазітары, акцёры ўжо з’яўляюцца нашым гонарам. Мы можам спакойна казаць, што ў беларускай культуры ёсць будучыня. Толькі на закупкі твораў айчынных кампазітараў, драматургаў і г. д. затрацілі болей за 1,7 мільярда рублёў, і амаль палова з аўтараў — у самым актыўным узросце: да сарака гадоў.

Мы вельмі высока ацэньваем культурны, палітычны, маральны, чалавечы, духоўны і мастацкі фактары супрацоўніцтва з Расіяй, Але ёсць некаторыя абставіны, якія для нас практычна прыносяць вялікія выгоды. У мінулым годзе інвестыцыі ў культурнае абслугоўванне насельніцтва ў рэспубліцы за кошт саюзнага, федэральнага, маскоўскага бюджэтаў склалі больш за паўтара мільёна долараў. Дадатнае сальда, тое, што ўкладаем мы, складае больш за паўмільёна долараў ЗША. Фінансавы паток, які ідзе на інвеставанне культуры Беларусі, на 75 — 80% зыходзіць ад Расіі. У сённяшняй эканамічнай сітуацыі павелічэнне аб’ёмаў культурнага супрацоўніцтва за кошт расійскіх сродкаў малаверагодна. У новай канцэпцыі, з улікам дамоўленасцей Кіраўніка нашай дзяржавы і Прэзідэнта Расіі наконт стварэння агульнай культурна-інфармацыйнай прасторы, мы захаваем дасягнутае.

Прыярытэтным становіцца наступны накірунак: стварэнне прававой базы вяртання, перамяшчэння культурных каштоўнасцей, што для нас надзвычай важна. Гэта паўнацэнны бібліятэчны абмен, зварот копій фільмаў з кінаархіваў, іншых архіўных дакументаў, каштоўнасцей, якія захоўваюцца ў бібліятэках і музеях Расіі. Гэта стварэнне роўных магчымасцей у кінапракаце і гастрольна-канцэртнай дзейнасці, развіццё на камерцыйнай аснове дзеля рэальнай перспектывы павышэння акупнасці беларускага кіно, развіцця эканамічнага стану беларускай эстрады. Без гэтага рынку нам абысціся вельмі складана.

Ёсць прарыў у кінастудыі “Беларусьфільм”. За апошнія пяць гадоў узрасла ў дзесятак разоў рэалізацыя айчынных фільмаў на расійскі рынак. Але ўпершыню выйсці ў пракат на нармальнай аснове мы змаглі толькі сёлета — са стужкай “Снайпер” Аляксандра Яфрэмава. Што да эстрады, то ёсць толькі тры-чатыры беларускія выканаўцы, якія больш-менш устойліва выступаюць на расійскім рынку, гэта адбываецца вельмі складана. Шлях, якім патрэбна прайсці, даволі цярністы.

Што неабходна зрабіць на гэтым шляху? Стварыць гандлёва-праводзячыя шляхі. У нашай сферы гэта — сумесныя праекты, пагадненні на розных узроўнях. У першую чаргу —стварэнне сумесных камерцыйных арганізацый. Арганізаваўшы такую структуру, мы здолеем паскорыць наш рух на расійскі рынак, які для нас вельмі важны.

Колькі слоў пра платныя паслугі. Віцебскі аблвыканкам давёў да Віцебскага тэатра лялек перавыканаць у гэтым годзе план на 200%. Як ён яго будзе выконваць — невядома. Адбываецца скарачэнне інвестыцый у канцэртнае, дыскатэчнае і кіна-абслугоўванне, а гэтыя тры сферы даюць 60% платных паслуг на сяле.

Іншы момант — нарастаючыя міжусобіцы. Наша галіна падобна да Кіеўскага княства. Рэспубліканская арганізацыя прабіцца ў вобласці ўжо не марыць. Абласныя філармоніі дзеляць рынак з раённымі аддзеламі культуры, супернічаюць у межах адной вобласці, цягнуць коўдру кожны на сябе. Гэта патрабуе абласнога аналізу і ўвагі мясцовых улад. Недзе ўзніклі пытанні з уласнікамі дыскатэк: яны пачалі сыходзіць з рынку, перапрафіляваць свае мерапрыемствы. Для нас надзвычай важна захаваць іх, таму што сёння прыватнікі даюць 20 — 25% усяго аб’ёму платных паслуг, а могуць — значна болей, калі мы не будзем іх “душыць”.

Фінансаванне тэатральна-відовішчных мерапрыемстваў і кінапрадпрыемстваў плануецца ажыццяўляць на новай нарматыўнай базе. Калі ўсё атрымаецца, я думаю, што гэта будзе новы і доўгатэрміновы рух. Рыхтуюцца два Указы Прэзідэнта, якія тычацца фінансавання культуры і лібералізацыі гастрольнай дзейнасці. Манаполія павінна сыходзіць, але, каб гэта ажыццяўлялася, дзейнасць павінна быць зусім іншага характару. Усім павінна знайсціся месца пад сонцам, каардынацыя дзейнасці павінна быць выдатнай. Выцясняць з адной пляцоўкі адзін аднаго нельга. Калі мы не пераадолеем такія адносіны, што існуюць сёння, мы не здолеем выканаць тыя паказчыкі, якія запланаваны.

Без інвестыцый у тэхнічнае пераўзбраенне развіццё нашага мыслення немагчымае. Просты прыклад: у Мінску з’явіўся першы лічбавы кінатэатр, на невялікую колькасць месцаў. На абсталяванне было затрачана 900 мільёнаў рублёў. Два з паловай мільярды — гадавы абарот, і праз няпоўны год мы атрымліваем ад яго усё, што ўклалі. А калі б у кожнай вобласці па адным такім кінатэатры пабудаваць (тым больш, усе шляхі першым прайшоў Мінск)? Мы тады павялічылі б платныя паслугі ў кіно на 20% толькі дзякуючы адной установе ў кожным рэгіёне.

Яшчэ адзін важны момант: мы павінны перастаць працаваць без білетаў. Трэба наладжваць білетную гаспадарку. Пералічваем грошы ўстановам — аддаём білетныя кніжкі. Мы павінны “забраць” гледача, які сёння не ўлічаны. Па маіх падліках, гэта на працэнтаў дзесяць павялічыць аб’ём платных паслуг.

На мой погляд, павелічэнне глядацкай аўдыторыі не можа складаць 200%. 15 — 20%, не больш. Скарачаць яе недапушчальна, а вось павялічваць, хоць трохі, трэба. Развіццё культуры насельніцтва — наша задача. У 1980я гады кінааўдыторыя была на 40% большая, чым сёння. Канцэртная — крыху менш за гэтую лічбу, але таксама значна перавышала сённяшнюю.

Упэўнены, мы рэалізуем адну і тую ж задачу: прыцягненне да культуры ўсё большай колькасці людзей. Мы будзем яе рэалізоўваць з уласцівымі беларускай культуры ўздымам і аптымізмам.

Уладзімір РЫЛАТКА,

Першы намеснік Міністра культуры Рэспублікі Беларусь