Пачэсная задача —захаваць спадчыну

№ 5 (925) 30.01.2010 - 05.02.2010 г

З выступлення Віктара КУРАША, намесніка міністра культуры Рэспублікі Беларусь

— Падводзячы вынікі 2009 года, можна адзначыць, што ўпершыню з 1994га асобнай кнігай быў апублікаваны Дзяржаўны спіс гісторыка-ультурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Гэта важны крок у справе ўліку нацыянальнага культурнага і гіста рычнага набытку і яго папулярызацыі. Сфера аховы гісторыка-ультурнай спадчыны мае наступную спецыфіку: дасягнутыя вынікі вызначаюць наступныя задачы. Асобныя з іх узнікаюць пад час функцыянавання грамадства, ставяцца самім жыццём. У 2010 годзе Беларусь будзе святкаваць 65-оддзе Вялікай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. З гэтым гераічным і, у той жа час, трагічным перыядам у жыцці нашага народа звязана 1025 помнікаў гісторыі. Нашым святым абавязкам з’яўляецца прывядзенне кожнага з іх — асобных пахаванняў, брацкіх магіл, мемарыяльных комплексаў, іншых аб’ектаў, звязаных з ваеннымі падзеямі, — у належны тэхнічны і эстэтычны стан.

Міністэрства культуры заўсёды аказвала дапамогу мясцовым выканаўчым і распарадчым камітэтам у фінансаванні рэстаўрацыйна-днаўленчых работ на аб’ектах спадчыны камунальнай уласнасці. На падставе прапаноў мясцовых улад у праекты праграм па фінансаванні Міністэрствам прадугледжваюцца сродкі рэспубліканскага бюджэту для долевага ўдзелу ў работах на аб’ектах спадчыны. У 2009 годзе на аб’екты культуры было накіравана 137,7 млрд. руб., у тым ліку на аб’екты спадчыны камунальнай уласнасці — 4,4 млрд. руб., якія поўнасцю асвоены.

На 2010 год запланавана выдзяленне сродкаў у аб’ёме 71,6 млрд. руб., з якіх на гісторыка-ультурныя каштоўнасці камунальнай уласнасці пойдзе 7,7 млрд. рублёў.

Міністэрствам культуры ў рамках выканання галіновай праграмы “Захаванне і развіццё культуры Рэспублікі Беларусь на перыяд 2006 — 2010 гг.” за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту праведзена паслядоўная работа па інвентарызацыі археалагічных аб’ектаў усёй Мінскай вобласці, Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці і адзінаццаці раёнаў Віцебскай вобласці.

Разам з гэтым, рашэннем калегіі Міністэрства культуры ад 03.12.2008 № 153 была пастаўлена задача аб інвентарызацыі помнікаў археалогіі, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, з выкарыстаннем сродкаў мясцовага бюджэту. Міністэрствам атрыманы звесткі аб правядзенні інвентарызацыі помнікаў археалогіі ў адпаведнасці з гэтым рашэннем у Лідскім, Навагрудскім і Мастоўскім раёнах Гродзенскай вобласці, Жабінкаўскім раёне Брэсцкай вобласці і Магілёўскай вобласці. Нагадваем, што неабходна даслаць матэрыялы фотафіксацыі, апісанняў і картаграфічныя матэрыялы з дакладнай прывязкай даследаваных археалагічных аб’ектаў для іх уключэння ў Банк звестак аб гісторыка-ультурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь і ў землеўладкавальную дакументацыю.

Разам з тым, мясцовым уладам неабходна прадугледзець выкананне мерапрыемстваў па ахове археалагічных аб’ектаў і, у першую чаргу, прадухіляць несанкцыянаваныя іх раскопкі, што праводзяцца так званымі “чорнымі археолагамі”, у тым ліку з выкарыстаннем металадэтэктарных прыбораў.

Важнай формай захавання аб’ектаў спадчыны з’яўляецца іх уключэнне ў турыстычную сферу. Міністэрствам культуры распрацаваны тыпавы пералік мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне сядзібнапаркавых (палацавапаркавых) комплексаў і ансамбляў, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, якія не выкарыстоўваюцца на сучасным этапе. Названы пералік мерапрыемстваў дасланы ва ўпраўленні культуры абласных выканаўчых камітэтаў для прымянення пры выкананні першачарговых работ па забеспячэнні захаванасці гісторыка-культурных каштоўнасцей на перыяд да правядзення рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ, у тым ліку прыстасавання аб’екта пад сучасныя функцыі. Для выкарыстання ў мэтах турызму праводзіцца мэтанакіраваная праца па падрыхтоўцы гісторыка-культурных каштоўнасцей да паказу, што закранае не толькі музейныя тэхналогіі, але і пытанні добраўпарадкавання, рэканструкцыі, рэстаўрацыі, захавання унікальных прыродных аб’ектаў, адаптацыі комплекснай гісторыка-культурнай каштоўнасці ў сучаснае горадабудаўнічае асяроддзе. У дадзеным накірунку зроблены крокі сумесна з Міністэрствам спорту і турызму: падрыхтаваны пералік сядзібных комплексаў, якія не выкарыстоўваюцца, з мэтай уключэння іх у сферу эка-агратурызму.

