Правакацыйны пазл “Масакры”

№ 4 (924) 23.01.2010 - 29.01.2010 г

Андрэй Кудзіненка: “сам-насам” з фільмам

/i/content/pi/cult/247/3577/13-.jpg
 
Сустрэцца з Андрэем КУДЗІНЕНКАМ для гутаркі ў гэтыя  дні было вельмі складана. Гэтаму ёсць тлумачэнне: адзін з самых актыўных беларускіх рэжысёраў свайго пакалення застаўся “сам-насам” з матэрыялам свайго новага твора з загадкава-прывабнай назвай — “Масакра”. Пра здымкі гэтай стужкі пісалі бадай усе сродкі масавай інфармацыі  нашай краіны, у тым ліку “Культура”. Сёння, калі мінулі жарсці здымачнага перыяду, акцёры раз’ехаліся па сваіх тэатрах, аператар можа адпачываць да наступнай работы,  рэжысёр толькі-толькі заглыбіўся ў матэрыял, адкрывае яго наноў, з першых варыянтаў чарнавога мантажу, злепленых “на каленцы” ў палявых умовах, спрабуючы скласці канчатковы пазл будучай карціны. Задача, трэба сказаць, не з простых. Але з усіх тых, хто сёння працуе ў нашым кіно, менавіта ў Андрэя Кудзіненкі найвялікшыя шанцы дасягнуць выніку. Выхаванец апошняга курса Віктара Турава, ён заўсёды рухаецца ў напрамку сапраўднага кінамастацтва, хай дзеля гэтага і даводзіцца ісці на творчыя кампрамісы. Хаця “серыяльны” маскоўскі досвед толькі дапамог “абрасці” сувязямі і атрымаць вядомасць. Знакаміты Павел Лунгін узяў Кудзіненку пад сваё крыло: знятая ў Расіі і паказаная ў межах фестывалю “Кінатаўр” стужка “Розыгрыш” з удзелам зорак расійскага кіно атрымала досыць вялікі рэзананс і забяспечыла аўтару пераход у “вышэйшую” рэжысёрскую лігу. Калі казаць пра нейкі асаблівы “стыль  Кудзіненкі”, то, безумоўна, трэба адзначыць жаданне рэжысёра абавязкова здзівіць гледача, “справакаваць” яго на эмоцыі. У пакуль небачанай нікім “Масакры” здзіўляюць нават абставіны здымак. З іх і пачалася наша  размова.

 

Магія здымачнай пляцоўкі

 

 — Асноўная частка здымачнага перыяду “Масакры” праходзіла ў закінутым палацы ля вёскі Жалудок, што на Шчучыншчыне. Чаму трэба было “забірацца” так далёка ад Мінска?

— Палац у Жалудку вельмі цікавы, ідэальна адпавядаў нашай задуме. Забудова шмат пацярпела, але ў ёй захаваўся дух старажытнасці, таго самага ХІХ стагоддзя, калі адбываюцца падзеі стужкі. Цікава, што ў будынку часткова засталіся старыя вокны, аздабленне. Некалькі гадоў таму туды прыязджалі нашчадкі колішніх яго гаспадароў: хацелі нешта рабіць з палацам, адрамантаваць, але гэта пакуль засталося толькі  ў планах. А вось нашай камандзе давялося папрацаваць, перш чым распачаць самі здымкі. І так пашанцавала, бо знайсці патрэбную натуру вельмі цяжка, былыя маёнткі — ці адрэстаўраваныя, ці ў заняпадзе. Здымаць жа ў павільёнах па сённяшнім часе не дазволіў бюджэт стужкі...

— Старыя будынкі часта маюць асаблівую ауру…

— Так. У нашага палаца яна дакладна ёсць; старасвецкі дух адчулі ўсе. Больш за тое, нам увесь час быццам нешта дапамагала: снег выпаў дакладна ў той дзень, калі быў патрэбны, без цяжкасцей прайшлі найскладаныя здымкі сцэны пажару ў палацы,не здаралася ніякіх затрымак з транспартам, накладак з акцёрамі…

— Расійскія акцёры адчулі дух мінуўшчыны, а ці заглыбіліся ў матэрыял?

— Выканаўца галоўнай ролі Дзмітрый Мілер нават навучыўся размаўляць па-беларуску! І, трэба адзначыць, вымаўляў ён свой тэкст не горш за беларускіх акцёраў.

— Дарэчы, чаму нельга было абмежавацца айчыннымі артыстамі?

— Таму, што патрэбных акцёрскіх тыпажоў у нас папросту не знайшлі. Беларусь — невялікая краіна, выбар  тут — адпаведны. Галоўны герой “Масакры” — граф. Ён мае не толькі прывабны знешні выгляд, але і б’ецца на шпагах, скача на конях. Патрэбнага выканаўцу не знайшлі нават у Польшчы. А Дзмітрый Мілер цудоўна падыходзіць для ролі. Тое ж тычыцца і Марыі Курдзяневіч, і Андрэя Назімава. Нашых жа акцёраў таксама шмат: Святлана Зелянкоўская, Аляксандр Колбышаў, Сяргей Журавель, Аксана Лясная… А Івану Іванавічу Мацкевічу, сапраўднаму сімвалу беларускага ваеннага кіно, наша кампанія і здымкі прышліся так даспадобы, што ён нават  напісаў песню ў адказ на тую, якуюстварылі маладыя акцёры! Вось, цяпер маем намер уставіць гэтыя песні ў музычнае суправаджэнне “Масакры”. Дарэчы, плануецца, што  саундтрэкам будзе займацца  кампазітаравангардыст Сяргей Пукст.

 

Разбурыць стэрэатыпы

 

— “Масакра” — гэта яшчэ і авангарднае мастакоўскае рашэнне. Ты задаволены яго вынікам?

— Цалкам. Закінуты палац  ператварыўся ў “жывы” ў самы кароткі тэрмін. Яго сцены ўпрыгожаны партрэтамі, сярод якіх — вядомыя нам па Нацыянальным мастацкім музеі выявы Радзівілаў. Паводле сцэнарыя, уладары палаца — у роднасці з гэтай знакамітай фаміліяй, адсюль і наяўнасць у кадры партрэтаў. Першапачаткова візуальнае і сэнсавае рашэнне “Масакры” задумвалася інакш. Мы хацелі сапраўднага постмадэрнізму, кшталту таго, які быў у стужках Дэрэка Джармена: гэта значыць, у кадр траплялі б сучасныя прадметы, жорсткай прывязкі да пэўнай эпохі не павінна было быць. Дакладны час дзеі дасюль не вызначаны. Ёсць задума суправадзіць пачатак цітрамі ў стылі назваў стужак Серджыо Леоне. Тэрмін “бульбахорар”, якім мы заінтрыгавалі публіку, — гэта сінтэз мноства жанраў. У “Масакры” знойдзецца месца і камедыі, і драме. Спадзяюся, глядач гэта ацэніць.

— Шмат хто з моладзі аддае перавагу замежным стужкам толькі з-за таго, што яны замежныя... Якім чынам, на тваю думку, магчыма разбурыць стэрэатыпы ў адносінах да айчыннага кіно?

— Асабіста ў мяне ніякага стэрэатыпу ніколі не было: з дзяцінства

звяртаў увагу на стужкі з маркай “Беларусьфільм”, мэтанакіравана ішоў на фільмы пра вайну, якія, упэўнены, лепш за нас ніхто ў Саюзе не здымаў. Зацікавіць аўдыторыю можна толькі здымаючы цікавае, ні на што не падобнае кіно, прывабліваючы эмоцыямі і жывымі пачуццямі. Дакладнага “рэцэпту” тут няма. Папулярнасць айчыннага кіно залежыць не толькі ад якасці карцін, але і ад таго, як яны “прасоўваюцца”, ад маркетынгавых высілкаў студыі. Мы плануем хутка заняцца шырокамаштабным праектам, найперш, у Інтэрнеце: зрабіць цікавы, інтэрактыўны сайт-гульню, прысвечаны стужцы, далучыць да гэтай кампаніі найбольш актыўную катэгорыю карыстальнікаў Сусветнага Павуціння. У сучасным кіно шмат залежыць ад таго, як будзе арганізавана рэклама, піар, пабудавана маркетынгавая стратэгія.

— Планавалася, што “Масакра” стане праектам сумеснай вытворчасці Беларусі, Расіі ды Польшчы, але ў выніку карціна рыхтуецца цалкам спецыялістамі “Беларусьфільма”... Па ўсім, і нюансы сюжэта цалкам будуць зразумелыя найперш беларусам...

— Так, “Масакра” будзе лепш за ўсё зразумела менавіта беларусам. Але, упэўнены,  знойдзе гледача і за мяжой.

— Колькі гадоў ты працуеш са сцэнарыстам “Масакры” Аляксандрам Качаном, які цяпер жыве ў Кіеве. Ведаю, як нялёгка знайсці цікавы сцэнарый. Якім жа чынам можна вырашыць “сцэнарную праблему”?

— Трэба больш увагі надаваць сцэнарыстам, умовам іх працы і ганарарам. Добры сцэнарый нельга напісаць за тыдзень— над ім працуюць цягам трох— шасці месяцаў. Сцэнарыст жа пры гэтым не павінен шукаць грошы на жыццё.

 

Які серыял будзе   мець поспех?

 

— У гэтыя дні чэргі людзей ва ўсім свеце выстройваюцца да кас кінатэатраў, дзе дэманструюць стужку “Аватар”. Гэтая карціна — сапраўдны трыумф камп’ютэрных тэхналогій. Наколькі разумею, у “Масакры” спецэфектаў не будзе: стужка зроблена па традыцыйных “рэцэптах”?

— Камп’ютэрныя эфекты ў “Масакры” ўсё-такі з’явяцца, але — мінімальныя. Усё проста: ні беларускія, ні расійскія спецыялісты з Галівудам у гэтым сэнсе пакуль спаборнічаць не могуць. Але я лічу, што спецэфекты патрэбны толькі як дапамога, каб падкрэсліць сэнс стужкі. Калі аўтарам няма чаго сказаць, дык навошта ім спецэфекты? Адваротны выпадак: карціны, якія “падстройваюцца” пад “звычайнае” жыццё, эксплуатуюць дасягненні “новых хваляў” пяцідзесяцігадовай даўніны. Ці ж можна мець маральнае права расказваць пра жыццё падлеткаў з ускраін, бавячы вольны час у шыкоўным рэстаране ў цэнтры сталіцы за бакалам дарагога віна?

— Дзесяць гадоў таму ты казаў, што твой любімы рэжысёр — пачынальнік французскай “новай хвалі” ЖанЛюк Гадар, а ён якраз і пачынаў са здымак кіно пра жыццё ўскраін...

 — Гадара люблю і цяпер, бо ён сапраўдны “рэжысёр для рэжысёраў”. Яго стужкі, складаныя для большасці гледачоў, — невычэрпная крыніца мастацкіх прыёмаў. Але з гледачом трэба размаўляць на ягонай мове, трапна і дакладна.

— Яшчэ адзін геній кіно — брытанец Пітэр Грынуэй сцвярджае, што з 1982 года, калі вынайшлі пульт дыстанцыйнага кіравання  тэлевізарам, мастацтва кіно ў традыцыйным разуменні знікла. Ці не варта звярнуць больш увагі на тэлевізійную аўдыторыю, тым больш, што ў апошні час у “Беларусьфільма” ў гэтым кірунку з’явіўся станоўчы досвед?

— Тэлевізійны фармат мяне не пужае, бо некалькі гадоў таму зняў некалькі серый папулярнай стужкі “Кадэты”.

— Як паказвае практыка іншых краін, мастацкія прыёмы, адкрытыя ў кіно для вялікага экрана, прывабліваюць і гледача на экране малым. Так, вялікі рэйтынг мае серыял “Школа”, зняты ў стылістыцы “новай хвалі”, які дэманструецца цяпер на адным з расійскіх тэлеканалаў і апавядае гісторыі з жыцця настаўнікаў і вучняў адной са школ на ўскраіне Масквы. Як ты мяркуеш, калі мы запусцім, скажам, серыял “Шабаны”, ён будзе мець поспех?

— Цудоўная ідэя! Мяркую, што шанцы на поспех такой стужкі будуць вельмі вялікія!

 

Гутарыў Антон СІДАРЭНКА