Культурны падмурак для паспяховай дзяржавы

№ 5 (925) 30.01.2010 - 05.02.2010 г

З даклада міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі

Даклад міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі на выніковай калегіі Міністэрства культуры краіны вызначыў асноўныя акцэнты дзейнасці сферы летась, акрэсліў перспектыву яе развіцця ў 2010-м годзе, узняў мноства актуальных пытанняў.

Рыхтуючы для гэтага нумара “К” асноўныя тэзісныя палажэнні выступлення кіраўніка сферы, мы вылучылі надзённыя аспекты, закранутыя міністрам культуры, у своеасаблівыя эпіграфы да падраздзелаў даклада.

 

 

 

Культура — гэта той фактар у жыцці грамадства, які разам з адукацыяй з’яўляецца галоўным стрыжнем, падмуркам пабудовы развітой і паспяховай дзяржавы. Культура забяспечвае развіццё здаровага грамадства, фарміраванне грамадзяніна як асобы.

Ролю культуры дакладна вызначыў Прэзідэнт нашай краіны: “Цывілізаванай дзяржавы без культуры няма”. Увага і падтрымка з боку Кіраўніка дзяржавы і Урада краіны, удзел у мерапрыемствах, шматлікія нарматыўныя акты, скіраваныя на падтрымку ўстаноў культуры, кантроль за іх рэалізацыяй, шэраг дзяржаўных і галіновых праграм, што сёння паспяхова рэалізуюцца — даюць свой плён у справе развіцця нацыянальнай культуры і мастацтва. Дзяржаўныя прэміі Рэспублікі Беларусь і спецыяльныя прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва, прэміі “За духоўнае адраджэнне”, гранты фондаў Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва, творчай моладзі— важны фактар падтрымкі нацыянальнай культуры. За апошнія гады створана сістэма развіцця культуры і назапашаны вялікі вопыт практычнай дзейнасці, якія дазваляюць беларускай культуры стаць стратэгічным рэсурсам нашай дзяржавы.

Класік нацыянальнай літаратуры Уладзімір Караткевіч, 80-годдзе з дня нараджэння якога мы будзем адзначаць сёлета, казаў: “У беларусаў ёсць свая, Богам дадзеная, зямля. Яна прыўкрасная, іншай у іх няма і не будзе. Таму яе трэба берагчы, песціць. А калі жывеш на гэтай зямлі, павінен быць яе гаспадаром. Ты не маеш права працаваць дрэнна”.

Адным з вынікаў мэтанакіраванай рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры і шматгадовых намаганняў Міністэрства і органаў культуры на месцах з’яўляецца накоплены самы каштоўны капітал — спецыялісты сферы культуры.

Кожны паасобку і ўсе разам укладваюць у сваю работу не толькі прафесіяналізм, але і частку сэрца і душы. Вынікова працавала сістэма падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі, вялася работа па пераўтварэнні філіялаў кафедраў Беларускай акадэміі музыкі ў філіялы акадэміі на базе абласных сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Прайшла рэарганізацыя вучылішчаў у каледжы: новы статус атрымалі Гродзенскае, Магілёўскае, Мазырскае музычныя вучылішчы, Магілёўскае вучылішча мастацтваў, Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Паспяхова прайшла атэстацыя Беларускай акадэміі мастацтваў. Праведзена атэстацыя пяці сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Створана паўнавартасная сістэма навучальных устаноў культуры і мастацтва, якая забяспечвае падрыхтоўку спецыялістаў па пяці профілях і 29 спецыяльнасцях.

2009 год быў багаты на падзеі і культурныя дасягненні. Сярод іх: увод у дзеянне пасля капітальнага рамонту Вялікага тэатра оперы і балета, працяг рэканструкцыі помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны — Палацава-паркавага комплексу ў Нясвіжы і Замкавага ў Міры, будаўніцтва і адкрыццё новых устаноў культуры, у тым ліку — 2-х музеяў, 10-ці бібліятэк, 37-мі новых тыпаў клубных устаноў у аграгарадках.

Дэманстрацыяй культурных дасягненняў рэгіёнаў сталі маштабныя і цікавыя творчыя справаздачы абласцей і г. Мінска ў Палацы Рэспублікі, прысвечаныя 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Праведзены на высокім арганізацыйна-творчым узроўні міжнародныя фестывалі “Славянскі базар у Віцебску”, кінафестываль “Лістапад” і форум тэатральнага мастацтва “Панарама” ў Мінску, “Залаты шлягер у Магілёве” і іншыя.

Цікавым новым творчым праектам з’явіўся Рэспубліканскі конкурс маладых талентаў “Зорка ўзышла над Беларуссю”, першы этап якога паспяхова прайшоў у гарадах і раёнах краіны ў канцы мінулага года.

Святкаванне 65-годдзя вызвалення Беларусі адзначылася кульмінацыйнай падзеяй — галаканцэртам “Мы перамаглі!” ля стэлы “Мінск — горад-герой”, у праграму якога былі ўключаны выступленні лепшых калектываў з абласцей і сталіцы.

Буйная выстаўка-кірмаш “Горад майстроў”, праведзеная 4 ліпеня ў Мінску, прадставіла лепшыя ўзоры мастацтва рэгіёнаў нашай краіны.

Стан культуры ўплывае на імідж краіны.

У мінулым годзе быў рэалізаваны шэраг важных міжнародных праектаў. Праведзены Год культуры Расіі, Дні культуры Кітая. У Маскве праведзены Дні культуры Беларусі. Творчыя калектывы рэспублікі забяспечвалі культурныя праграмы ў рамках Нацыянальных выставак Беларусі ў Расіі, Польшчы і Літве.

Падпісаны міжурадавае пагадненне аб культурным супрацоўніцтве з Францыяй, Дзяржавай Катар, міжведамасныя пагадненні аб супрацоўніцтве з міністэрствамі культуры Літвы і Туркменістана. Паміж міністэрствамі культуры Беларусі і Расіі падпісана Праграма арганізацыі і правядзення ў 2010 годзе Года культуры Беларусі ў Расіі. Падрыхтаваны да падпісання міжурадавыя пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне культуры з Італіяй і Грэцыяй, праграмы супрацоўніцтва ў сферы культуры з Літвой, Польшчай і Украінай.

Паспяхова прайшла міжнародная акцыя — Еўрапейскія Дні Спадчыны на тэму: “Беларусь самабытная. Традыцыя. Мова. Рамёствы”.

Дасягненні і станоўчыя паказчыкі сферы культуры адбыліся дзякуючы плённаму супрацоўніцтву Міністэрства і рэгіёнаў.

Усяго ў 2009 годзе з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў на рэалізацыю праграм і культурных мерапрыемстваў, ажыццяўленне дзейнасці арганізацый сістэмы Міністэрства культуры выдзелена 923,5 млрд. рублёў, а таксама 111,5 млрд. рублёў на выкананне Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы. Даходы ад пазабюджэтнай дзейнасці ўстаноў культуры склалі 164,6 млрд. рублёў, што на 20 працэнтаў больш, чым у 2008 годзе. У цэлым па рэспубліцы выкананне прагнознага паказчыка па платных паслугах культуры насельніцтву забяспечана на ўзроўні 119,5 працэнта, пры плане 117.