У пераліку сядзібных і палацавых комплексаў ёсць аб’екты, звязаныя з родамі Багдановічаў, Валовічаў, Яленскіх, Наркевічаў-Ёдкаў, Абуховічаў, Плятэраў, Пацеяў, Пузыняў, Сапегаў, Святаполк-Чацвярцінскіх, Слатвінскіх, Радзівілаў, Рэйтанаў, Раманавых.

Неабходна наладжваць працу па супрацоўніцтве з прадстаўнікамі княжацкіх родаў беларускага паходжання. Прыкладам такой работы можа быць сустрэча з нашчадкамі Радзівілаў у Беларусі, пад час якой дасягнуты дамоўленасці аб актывізацыі іх супрацоўніцтва з музеем-запаведнікам “Нясвіж” па абмене інфармацыяй, звесткамі аб выстаўленых на продаж праз аўкцыёны прадметах антыкварыяту, звязаных з родам Радзівілаў, і стварэнні з удзелам спадчыннікаў магнацкага роду апякунскай рады па выкананні работ на аб’ектах спадчыны г. Нясвіжа.

Значны крок зроблены ў наданні статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці нематэрыяльным праяўленням творчасці чалавека. У 2009 годзе такі статус быў нададзены пяці абрадавым і песенным традыцыям.

Абрад “Калядныя цары” з вёскі Семежава Капыльскага раёна ўключаны ў Спіс нематэрыяльнай спадчыны UNESCO, якой патрабуецца тэрміновая ахова.

Небяспечная сітуацыя склалася з драўлянымі праваслаўнымі храмамі, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Пры іх рамонце выкарыстоўваюцца сучасныя матэрыялы, страчваюцца адметныя мастацкія, духоўныя і дакументальныя вартасці, якія абумовілі наданне статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці (цэрквы у вёсках Гошчава Івацэвіцкага раёна і Ляхавічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці). Ёсць намер знесці царкву ў вёсцы Гарадзішча Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці, якая з’яўляецца помнікам архітэктуры, і пабудаваць на яе месцы новую. Святары Гродзенскай епархіі пачалі здымаць ахоўныя дошкі з помнікаў архітэктуры. Для прадухілення падобных дзеянняў Міністэрствам культуры вядзецца растлумачальная работа, арганізаваны дыялог з кіраўніцтвам Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Аднак і мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы павінны больш актыўна працаваць непасрэдна з уласнікамі гісторыка-культурных каштоўнасцей, даводзячы да іх ведама інфармацыю аб устаноўленым заканадаўствам парадку выкарыстання і ўтрымання помнікаў архітэктуры, правядзення на аб’ектах спадчыны  розных відаў работ.

Актыўнае выкарыстанне гісторыка-культурных каштоўнасцей у розных сферах сучаснага жыцця з’яўляецца асноўнай задачай у справе захавання спадчыны. Застаецца актуальным пытанне распрацоўкі праектаў зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія павінны быць падрыхтаваны ў складзе дэталёвых планаў населеных пунктаў. Усяго на сённяшні дзень распрацавана 43 праекты зон аховы. У той жа час, 4700 помнікам археалогіі, архітэктуры, горадабудаўніцтва, запаведным мясцінам патрабуецца распрацоўка праектаў зон аховы.

