Багатырскія Сілічы

№ 4 (924) 23.01.2010 - 29.01.2010 г

Багатыя на займальныя і павучальныя сюжэтныя лініі, легенды і паданні з’яўляюцца ці не аднымі з самых цікавых і яркіх жанраў народнай творчасці. Часам даволі цяжка вызначыць дакладную мяжу паміж тым, якая гісторыя — праўдзівая, а якая — плён фантазіі калектыўнага аўтара. Лагойскі даследчык мінуўшчыны Яўген Ганчарэнка за гады руплівай працы сабраў цыкл народных аповедаў раёна. Большасць з іх мае рэальную гістарычную аснову.

Адна з найбольш сучасных легенд гэтага краю, якая ўзнікла ў мінулым стагоддзі ўжо ў пасляваенны час, — гісторыя пра “Залатое возера”, а дакладней — цыганку, што ўратавалася з фашысцкага канцлагера з маленькім дзіцем, якога страціла, калі па загадзе нямецкага афіцэра вымушана была прайсці праз возера ў вёсцы Чудзенічы. Мясцовыя людзі сцвярджаюць, што цыганка наведвалася сюды, на месца гібелі сына, і пасля, у адчаі, пракляла возера, якое ў выніку высахла.

 З пакалення ў пакаленне ў жыхароў вёскі Ганявічы перадаецца легенда, што тлумачыць паходжанне назвы Дзямідавай гары, якая ўзвышаецца над гэтым паселішчам. Пад час напалеонаўскага нашэсця рухаліся па бліжнім тракце ў бок Зембіна рускія войскі. Быў сярод іх і паранены лекар па прозвішчы Дзямідаў, якога камандзіры вырашылі пакінуць у Ганявічах пад апекай мясцовых жыхароў, перадаўшы ім запас харчоў, крыху лекаў, а таксама каня і вазок. Пры чулым даглядзе добрых людзей Дзямідаў пайшоў на папраўку, а калі ачуняў, літаральна штодня праводзіў у лесе ці на паплавах, збіраючы гаючыя зёлкі. Да яго па дапамогу звярталіся вяскоўцы, і рускі лекар нікому не адмаўляў.

Як сведчыць гісторыя, аднаго разу ў суседніх Швабах здарыўся жудасны пажар, пад час якога моцна пацярпела малое хлапчаня, а ягоныя бацькі загінулі ў агні. Над хлопчыкам злітавалася дзяўчына па імені Марыя, дачка вясковага старасты. Яна забрала малога да сябе, выклікала лекара. Паколькі хлопчык быў у цяжкім стане і чакалася працяглае лячэнне, Марыя ўгаварыла лекара застацца ў іхнім доме. Завіхаючыся разам каля хворага дзіцяці, маладыя людзі душэўна зблізіліся, пакахалі  адно аднаго. Але ў бацькі наконт дачкі быў свой намер: ён меркаваў выдаць яе замуж за багатага жаніха з суседняй вёскі. Наведаўшыся чарговы раз у Швабы, апошні дазнаўся пра заляцанні лекара да Марыі і над непакорнай дзяўчынай учыніў гвалт, пасля чаго тая, зняслаўленая, утапілася ў Гайне. Дзямідаў жа вярнуўся ў Ганявічы і знайшоў прытулак у лесе непадалёк ад вёскі, на высокай гары, дзе зладзіў хацінку. Як і раней, да яго прыходзілі хворыя людзі, і ён іх ахвотна лячыў. Вяскоўцы раілі яму жаніцца, абяцалі талакой збудаваць у Ганявічах хату, толькі той не даў згоды.

 Аднойчы пачулі людзі жудаснае выццё, падобнае да ваўчынага, што даносілася з таго боку, дзе пасяліўся лекар. Адправіліся туды паляўнічыя, і калі наблізіліся да хаціны, то ўбачылі каля ганка сабаку, які, задраўшы морду, моцна выў. У хатцы на падлозе ляжаў нежывы лекар. Менавіта тут, на гары, яго і пахавалі…

Ёсць у зборы Яўгена Ганчарэнкі і легенда, звязаная з вёскай Сілічы, славутай цяпер, паколькі яе назву носіць і гарналыжны комплекс. Распавядаюць, пад час чарговага спусташальнага нашэсця крымскіх татар на Лагойск Сымон, адзін з жыхароў вёскі, які страціў родных, прывёў у сваю хату маладую татарку, уратаваўшы яе ад раз’юшаных жаўнераў, што перамаглі ворагаў. Так і засталася чужаніца жыць у гэтага чалавека, да якога прыкіпела душой. Суседзі злосна папракалі Сымона, таму і вырашыў чалавек перабрацца падалей ад людскіх вачэй. За блізкім лесам ён нагледзеў прыдатную мясціну, зрабіў зямлянку. Ды толькі жыць у сырасці было зусім немагчыма, таму і наважыўся Сымон збудаваць сабе  хаціну. А для гэтага прыладзіўся пляжыць сосны ў панскім лесе, а бярвенне на плячах выносіць  на ўзлесак. Але ў хуткім часе данеслі пра самавольца пану, і той вырашыў падпільнаваць асілка, што арудуе ў ягоным лесе. І быў неймаверна здзіўлены, калі на яго вачах мужык паваліў долу векавую сасну і павалок на сабе таўшчэзнае бервяно. Паслаў пан дваццаць сваіх слуг, каб схапілі нахабніка і прывялі да яго. Але Сымон раскідаў іх, бы кацянят, а сам з’явіўся з павіннай. Ды пан не стаў яго караць, наадварот, загадаў, каб адшукалі ў навакольных вёсках дзесятак самых дужых мужыкоў і збудавалі для іх хаты побач з Сымонавай. Так і ўзнікла новае паселішча, своеасаблівая багатырская вёска, якой далі назву “Сілічы” —  у гонар яе першых насельнікаў.

 Віктар НЕСЦЯРОВІЧ,

краязнаўца Лагойск