Паспяхова прайшлі гастролі нашых нацыянальных тэатраў: тэатра Я.Купалы — у Пінску, тэатра М.Горкага — у Віцебску, Вялікага тэатра оперы і балета— у Полацку, Бабруйску і Віцебску. Ва ўсіх абласцях праведзены канцэрты маладых таленавітых музыкантаў — лаўрэатаў і стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі. Міністэрствам культуры прафінансаваны выступленні вядучых канцэртных калектываў — ансамбля танца Беларусі, народнага хору імя Г.Цітовіча, народнага аркестра імя І.Жыновіча, калектываў Белдзяржфілармоніі, якія паказалі змястоўныя і цікавыя праграмы, а таксама многіх іншых.

Правядзенне такіх творчых акцый, як Рэспубліканскі конкурс выканаўцаў на народных інструментах імя І.Жыновіча ў гарадах Магілёве і Гродна, міжнародныя конкурсы камерных ансамбляў імя М.К. Агінскага ў Смаргоні і дзіцячы конкурс “Музыка надзеі” ў Гомелі, спрыяла пошуку новых таленавітых імёнаў у рэгіёнах.

Заслугоўвае ўвагі рэспубліканскае спаборніцтва на лепшую арганізацыю работы ўстаноў культуры і мастацтва па канцэртным і тэатральным абслугоўванні сельскага насельніцтва, якое праводзіцца ў адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта нашай краіны. Лідэрамі на працягу апошніх гадоў з’яўляюцца Магілёўская і Гомельская вобласці.

У рамках традыцыйнага Рэспубліканскага фестывалю “Майстры мастацтваў — працаўнікам сяла” цягам года адбыліся 36 канцэртаў у 12 раёнах рэспублікі, якім Міністэрства культуры перадала таксама музычнае і сцэнічнае абсталяванне, гукаўзмацняльную апаратуру на суму 156 млн. рублёў.

Пэўных культурных дасягненняў дамагліся абласныя і сталічнае ўпраўленні культуры.

Гомельская вобласць вызначаецца добрым станам камплектавання бібліятэчных фондаў на працягу апошніх гадоў. На гэтыя мэты летась выдаткавана амаль 22 працэнты ад бюджэтных сродкаў, якія накіроўваюцца на ўтрыманне бібліятэк.

Па пытаннях камп’ютэрызацыі публічных бібліятэк лідзіруючае месца займаюць Мінск, Магілёўская і Гродзенская вобласці.

Прыярытэтным накірункам па-ранейшаму застаюцца пытанні якасці арганізацыі вольнага часу дзяцей і моладзі. Добрым стымулам для актывізацыі клубных устаноў па выяўленні і папулярызацыі перадавога вопыту стала правядзенне Рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю дыскатэчных мерапрыемстваў у клубных установах 2008 — 2009 гадоў. Пераможцамі сталі Шклоўскі раённы дом культуры, Цэнтр культуры “Віцебск”, Мазырскі Палац культуры “Будаўнік”, Чыркавіцкі цэнтр вольнага часу Светлагорскага раёна, Бацвінаўскі сельскі дом культуры Крычаўскага раёна, Путчынскі цэнтр культуры Дзяржынскага раёна, Падсвільскі гарпасялковы дом культуры Глыбоцкага раёна.

Разам з тым, праблемы матэрыяльна-тэхнічнага аснашчэння клубных дыскатэк застаюцца актуальнымі. Перспектывы дыскатэчнай палітыкі вызначаны ў рэгіянальных праграмах “Дыскатэка” на 2008 — 2010 гады. Ход рэалізацыі праграм сведчыць, што іх фінансаванне далёка не заўсёды адпавядае патрабаванням сённяшняга дня.

Асобна хочацца адзначыць дзейнасць Палаца культуры г. Маладзечна. Дзякуючы насычанай творчай працы за адносна невялікі час гэтая ўстанова стала візітоўкай і найбуйнейшым цэнтрам культурнага жыцця Міншчыны. У Гомельскай вобласці яркім прыкладам істотнага абнаўлення паслуг традыцыйнай індустрыі адпачынку і, у той жа час, сапраўднай школай па развіцці і ўкараненні новых відаў платных паслуг культуры насельніцтву з’яўляецца культурна-забаўляльны цэнтр “Бубнаўка” — сучасная новая клубная ўстанова ў Акцябрскім раёне.

Хацелася б адзначыць працу ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама па метадычным забеспячэнні дзейнасці музеяў. Лідзіруючыя пазіцыі ў рэспубліцы займае Гомельскі палацава-паркавы ансамбль. Выдатных паказчыкаў дасягнуў і Гомельскі абласны музей ваеннай славы.

Сярод раённых музеяў хочацца вылучыць Жлобінскі гісторыка-краязнаўчы музей, Рагачоўскі музей народнай славы, Тураўскі краязнаўчы музей, музей “Трагедыі Чарнобыля” ў в. Судкова Хойніцкага раёна, Музей гісторыі Светлагорска.

Самы высокі паказчык у краіне па ўвядзенні новых відаў музейных платных паслуг і праведзеных праграмах — у Віцебскай вобласці. У кожным рэгіёне распрацавана не менш чым адзін турыстычны маршрут. Полацкі запаведнік атрымаў Першую інтэрнет-прэмію конкурсу “ТІВО-2009” за партал “Музеі Беларусі” ў намінацыі “Культура і мастацтва”.

Аднак існуюць тут і недапрацаваныя моманты… Германавіцкі музей культуры і побыту з унікальнай калекцыяй Язэпа Драздовіча не мае фондасховішча і памяшкання для працы супрацоўнікаў.

На Брэстчыне патрабуюць капітальнага рамонту будынкі абласнога краязнаўчага музея, яго філіяла “Выратаваныя каштоўнасці”, адміністрацыйны будынак філіяла “Камянецкая вежа”, Музей Беларускага Палесся, Івацэвіцкі краязнаўчы музей.

Неабходна будаўніцтва фондасховішчаў у Музеі гісторыі Брэста, Мотальскім музеі народнай творчасці, пашырэнне фондасховішча ў Ганцавіцкім краязнаўчым музеі.

Ёсць упэўненасць, што гэтыя праблемы будуць вырашаны, паколькі выдзяленне сродкаў прадугледжана абласным бюджэтам у 2010 — 2015 гадах.

Тэндэнцыя стабільнага павелічэння наведвальнікаў дзяржаўных музеяў Магілёўскай вобласці, што акрэслілася ў мінулыя гады, захоўвалася і ў 2009-м. Але гэты паказчык амаль у два разы меншы ў параўнанні з музеямі Гомельшчыны, Віцебшчыны і Міншчыны. Над гэтым трэба працаваць…

На працягу 2009 года 124-ма адзінкамі папоўніўся Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, які цяпер налічвае 4911 значных аб’ектаў. Праз Дзяржаўную інвестыцыйную праграму фінансуюцца 13 аб’ектаў культуры.

/i/content/pi/cult/248/3582/6m.jpg
Неабходна падкрэсліць, што пры рэстаўрацыйна-аднаўленчых работах на гістарычна-культурных каштоўнасцях асаблівая ўвага павінна надавацца безумоўнаму захаванню аўтэнтычных элементаў і канструкцый помнікаў архітэктуры. Нельга пад выглядам рэстаўрацыі займацца простым будаўніцтвам. На прыкладзе аднаўлення Мірскага замка неабходна на падобных аб’ектах забяспечваць высокую ступень узаемадзеяння заказчыка, падрадчыка і навуковага кіраўніка на ўсіх этапах праектавання і рэстаўрацыі.

Чакаю далейшага ўзмацнення ролі Рады па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. Рада павінна праводзіць больш выязных пасяджэнняў. Прыярытэтнымі ў яе дзейнасці павінны быць справы рэстаўрацыі найважнейшых для гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі каштоўнасцей.

Міністэрства разлічвае на працяг партнёрскіх узаемаадносін са створанай у 2009 годзе грамадскай назіральнай камісіяй пры Міністэрстве культуры па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны.

Ад упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны бліжэйшым часам чакаю канкрэтных прапаноў па аднаўленні сістэмы вертыкалі па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны ад раёна да Міністэрства. Прашу прапрацаваць неабходнасць унясення адпаведных змен у нарматыўна-прававую базу. Спадзяюся на актывізацыю адпаведнай працы з боку ўпраўленняў культуры аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, раённых аддзелаў культуры ў справах захавання гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Разам з бюджэтным фінансаваннем наспела неабходнасць пошуку і іншых крыніц фінансавання аб’ектаў рэстаўрацыі. Гэта могуць быць сродкі прыватных — як беларускіх, так і замежных — інвестараў, а таксама выхадцаў славутых родаў з беларускай зямлі. Мы павінны прапанаваць зацікаўленым набыццё маёнткаў, сядзіб пры ўмове іх рэстаўрацыі пад навуковым даглядам Міністэрства культуры.

Хацеў бы звярнуцца з даручэннем і адпаведнай просьбай да ўпраўленняў культуры і аддзелаў культуры мясцовага самакіравання, устаноў культуры і супрацоўнікаў сферы культуры аб падтрымцы грамадска-культурнай акцыі па зборы сродкаў на рэстаўрацыю і кансервацыю Навагрудскага замка — аднаго з найважнейшых помнікаў гісторыі Беларусі. Міністэрства культуры ў якасці заснавальніка латарэі “Скарбніца” з красавіка 2010 года распачынае збор сродкаў праз распаўсюджванне білетаў латарэі. Адпаведны рахунак будзе адкрыты і аддзелам культуры Навагрудскага райвыканкама.

Неабходна большую ўвагу засяродзіць на ўкараненні новых форм працы ў музеях, што дасць магчымасць як прыцягнуць больш наведвальнікаў, у тым ліку моладзі, у музейныя ўстановы, так і павысіць пазабюджэтныя даходы. У якасці прыкладу можна прывесці ўвядзенне пячатак Мірскага і Нясвіжскага замкаў, экскурсію з факеламі па Нясвіжскіх лазах, оперныя канцэрты і спектаклі ля сцен Нясвіжскага замка, выстаўку адной карціны па заказе аднаго наведвальніка і іншае. Такіх ідэй можа быць шмат. Нам трэба больш актыўна аналізаваць працу расійскіх і еўрапейскіх музеяў.

У адпаведнасці з даручэннем Кіраўніка дзяржавы нам неабходна актывізаваць працу па стварэнні Музея беларускай дзяржаўнасці і экспазіцый Нацыянальнага гістарычнага музея, які ўзнік у 2009 годзе на базе Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі, а таксама Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

/i/content/pi/cult/248/3582/8m.jpg
Сумесна з вучонымі Нацыянальнай акадэміі навук і іншымі зацікаўленымі, у тым ліку з Польшчы, Літвы, Расіі, ідзе праца па музеефікацыі замкавага комплексу “Мір”, палацавага ансамбля Радзівілаў у Нясвіжы. Неабходна ісці не шляхам фармальнага набыцця антыкварнай мэблі і прадметаў, а, усведамляючы гістарычную вартасць гэтых аб’ектаў, засяродзіць увагу на стварэнні экспазіцый, якія дакладна адлюстроўвалі б гісторыю Беларусі, уключалі б як аўтэнтычныя прадметы, так і іх копіі. Музеефікацыя пазначаных аб’ектаў — прыярытэт у дзейнасці Міністэрства на 2010 — 2012 гады.

У 2009 годзе адбыўся Рэспубліканскі конкурс на лепшы музей года па патрыятычным выхаванні моладзі, прысвечаны 65й гадавіне вызвалення Беларусі. Конкурс вызначыў наступных пераможцаў: Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Бярозаўскі раённы краязнаўчы музей, Гомельскі абласны музей ваеннай славы. Неабходна працягваць працу па далейшым развіцці супрацоўніцтва з музеямі замежжа. Мы спадзяёмся, што важная дамоўленасць аб супрацоўніцтве Нацыянальнага мастацкага музея з сусветна вядомым музеем “Луўр” рэалізуецца ў правядзенні цягам бягучага года шэрагу сумесных праектаў, сярод якіх — арганізацыя ў Парыжы выстаўкі да 200-годдзя з дня нараджэння беларускага мастака І.Хруцкага.

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрыта пастаянная экспазіцыя, прысвечаная народнаму пісьменніку Беларусі Васілю Быкаву.

Шэраг выставак і мерапрыемстваў быў прымеркаваны да Года роднай зямлі.

Выкарыстанне супрацоўніцтва з замежнымі музейнымі ўстановамі будзе спрыяць арганізацыі цікавых выставак з фондаў замежных музеяў, якія прыцягнуць больш наведвальнікаў. Новым цікавым праектам можа стаць выстаўка скрыпак Страдзівары з мясцовасці Крэмона ў Італіі. Бліжэйшым часам мы вызначым музей Мінска, дзе яна адбудзецца.

У выніку плённага супрацоўніцтва з Міністэрствам замежных спраў адбылася перадача твораў мастакоў — ураджэнцаў Беларусі Б.А. Заборава і М.В. Дучыца ў фонды Нацыянальнага мастацкага музея, калекцыі графікі рускага авангарда з прыватнай калекцыі ўраджэнца Беларусі Леаніда Закса — Літаратурнаму музею Максіма Багдановіча.

 

Як вядома, кожны другі жыхар краіны з’яўляецца карыстальнікам публічных бібліятэк. Новым падыходам павінна стаць забеспячэнне ў кожнай бібліятэцы магчымасці доступу для наведвальнікаў у сетку Інтэрнет, што, перакананы, дазволіць, адначасова, больш шырока прыцягваць моладзь да карыстання кніжнымі фондамі. Гэта тым больш значна, калі яшчэ 14 працэнтаў бібліятэк наогул нетэлефанізаваны.

Бібліятэчным алімпам краіны з’яўляецца Нацыянальная бібліятэка. Штогод праводзіцца Рэспубліканскі конкурс “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”. Пераможцамі ХVII конкурсу сталі 14 дзяржаўных публічных бібліятэк.

Актуальным застаецца пытанне якаснага напаўнення бібліятэчных фондаў. За 2009 год у фонды паступіла 1,5 млн. экземпляраў дакументаў, з іх 97 805 — сацыяльна значныя выданні. Сукупны фонд дзяржаўных публічных бібліятэк рэспублікі налічвае зараз звыш 67 млн. экземпляраў. За справаздачны перыяд ён павялічыўся амаль на паўмільёна.

Гэта стала магчымым дзякуючы выкананню даручэння Кіраўніка дзяржавы, у адпаведнасці з якім на камплектаванне накіроўваецца не менш за 15 працэнтаў сродкаў, што выдаткоўваюцца на ўтрыманне бібліятэк.

Сёння ў краіне камп’ютэрызавана 31,8 працэнта дзяржаўных публічных бібліятэк. Гэта — абласныя і цэнтральныя раённыя і гарадскія бібліятэкі, бібліятэкі аграгарадкоў. Найбольшых поспехаў у гэтым дасягнуў г. Мінск (100%). Па-іншаму карціна выглядае ў абласцях. Ад агульнай колькасці цэнтральных бібліятэк больш за 70 працэнтаў маюць свае інтэрнетстаронкі.

Нам патрэбна сур’ёзна думаць аб стварэнні сістэмы стажыровак найбольш таленавітых кадраў за мяжой, правядзення майстаркласаў вядомых дзеячаў замежнага тэатральнага мастацтва. Істотнай праблемай для айчынных тэатраў з’яўляецца адсутнасць пастановак сучасных аўтараў. Доля беларускай драматургіі ў рэпертуарах тэатраў ледзь дасягае 25 працэнтаў…

У тэатральным мастацтве рэспублікі адбыўся шэраг падзей. Гэта міжнародныя фестывалі тэатральнага мастацтва “Панарама” ў Мінску, “Белая вежа” ў Брэсце, “Марткантакт” у Магілёве, шматлікія гастролі тэатраў за межамі рэспублікі, яскравыя прэм’еры спектакляў у нацыянальных , рэспубліканскіх і абласных тэатрах краіны. Упершыню ў гісторыі нацыянальнай культуры Вялікім тэатрам ажыццёўлена рэканструкцыя і пастаноўка беларускай оперы XVIII стагоддзя Яна Давіда Голанда “Чужое багацце нікому не служыць”, творчы калектыў якой нядаўна атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Беларусі.

Аднак усё яшчэ востра стаіць праблема з рэжысёрамі. На жаль, маладыя рэжысёры не заяўляюць аб сабе яркімі праектамі, да таго ж, і не праяўляюць актыўнасці ва ўдзеле ў конкурсе рэжысёрскіх эксплікацый Міністэрства культуры. У мінулым годзе было пададзена толькі 8 заявак. Таму мы выдзелілі гранты маладым выпускнікам Акадэміі мастацтваў на пастаноўкі спектакляў. Гэты вопыт — першы, і ён будзе працягнуты.

25% беларускай драматургіі у рэпертуары тэатраў супярэчаць прыярытэтам развіцця нацыянальнай культуры — стварэнню ўмоў для творчасці і падтрымкі айчынных аўтараў. Міністэрствам будуць прыкладзены намаганні, каб пераадолець гэтае становішча. Кожнаму тэатру патрэбна надаць належную ўвагу гэтаму пытанню і ўнесці прапановы па канкрэтных дзеяннях. Больш актыўна ў гэтым накірунку павінен працаваць і Цэнтр беларускай драматургіі, падтрымліваючы сувязь з усімі тэатрамі і аказваючы неабходную метадычную дапамогу.

З мэтай далейшага развіцця нацыянальнага тэатральнага мастацтва Міністэрства культуры плануе ініцыяваць правядзенне Нацыянальнага тэатральнага конкурсу.

У дапамогу канцэртным арганізацым, вядучым нацыянальным і рэспубліканскім калектывам Міністэрства культуры набыло больш за 170 арыгінальных твораў, аранжыровак і аркестровак на суму каля 150 млн. рублёў.

Пазітыўныя зрухі назіраюцца ў музычным мастацтве рэспублікі. Захоўваецца высокі ўзровень выканальніцкай школы, аб чым сведчаць перамогі на розных міжнародных конкурсах і фестывалях, прэстыжныя ўзнагароды. Дзякуючы актыўнай дзейнасці Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга праведзены шэраг традыцыйных фестываляў старадаўняй і сучаснай беларускай музыкі, якія прайшлі ў сямі гісторыка-культурных цэнтрах Беларусі. Станоўчы грамадскі рэзананс атрымалі Х Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, Беларуская музычная восень, Фестываль Юрыя Башмета. Разам з тым, у сферы музычнага мастацтва, канцэртнай дзейнасці акрэсліліся праблемы. Па некаторых з іх мы рыхтуем змены на заканадаўчым узроўні. Плануецца прыняцце дакумента, які сабраў бы ў адно цэлае ўсе пытанні рэгулявання канцэртнай дзейнасці ў краіне, у тым ліку — вырашыў існуючыя арганізацыйна-творчыя праблемы. Да гэтага часу ў сферы гастрольна-канцэртнай дзейнасці існуе непаразуменне паміж абласнымі філармоніямі і раённымі аддзеламі і дамамі культуры, што апошнім часам усклалі на сябе функцыі канцэртных арганізацый. Патрабуе ўвядзення сістэма рэалізацыі так званых электронных білетаў, па якой ужо даўно працуюць усе нашы суседзі. Неабходна далейшае ўдасканаленне матэрыяльнай базы Брэсцкай і Гомельскай абласных філармоній, што ўвогуле не маюць сваіх канцэртных залаў.

Ключавымі фактарамі для забеспячэння істотнага развіцця беларускай эстрады, на наш погляд, з’яўляецца стварэнне свабоднага канкурэнтнага асяроддзя для ўсіх выканаўцаў пры адначасовым спрашчэнні нарматыўна-прававой базы гастрольна-канцэртнай дзейнасці ў краіне, фарміраванне сістэмы прыцягнення прыватнага капіталу ў сферу шоубізнесу, больш актыўная праца электронных сродкаў масавай інфармацыі, без ролі якіх немагчыма ўявіць развіццё эстрады, павелічэнне выкарыстання бюджэтных сродкаў на аплату ўдзелу беларускіх артыстаў у дзяржаўных мерапрыемствах. Запрашэнне замежных артыстаў, безумоўна, неабходнае, але з пераважным выкарыстаннем пазабюджэтных крыніц. Міністэрства культуры плануе бліжэйшым часам ініцыяваць правядзенне конкурсу “Нацыянальная музычная прэмія краіны”, што будзе мець новыя формы і новыя падыходы з мэтай вызначэння сапраўдных лідэраў эстраднага рынку і стварэння магчымасцей для выхаду на эстраду цікавых выканаўцаў, якія не маюць іншых магчымасцей узысці на эстрадны Алімп.

Міністэрства плануе перагледзець сістэму закупак карцін і іншых работ выяўленчага мастацтва. Мы працуем над падыходам, які прадугледжваў бы стварэнне музейных калекцый выяўленчага мастацтва краіны, а не выпадковае набыццё асобных твораў.

/i/content/pi/cult/248/3582/12-m.jpg
Здзяйсненне сумесных праектаў Міністэрства культуры і Саюза мастакоў у правядзенні міжнародных, рэспубліканскіх тэматычных і абласных выставак з’яўляецца асноўным накірункам дзейнасці. Міністэрства ў 2009 годзе разлічылася з усімі мастакамі, творы якіх, пачынаючы з 2004 года, былі рэкамендаваны для набыцця. У мінулым годзе набыта твораў на суму каля 700 млн. рублёў — гэта рэкордная сума за апошнія 10 гадоў.

Нам патрэбна стварыць калекцыі твораў Селешчука, Шчамялёва і іншых выбітных беларускіх мастакоў.

З мэтай шырокага прадстаўлення сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі, прыцягнення да яго ўвагі шырокага кола грамадскасці Міністэрства плануе восенню бягучага года Рэспубліканскую выстаўку сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску і ва ўсіх абласных цэнтрах краіны.

Міністэрства культуры дапрацоўвае Канцэпцыю манументальна-гістарычнай прапаганды Рэспублікі Беларусь на бліжэйшую перспектыву. На 2011 год мы таксама плануем правядзенне сумесна з Беларускім саюзам мастакоў Рэспубліканскай выстаўкі манументальнага мастацтва з мэтай прааналізаваць сучасны стан гэтага накірунку мастацтва ў краіне.

 

Наспеў час здымаць кіно, якое дэманструе станоўчы ўнутраны і знешні вобраз Беларусі, а таксама прысвечана нашай гісторыі і культуры. На жаль, дагэтуль не створаны ні адзін мастацкі фільм са статусам “нацыянальны”.

У мінулым годзе мы адзначылі 85-годдзе беларускага кіно. Мы ганарымся тым, што зроблена за мінулыя гады. Але час не стаіць на месцы. Сусветная кінавытворчасць ідзе наперад, а значыць, і мы, калі хочам быць канкурэнтаздольнымі, павінны рухацца далей, весці разумную жанравую і актыўную маркетынгавую палітыку, прыцягваць замежных партнёраў, выпускаць сумесныя фільмы.

/i/content/pi/cult/248/3582/14m.jpg
У якасці канстатацыі факта. Да гэтага часу не створана кінапраекта, які атрымаў бы прызнанне на айчынным ці на замежным рынках. Эканамічны эфект ад вытворчасці мастацкіх стужак таксама несуцяшальны. Як прыклад—“Дняпроўскі рубеж”. З затрачаных на вытворчасць 6 млрд. рублёў дзяржаўных сродкаў выручаная сума ад кінапракату і нацыянальнага тэлепаказу склала 100 млн. рублёў.

Недастатковая ўвага надавалася і падбору сцэнарнага матэрыялу для стварэння фільмаў.

Станоўчым прыкладам у працы кінастудыі “Беларусьфільм” з’яўляецца рэалізацыя за апошнія два гады шэрагу праектаў сумеснай кінавытворчасці. І, як паказалі вынікі гэтай працы, яны прыносяць эканамічны эфект для кінастудыі.

Прыярытэтам павінна заставацца неабходнасць мадэрнізацыі і перааснашчэнне кінапракату краіны. На жаль, кінапракату рэспублікі яшчэ вельмі далёка да сучасных стандартаў у дэманстрацыі фільмаў. Мы спадзяёмся, што аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам будзе прадоўжана сістэмная праца па перааснашчэнні кінатэатраў.

Але некаторыя зрухі ўсё ж даюць надзею на лепшае. На сённяшні дзень 38 праектаў па нацыянальнай тэматыцы паступіла на адкрыты маладзёжны кінаконкурс. Супрацоўніцтва з маладымі таленавітымі драматургамі і рэжысёрамі дало магчымасць уключэння ў тэматычны план кінастудыі вытворчасці двух кінапраектаў — “Жыццё Купалы” і “Каласы пад сярпом тваім” паводле У.Караткевіча. Практыка экранізацыі твораў нацыянальных класікаў, насычэнне беларускага рынку айчыннымі фільмамі павінна стаць адной з прыярытэтных задач.

Кінастудыіі “Белвідэацэнтру” неабходна актывізаваць работу па пошуку надзейных дзелавых партнёраў па распаўсюджванні ўласнай фільмапрадукцыі за межамі Беларусі. Неабходна распрацаваць сістэму захадаў па зніжэнні фінансавых выдаткаў і прыцягненні ў фільмавытворчасць пазабюджэтных сродкаў, у тым ліку, праз далейшае запрашэнне да сумеснай вытворчасці стужак замежных прадзюсераў.

Міністэрства культуры плануе развіваць праектную дзейнасць у кінавытворчасці. У перспектыве мы плануем абвясціць аб рэалізацыі праекта па стварэнні мастацкага фільма акрэсленай тэматыкі, частковае фінансаванне якога будзе ажыццяўляцца з дзяржаўнага бюджэту, а дадатковае — з пазабюджэтных крыніц. Мы павінны стварыць умовы для развіцця айчынных прадзюсерскіх кампаній, якія былі б зацікаўлены ў канчатковым выніку ад сваёй дзейнасці.

Зразумела, прыярытэтнай задачай застаецца завяршэнне рэканструкцыі кінастудыі, яе тэхнічнага перааснашчэння. Гэта найважнейшая ўмова для далейшага развіцця кінастудыі.

Дарэчы, усе гэтыя падыходы, аб якіх сказана вышэй, вельмі дакладна прапісаны ў Канцэпцыі развіцця кіно нашай краіны, зацверджанай у 2009 годзе Прэзідэнтам Беларусі. Трэба дакладна і сістэмна выконваць тое, што закладзена ў Канцэпцыі.

Мы часта гаворым аб неабходнасці падрыхтоўкі высокакваліфікаваных прафесійных кадраў для кіно. І гэтую задачу мы павінны вырашыць, у тым ліку, праз стварэнне факультэта экранных мастацтваў у Акадэміі мастацтваў. Але павінны звярнуць увагу і на тое, што ляжыць на паверхні: каля 60 грамадзян Беларусі з’яўляюцца студэнтамі Маскоўскага і Санкт-Пецярбургскага інстытутаў кіно. Трэба стварыць сістэму, пры якой яны былі б зацікаўлены вяртацца на працу ў Беларусь: праз стажыроўкі на кінастудыі і відэацэнтры, права здымаць курсавыя і дыпломныя працы, стварэнне прадзюсерскіх кампаній і права для лепшых зняць уласны фільм.

Наспеў час прынцыпова адзначыць неабходнасць забеспячэння адпаведнага фінансавання для выезду на стажыроўкі і вучобу студэнтаў па спецыяльнасці “кіно” ў еўрапейскія краіны.

Відавочны якасныя змены ў інфраструктуры ўстаноў культуры… Тым не менш, востра стаіць пытанне актывізацыі работы па папулярызацыі фальклору, традыцыйнай культуры і народнай творчасці.

Мінулы год быў насычаны працай па захаванні ў рэгіёнах традыцыйнай мастацкай культуры, па выяўленні і перайманні фальклорнай спадчыны. Неабходна больш выкарыстоўваць існуючы патэнцыял і забяспечыць выпуск на аснове рэгіянальных даследаванняў спецыялізаваных выданняў, альбомаў, рэкламных буклетаў лепшых фальклорных і аматарскіх калектываў мастацкай творчасці.

Адраджэнне, развіццё і папулярызацыя народных мастацкіх промыслаў і рамёстваў — адметнасць Беларусі ў культурнай сусветнай прасторы. І тут мы адчуваем сябе ўпэўнена: звыш 24-х тысяч выставак народнага мастацтва было праведзена ў мінулым годзе.

Неабходна ствараць умовы для арганізацыі выставачных салонаў з магчымасцю рэалізацыі твораў народных майстроў, як, напрыклад, гэта робіцца ў Магілёўскай вобласці. Звыш 500 чалавек аб’ядноўвае Беларускі саюз майстроў народнай творчасці. Напрыклад, ад Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай абласцей у Саюз уваходзяць амаль па 100 чалавек, а вось ад Гомельскай — чамусьці ўсяго 15. Патрабуе ўвагі і такая важная справа, як прысваенне лепшым майстрам ганаровага статуса “народны”. Сёння ўсяго толькі 40 творцаў маюць гэты статус, але такога пачэснага звання заслугоўваюць значна больш таленавітых людзей.

Надалей Міністэрства культуры штогод будзе праводзіць Рэспубліканскі конкурс фестывальных праектаў, пераможцы якога будуць мець дадатковую фінансавую падтрымку.

Спадзяюся на актывізацыю дзейнасці Цэнтра па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны, які дзейнічае пры Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў і функцыянаванне якога вынікае з адпаведнай Канвенцыі UNESCO.

 

Доўгатэрміновым праграмным дакументам у кіраванні працэсамі сацыякультурнай сферы з’яўляецца Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця сяла на 2005 — 2010 гады. У інфраструктуры сельскіх устаноў культуры адбываюцца якасныя змены.

Значная работа праведзена па захаванні і далейшым развіцці культурнага патэнцыялу, удасканаленні сеткі сельскіх устаноў культуры, актывізацыі культурна-дасугавай дзейнасці, развіцці традыцыйнай культуры рэгіёнаў, забеспячэнні даступнасці ўстаноў культуры для розных груп сельскага насельніцтва.

Па-ранейшаму адной з актуальных праблем застаецца паступовае ўмацаванне і развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры.

Працягваецца тэндэнцыя зніжэння колькасці традыцыйных сельскіх клубаў і дамоў культуры і павелічэння ўдзельнай вагі ўстаноў новага тыпу — цэнтраў культуры і вольнага часу, культурна-спартыўных комплексаў, маладзёжных цэнтраў.

Нягледзячы на актуальнасць пытанняў удасканалення арганізацыі дзейнасці перасоўных устаноў культуры для культурнага абслугоўвання маланаселеных і аддаленых пунктаў, заданне па фарміраванні мабільных устаноў на 2009 год выканалі толькі Гомельская і Магілёўская вобласці. З прычыны недастатковага фінансавання з запланаваных 66 перасоўных устаноў па рэспубліцы арганізавана работа толькі 39, што складае 59 працэнтаў.

На 12 аб’ектах гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны з мэтай фарміравання на іх базе культурна-дасугавых цэнтраў, сядзібна-этнаграфічных комплексаў і турыстычных маршрутаў вяліся аднаўленчыя работы. Найбольш эфектыўна з гэтым справіліся Брэсцкая, Мінская і Гомельская вобласці. Аднак работы завершаны толькі на 10 аб’ектах з 25 запланаваных па рэспубліцы. А ўпраўленнем культуры Гродзенскага аблвыканкама за 5 гадоў рэалізацыі Праграмы наогул не распачаты работы ні на адным з трох запланаваных аб’ектаў. Тэрмін выканання па дадзеным паказчыку — 2010 год. Усе работы, без выключэння, на працягу бягучага года павінны быць завершаны.

У нас створана развітая сістэма падрыхтоўкі кадраў для ўстаноў культуры. Разнастайнасць відаў навучальных устаноў, шырокі пералік спецыяльнасцей і спецыялізацый дазваляе забяспечыць нашу сферу па ўсіх накірунках і жанрах мастацтва. Каля 2 тысяч выпускнікоў бюджэтнай формы навучання ў мінулым годзе атрымалі вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Практычна кожны трэці выпускнік сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў галіны накіраваны ва ўстановы культуры сяла і аграгарадкоў. Павялічаны план прыёму на бюджэтныя месцы ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Агульны конкурс на ўсе спецыяльнасці гэтых устаноў склаў амаль тры чалавекі на месца, а ў сярэдніх спецыяльных установах — больш за два, што вышэй, чым у папярэднія гады.

На базе акадэмій музыкі і мастацтваў у мэтах стварэння ўмоў для адбору таленавітай моладзі прайшоў, у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, эксперымент, згодна з якім залічэнне абітурыентаў ажыццяўлялася па новых правілах, што дазволіла набраць студэнтаў з больш высокім творчым патэнцыялам.Эксперымент адобраны і яго правядзенне прадоўжана на 2010 год.

Удасканаленне вучэбна-выхаваўчага працэсу дазваляе не толькі павышаць якасць падрыхтоўкі спецыялістаў, іх творчыя здольнасці. Банк даных таленавітай моладзі папоўніўся ў мінулым годзе звесткамі аб 326-ці прадстаўніках моладзі і 38-мі калектывах, якія за перамогі ў рэспубліканскіх і міжнародных мастацка-творчых спаборніцтвах заахвочаны спецыяльным фондам Прэзідэнта краіны па падтрымцы таленавітай моладзі.

Каля 2 тысяч спецыялістаў павысілі сваю кваліфікацыю. На добрым узроўні гэтая работа арганізавана ўпраўленнямі культуры Мінскага, Гомельскага, Гродзенскага аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама. Звыш 480 чалавек пашырылі свае прафесійныя магчымасці, атрымалі новую спецыяльнасць.

У аб’яўленым Кіраўніком дзяржавы Годзе якасці мы павінны прыкладаць далейшыя намаганні па павышэнні творчага ўзроўню нашай дзейнасці, прафесіяналізму спецыялістаў,  паляпшаць культурнае абслугоўванне насельніцтва.

Міністэрства ініцыявала распрацоўку Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі на 2011 — 2015 гг.”, якая павінна стаць стратэгіяй развіцця сферы культуры краіны на сярэднетэрміновую перспектыву. Прыярытэтам застаецца даступнасць культурных каштоўнасцей і паслуг. Мэта — захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, стварэнне спрыяльных умоў для дынамічнага развіцця нацыянальнай культуры, для ўсебаковага развіцця асобы.

Прадугледжваецца стварэнне ўмоў для павелічэння пазабюджэтных даходаў сферы культуры, увядзенне праектнай дзейнасці, больш эфектыўнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў, узмацненне матэрыяльнай базы нашай сферы.

Выкананне прагнозных паказчыкаў на 2010 год — было і застаецца неад’емнай часткай штодзённай працы. Урадам даведзены паказчыкі:

платныя паслугі насельніцтву — 118 — 119 працэнтаў;

паказчык па энергазберажэнні — мінус 6 працэнтаў.

Распрацавана Праграма дзейнасці, якая ўзгоднена з намеснікам Прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімірам Патупчыкам і накіравана ва ўсе абласныя ўпраўленні.

У адпаведнасці з Бюджэтным кодэксам вызначаюцца канкрэтныя меры дзяржаўнай падтрымкі дзейнасці тэатральна-відовішчных арганізацый, паркаў культуры і адпачынку, заапаркаў, арганізацый кінематаграфіі, у сувязі з чым намі распрацаваны і цяпер знаходзіцца на разглядзе ў Міністэрстве фінансаў адпаведны праект Указа Прэзідэнта, які дазволіць забяспечыць стабільную дзейнасць названых арганізацый.

Да ўжо агучанага дадам, што 2010 год Міністэрства культуры плануе абазначыць шэрагам новых праектаў. Асобныя з іх ужо рэалізаваны, у прыватнасці — Навагодні баль у Вялікім тэатры оперы і балета, які знайшоў водгук грамадскасці, калядаванні з удзелам творчага калектыву нашага Універсітэта культуры і мастацтваў у міністэрствах і пасольствах у Мінску. Хочацца таксама адзначыць Навагодні баль у Магілёве, калядныя гулянні, якія прайшлі ў Мінскай вобласці, іншых рэгіёнах рэспублікі. Мы павінны памятаць, што актыўнае вяртанне да традыцый будзе спрыяць і актыўнай самаідэнтыфікацыі, павышэнню нацыянальнай самасвядомасці суграмадзян. Міністэрства прапануе правесці гэтыя акцыі ва ўсіх абласцях рэспублікі напрыканцы 2010-га — пачатку 2011 года.

Важнай грамадска-культурнай падзеяй павінен стаць праект “Культурная сталіца года”. Сімвалічна, што ён распачаўся ў Полацку — сталіцы старажытнага княства, адкуль бяруць вытокі беларускія дзяржаўнасць і культура. У будучым на атрыманне гэтага звання змогуць прэтэндаваць іншыя гарады, што дазволіць значна ўзбагаціць культурную палітру, актывізаваць мясцовыя ініцыятывы і стварыць шырокія ўмовы для даступнасці лепшых здабыткаў нацыянальнай культуры мясцовым жыхарам. Міністэрства звяртаецца да ўсіх прадстаўнікоў рэгіёнаў з запрашэннем прыняць удзел у конкурсе на абвяшчэнне культурнай сталіцы 2011 года. Тэрмін падачы заявак — да 1 чэрвеня.

Важным праектам для нашай сферы павінен стаць культурна-гістарычны турызм з шырокім выкарыстаннем аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, музейных і бібліятэчных устаноў, распрацоўкай і забеспячэннем спецыялізаваных турыстычных і экскурсійных маршрутаў. Важным з’яўляецца рэалізацыя сумеснай пастановы калегіі Міністэрства культуры і Міністэрства спорту і турызму, якая адбылася напрыканцы 2009 года.

Нам неабходна працаваць над стварэннем культурна-турыстычных брэндаў краіны, якія б маглі яскрава і дакладна прадстаўляць яе за мяжой. У якасці ідэі можна прывесці пазіцыянаванне брэнда Беларусі — “Краіна замкаў”.

Важнай справай для сферы культуры ў 2010 годзе стане арганізацыя шырокага святкавання 65-годдзя Вялікай Перамогі — святой для кожнага беларуса даты.

Памятаючы пра наша гістарычнае мінулае, мы плануем адзначыць і 600-годдзе Грундвальскай бітвы. Шэраг мерапрыемстваў пройдзе па краіне, а асноўныя — у Навагрудку.

Мы правядзём нямала імпрэз да 80-годдзя Уладзіміра Караткевіча. Важнай падзеяй павінна стаць усталяванне помніка У.Караткевічу ў Кіеве.

Міністэрству і абласным упраўленням неабходна актывізаваць узаемадзеянне і супрацоўніцтва з творчымі саюзамі. Важную ролю мы надаём узаемадзеянню з Канфедэрацыяй творчых саюзаў…

Для пашырэння грамадскага дыялога ў сферы культуры, паляпшэння ўзаемадзеяння Міністэрства культуры з творчымі саюзамі і дзеячамі культуры наспеў час аднавіць дзейнасць Рэспубліканскага грамадскага савета па справах культуры і мастацтваў пры Міністэрстве культуры.

Спадзяюся на актывізацыю працы экспертных Саветаў, якія дзейнічаюць пры Міністэрстве. Бліжэйшым часам нам неабходна аднавіць працу Рэстаўрацыйнага савета. Неабходна ўзмацніць ролю Савета па манументальным мастацтве ў справах развіцця гэтага жанру як у сталіцы краіны, абласных цэнтрах, так і ў рэгіёнах. Кампетэнцыя Савета павінна распаўсюджвацца і на пытанні ўзвядзення помнікаў за мяжой за кошт бюджэтных сродкаў.

У мэтах павышэння эфектыўнасці работы будзе праведзена аптымізацыя штатнага раскладу цэнтральнага апарата Міністэрства культуры, якая скіравана на ўдакладненне і пераразмеркаванне функцый упраўленняў, павелічэнне супрацоўнікаў, адказных менавіта за справы культуры і мастацтва.

Напрыканцы мінулага года Саветам Міністраў прынята рашэнне аб перападпарадкаванні Дэпартамента кінематаграфіі кіраўніцтву Міністэрства культуры, аб перадачы фінансава-эканамічных і юрыдычных функцый Дэпартамента Міністэрству.

У Міністэрстве будзе павялічана штатная колькасць упраўленняў мастацтваў, устаноў культуры, будзе створаны аддзел канцэртна-фестывальнай дзейнасці, ад якога чакаецца паляпшэнне ўзроўню арганізацыі найважнейшых культурных мерапрыемстваў нашай краіны. Спадзяюся на павелічэнне ролі ў гэтай справе “Белканцэрта” Белдзяржфілармоніі. Будзе створаны аддзел навучальных устаноў і творчай моладзі, праца з якой з’яўляецца прыярытэтнай у сферы культуры. У Міністэрстве з’явіцца і сектар кадравай працы.

Сёння мы працуем над надзвычай актуальнай праблемай стварэння або аднаўлення навукова-даследчага, інфармацыйна-аналітычнага і арганізацыйна-метадычнага цэнтра — Інстытута культуры Беларусі. Інстытут павінен заняцца навукова-метадычным забеспячэннем сферы культуры, распрацоўкай стратэгіі і яе развіцця, больш актыўным прасоўваннем беларускай культуры за мяжой.

Вынікі апошняга сацыялагічнага даследавання Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь паказваюць, што ў структуры каштоўнасных арыентацый моладзі лідзіруючае становішча займаюць матэрыяльны дабрабыт, здароўе і сям’я. Усё гэта, зразумела, важна. Аднак толькі 48 працэнтаў сельскай і 42 працэнты гарадской моладзі паказалі, што сярод важкіх каштоўнасцей пазіцыянуецца… культура. Такая сітуацыя не можа задавальняць.

Павінна адбывацца паляпшэнне інфармацыйнага забеспячэння дзейнасці сферы культуры за кошт максімальнага напаўнення інфармацыйнай прасторы падзеямі культурнага жыцця, пашырэння рэкламнага забеспячэння. У Міністэрстве будзе ўведзена пасада прэс-сакратара.

З мэтай больш поўнага асвятлення актуальных пытанняў развіцця сферы культуры плануецца рэалізаваць шэраг сумежных праектаў з беларускімі тэлеканаламі.

 Трэба адзначыць важную ролю газеты “Культура”, якая сёння з’яўляецца найбольш запатрабаванай. У 2009 годзе “Культура” ўвайшла ў тройку лепшых цэнтральных выданняў краіны па выніках V Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ. На базе рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура і мастацтва” будзе створаны Інфармацыйны цэнтр.

Плануецца таксама мадэрнізацыя Банка даных аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з сучаснымі нормамі стварэння інфармацыйных рэсурсаў.

У працэсе фарміравання пазітыўнага іміджу Беларусі за мяжой мы мяркуем рэалізоўваць сумесныя праекты з Міністэрствам замежных спраў Беларусі, беларускімі і замежнымі дыпламатычнымі ўстановамі. Важна праводзіць актыўную працу па пашырэнні супрацоўніцтва з беларусамі замежжа.

З улікам прыярытэтнасці развіцця сферы культуры ўнутры рэспублікі Міністэрства культуры адначасова плануе прадоўжыць дзейнасць, скіраваную на развіццё супрацоўніцтва ў галіне культуры з суседнімі краінамі, краінамі— стратэгічнымі партнёрамі Беларусі, і ў рамках ініцыятывы ЕС “Усходняе партнёрства” з выкарыстаннем дадатковых фінансавых магчымасцей.

Цягам 2010 года Міністэрства з улікам сваіх рэальных магчымасцей плануе правядзенне Года культуры Беларусі ў Расіі, Дзён культуры Беларусі ў Арменіі, Венгрыі, Кітаі, Літве, Славеніі і Дзён культуры Казахстана і Туркменістана ў Беларусі.

Абсалютна натуральным асяроддзем для пашырэння выкарыстання беларускай мовы з’яўляецца наша сфера — сфера культуры. Развіццё нашай культуры ўзаемазвязана з развіццём нацыянальнай мовы. Пры гэтым важна падкрэсліць, што ў гэтай справе недапушчальным з’яўляецца прымус. Гэта павінен быць натуральны шлях усведамлення асобай патрэбы захавання мовы. Паводле вынікаў сацыялагічнага даследавання, праведзенага ў мінулым годзе Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі Прэзідэнта, палова жыхароў падтрымлівае больш шырокае выкарыстанне беларускай мовы. Зразумела, што пры рэалізацыі гэтай, як і любой іншай ідэі, не павінна быць хібаў.

Спадзяюся, што расстаўленыя акцэнты па найбольш важных накірунках развіцця сферы культуры знойдуць водгук і разуменне ў падыходах да якаснай працы. І тут нельга не працытаваць словы Прэзідэнта краіны, які падкрэсліў: “…Асаблівую ўвагу будзем надаваць захаванню і развіццю духоўна-культурнай сферы грамадства… Гэтыя тонкія матэрыі не даюць непасрэднага ўкладу ў эканоміку, але менавіта яны вызначаюць клімат у нашым грамадстве, забяспечваюць яго адзінства і цэласнасць”.

Несумненна, 2010 год будзе багаты на культурныя падзеі ў нашай краіне. Вельмі важна, каб мы прадоўжылі актыўную падтрымку культуры ў рэгіёнах, далі новае аблічча традыцыйным цэнтральным мерапрыемствам, скіравалі сваю ўвагу на неабходнасць узмацнення працы па захаванні матэрыяльнай спадчыны краіны, патрэбу аднаўлення і развіцця самабытных беларускіх традыцый, стварэння дадатковых магчымасцей для развіцця прафесійнага мастацтва,далі новы штуршок у развіцці нацыянальнага кіно, скіравалі намаганні на неабходнасць далейшага павышэння ўзроўню падрыхтоўкі кадраў.

Запатрабаванымі будуць новыя ідэі, праекты, крэатыўныя падыходы. Зроблена шмат, але застаецца і невычэрпны патэнцыял.

 

 

Ад рэдакцыі.

 Пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры, дзе ішла гаворка пра выкананне галіновай праграмы “Захаванне і развіццё культуры Рэспублікі Беларусь на перыяд 2006 — 2010  гг.” і задачы арганізацый культуры на 2010 год, было дынамічным па сваім ходзе і  вострым па надзённасці праблем, што ўзнімаліся ў прамове міністра, у спрэчках па яе  абмеркаванні, у кулуарных гутарках шматлікіх удзельнікаў, якія напоўніцу прадставілі культуру і  мастацтва сённяшняй Беларусі. Былі імправізаваныя, пазарэгламентныя выступленні. Прадстаўнікі міністэрстваў фінансаў, надзвычайных сітуацый, іншых ведамстваў і арганізацый гаварылі пра ўзаемадзеянне дзяржаўна-гаспадарчых структур з арганізацыямі культуры, аналізавалі праблемныя нюансы, прапаноўвалі перспектыўныя кірункі творчых стасункаў.

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка падкрэсліў напрыканцы пасяджэння, што залог поспеху — у партнёрскіх адносінах. А кожная прапанова, якая  прагучала пад час выніковай калегіі ад работнікаў культуры, прадстаўнікоў іншых ведамстваў,  Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама парламентарыяў , будзе ўважліва прааналізавана і ўнесена ў праект рашэння калегіі. Па словах міністра, пад увагу ўзяты ўсе праблемныя моманты, якія сёння хвалююць кожнага работніка сферы. І выкананне задач, пастаўленых Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Урадам нашай краіны, стане сёлета гэткім жа няўхільным абавязкам, як і летась.