Не можа пакінуць абыякавым знешні выгляд помнікаў архітэктуры ў гарадскім асяроддзі. Мінскім гарвыканкамам зроблены пэўныя крокі па ўзмацненні кантролю за ўтрыманнем і выкарыстаннем гісторыка-культурных каштоўнасцей, для чаго прынята рашэнне ад 16.07.2009 № 1674 “Аб архітэктурным абліччы фасадаў будынкаў у г. Мінску, якія з’яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі”, што прадугледжвае ўзмацненне нагляду за размяшчэннем рэкламных шыльдаў, металапластыкавай сталяркі, кандыцыянераў і спадарожнікавых антэн на гісторыка-культурных каштоўнасцях. У адпаведнасці з названым рашэннем да адказнасці прыцягнуты шэраг грамадзян і юрыдычных асоб, вынесены рашэнні суда аб вяртанні аб’ектам спадчыны першапачатковага выгляду. У той жа час, не зроблена, на наш погляд, самага галоўнага: не вызначаны правы і абавязкі асноўнага ўласніка гарадскіх будынкаў — камунальных эксплуатацыйных службаў, якім належыць распрацаваць прапановы па характары сталярных вырабаў для канкрэтнага помніка архітэктуры і забяспечыць кантроль за правядзеннем рамонтаў грамадзянамі кватэр, карыстальнікамі ўбудаваных памяшканняў паводле выпрацаваных агульных правілаў.

Адным з накірункаў дзейнасці ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, вызначаным галіновай праграмай “Захаванне і развіццё культуры Рэспублікі Беларусь на перыяд 2006 — 2010 гг.”, з’яўляецца падрыхтоўка матэрыялаў для ўключэння аб’ектаў спадчыны ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны UNESCO.

У выкананне пункта 1 калегіі Міністэрствы культуры ад 28.01.2009 № 8 упраўленнямі культуры Брэсцкага, Віцебскага, Гомельскага, Гродзенскага аблвыканкамаў падрыхтаваны і зацверджаны планы мерапрыемстваў па падрыхтоўцы дасье: “Фартыфікацыйныя збудаванні Брэсцкай крэпасці”, “Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся”, “Культавыя збудаванні абарончага тыпу” для прадстаўлення іх у Спіс сусветнай спадчыны UNESCO.

У той жа час, да канца 2010 года неабходна распрацаваць тры дасье з пяці, вызначаных галіновай праграмай. Акрамя таго, дакладна вядома, што, з улікам заўваг эксперта ІКАМОС, патрабуе дапрацоўкі дасье “Матэрыяльнае ўвасабленне духоўнай спадчыны святой Еўфрасінні Полацкай”. Таму ў саамы кароткі тэрмін упраўленням культуры аблвыканкамаў пры садзейнічанні ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры неабходна арганізаваць рэальную работу са штомесячным падвядзеннем яе вынікаў.

Міністэрства прыкладае намаганні па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацый культуры рэспубліканскага падпарадкавання. У адпаведнасці з выдзеленымі сродкамі ўстановамі культуры ў 2009 годзе былі закуплены музычныя інструменты, кінатэхналагічнае абсталяванне, гукаўзмацняльная і асвятляльная апаратура на агульную суму 7,8 млрд. рублёў.

Значная работа выканана ў 2009 годзе па ўладкаванні аб’ектаў культуры, размешчаных у аграгарадках. Усяго за мінулы год уведзена 256 аб’ектаў культуры. Выдзеленыя на гэтыя мэты сродкі ў памеры 40,5 млрд. рублёў асвоены ў поўным аб’ёме. Акрамя таго, у мінулым годзе завершаны рамонтна-будаўнічыя работы па 41 аб’екце культуры аграгарадкоў. Агульны аб’ём работ на гэтых аб’ектах склаў 22,8 млрд. рублёў. У 2010 годзе запланавана правесці рамонтна-будаўнічыя работы на 426 аб’ектах культуры, размешчаных у аграгарадках. Для выканання згаданых работ патрэбна 111 млрд. рублёў. У сувязі з гэтым мы просім аблвыканкамы аказаць дапамогу ўпраўленням культуры і выдаткаваць сродкі, неабходныя для выканання работ.

У цэлым, асноўная задача ў справе захавання спадчыны павінна быць накіравана на прыстасаванне гісторыка-культурных каштоўнасцей у сферу актыўнага жыцця, што з’яўляецца найболей дзейснай умовай іх захавання. Гэта дазволіць стварыць цэнтры культурнай дзейнасці, аднавіць страчаныя традыцыі, узнавіць рамёствы, гандаль, стварыць новыя ўмовы выкарыстання гісторыка-культурных каштоўнасцей у адпаведнасці з нацыянальнымі, рэгіянальнымі, эканамічнымі і сацыяльнымі ўмовамі і асаблівасцямі рэгіёнаў.

Гісторыка-культурная спадчына— вялікі рэсурс беларускага народа. Яна мае як эканамічнае значэнне, так і вялікі патэнцыял для патрыятычнага выхавання моладзі.

 

Віктар КУРАШ,

намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь